У Чавускім раёне стартаваў першы водны паход «Мой край Прыдняпроўскі: маршрутамі памяці». Ён арганізаваны ў рамках абласнога праекта #Мая_зямля_Прыдняпроўе. Старт адбыўся каля памятнага знака савецкім воінам, якія загінулі на рацэ Проня ў баях 1943-1944 гадоў. Як паведамілі арганізатары, юныя турысты пераадолеюць шлях ад Чавускага раёна да Слаўгарадскага з трыма прыпынкамі, у якіх адзначацца па загадзя зададзеных каардынатах, а пасля вяртання з паходу складуць справаздачу.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Ірына Кускова лічыць, што тры дні паходу згуртуюць удзельнікаў з розных куткоў Магілёўскай вобласці і яны стануць сапраўднай камандай.
— Сам маршрут паходу асаблівы, — удакладніла яна. — Удзельнікі праплывуць па Проні, якая памятае кожнага загінулага за свабоду нашай зямлі. Паход дасць магчымасць пашыраць веды аб Прыдняпроўі, падорыць незабыўныя эмоцыі і ўражанні.
Пра важнасць паходу нагадаў і загадчык аддзела турызму, спартыўнага арыентавання і экскурсій Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці Цімур Кажагулаў.
— У такіх паходах удзельнікі вучацца праяўляць узаемадапамогу, цярплівасць, дапытлівасць, — рэзюмаваў ён. — А вячэрняя праграма гэта яшчэ і краязнаўчыя конкурсы і сустрэчы, якія дапамагаюць больш даведацца пра гісторыю роднага краю. Заўсёды маршрут паходу праходзіць па месцах баёў Вялікай Айчыннай вайны, а значыць, удзельнікі маюць магчымасць ушанаваць подзвіг прадзедаў, якія перамаглі фашызм. Кожны новы дзень паходу — гэта маленькае адкрыццё, якое пашырае кругагляд юных турыстаў і робіць іх больш дасведчанымі і адказнымі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці