Top.Mail.Ru

Сёлета Усебеларускаму народнаму сходу — 30 гадоў

Умацаванне адзінства народа і абарона інтарэсаў дзяржавы 


У Нацбібліятэцы прайшоў круглы стол «Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — фундаментальная аснова грамадзянскай згоды і грамадскага развіцця», прысвечаны 30-годдзю УНС.

Традыцыю абмеркавання ключавых пытанняў краіны паклаў I Усебеларускі народны сход, які адбыўся 19–20 кастрычніка 1996 года ў Мінску. Гэта быў перыяд, калі Беларусь перажывала наступствы распаду Савецкага Саюза і шукала самастойны шлях развіцця. На першым УНС была прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 1996–2000 гады, адобрана ініцыятыва беларускага лідара па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, які прадугледжваў унясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс», — дэвіз першага сходу стаў вызначальным і ў далейшым. Усе наступныя разы дэлегаты збіраліся менавіта з той жа мэтай — прыняць ключавыя для краіны рашэнні. Не выключэннем стаў і апошні, сёмы Усебеларускі народны сход, які прайшоў у новым — канстытуцыйным — статусе. 

У круглым стале ўзялі ўдзел члены Прэзідыума УНС, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі, суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, прадстаўнікі рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў, прафесійных саюзаў.

«Патэнцыял УНС у справе паспяховых канстытуцыйна-прававых пераўтварэнняў яшчэ не вычарпаны»

Як адзначыла намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вольга ЧУПРЫС, існаванне Усебеларускага народнага сходу сімвалізуе інстытуцыянальную самабытнасць і нацыянальную прававую ідэнтычнасць Рэспублікі Беларусь. «Гаворачы словамі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, УНС з’яўляецца сучасным увасабленнем найстаражытнейшай традыцыі славянскай дэмакратыі, да якой кіраўніку дзяржавы давялося непасрэдна звяртацца ў складаныя перыяды развіцця краіны, — канстатавала яна. — Так, рашэнне склікання УНС было прынята Прэзідэнтам у далёкім 1996 годзе для вырашэння канстытуцыйнага крызісу і вывядзення краіны з раздарожжа. Праз 30-годдзе можна ўсвядоміць каштоўнасць такога рашэння не толькі для таго пераломнага моманту, але і ў цэлым для будучыні Беларусі». 

Вольга Чупрыс агучыла цікавы факт: Усебеларускі народны сход мог мець іншую назву. «У архіўных матэрыялах, якія захоўваюцца ў Адміністрацыі Прэзідэнта, фігуравала назва „Беларускі нацыянальны кангрэс“, — расказала намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Аднак менавіта тэрмін „сход“ у кантэксце „ўсебеларускі“ ўказвае на славянскія і народныя вытокі гэтага органа».

Вольга Чупрыс адзначыла ролю УНС у гарманізацыі і пашырэнні прасторы права. «У 1996 і 2021 гадах менавіта на пасяджэннях сходу былі зададзены арыенціры канстытуцыйных пераўтварэнняў, якія пазней былі вынесены на рэферэндум і падтрыманы насельніцтвам, — удакладніла яна. — Мяркую, што патэнцыял УНС у справе паспяховых канстытуцыйна-прававых пераўтварэнняў яшчэ не вычарпаны».


Як звярнуў увагу старшыня Канстытуцыйнага Суда Сяргей СІВЕЦ, ужо вось як чатыры гады беларусы жывуць у адпаведнасці са змяненнямі і дапаўненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю, працягваючы выбудоўваць новую архітэктуру палітычнага ўладкавання. «Адну з ключавых роляў тут іграе Усебеларускі народны сход як прадстаўнічы орган народаўладдзя, які вызначае стратэгічнае развіццё грамадства і дзяржавы, забяспечвае абарону канстытуцыйнага ладу, народнае адзінства і пераемнасць пакаленняў, — лічыць ён. — За гэтыя чатыры гады назапашаны пэўны вопыт работы УНС у новым канстытуцыйным статусе, прыняты праграмныя дакументы: Ваенная дактрына, Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі, Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026–2030 гады».

Ключавым элементам, які непасрэдна інтэграваны ў структуру Усебеларускага народнага сходу, па словах Сяргея Сіўца, з’яўляюцца суб’екты грамадзянскай супольнасці. Апошнія складаюць трэцюю частку дэлегатаў УНС. Старшыня Канстытуцыйнага Суда адзначыў, што, у адпаведнасці з абноўленым заканадаўствам, суб’ектам грамадзянскай супольнасці дадзены шырокія паўнамоцтвы. «Гэта і сустрэчы з працоўнымі калектывамі, і ўнясенне грамадзянскіх ініцыятыў, і работа з органамі дзяржаўнай улады і кіравання», — канкрэтызаваў ён.

«Дэлегаты УНС заўсёды імкнуліся да стваральнай працы» 

Па словах начальніка Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу Валерыя МІЦКЕВІЧА, уяўляе цікавасць вопыт работы дэлегатаў УНС, найперш прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, на месцах. Асабліва пасля таго, як сход набыў канстытуцыйны статус. 

«Дэлегаты УНС заўсёды імкнуліся да стваральнай працы, развіцця на карысць народа і будучыні краіны, нягледзячы ні на якія перыпетыі, — заўважыў Валерый Міцкевіч. — Менавіта таму асабліва важна мець зваротную сувязь з дэлегатамі. Яны як прадстаўнікі шматлікіх сацыяльных груп бачаць праблемы, якія існуюць, і здольныя прапанаваць іх вырашэнне. Не тыя, якія адарваныя ад рэчаіснасці, а і практычныя, запатрабаваныя». 

Гаворачы аб рабоце інстытута УНС у цэлым, начальнік Сакратарыята Усебеларускага народнага сходу падкрэсліў, што крок за крокам беларускі народ разам прымаў лёсавызначальныя для краіны рашэнні, выбудоўваў айчынную палітычную архітэктуру, уласны эканамічны курс, пацвярджаў прыхільнасць традыцыйным каштоўнасцям і сацыяльным арыенцірам.

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю