Top.Mail.Ru

Віцебскія маляванкі прадставяць на выставе ў Маскве

Віцебскія маляванкі прадставяць на выставе ў музеі-запаведніку «Царыцына» ў Маскве. Аб гэтым БелТА паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.


«У рамках вялікага маштабнага маскоўскага праекта „Ненаіўнае наіўнае. Мастацтва па-за правіламі“ ў музеі-запаведніку „Царыцына“ будзе працаваць сатэлітная выстава, якая прадстаўляе вялікі збор маляванак. Сярод 50 работ пачэснае месца зоймуць маляванкі з Віцебскай вобласці. У Расіі іх называюць „распісныя насценныя дыванкі“. З фондаў Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці будзе прадстаўлена каля дваццаці арыгінальных маляванак. Маскоўскай публіцы іх пакажуць упершыню», — расказала мастацкі кіраўнік цэнтра Вольга Сергіенка.


Гэты від творчасці развіваўся на аснове векавых традыцый — вышыўкі і ткацтва, таксама распісвалі куфары. Пазней прыйшлі да больш простага спосабу дэкарыравання інтэр’ера. «У гады актыўнай перабудовы вёскі з’явілася магчымасць паляпшэння жылля, што выклікала неабходнасць упрыгожваць прастору з дапамогай распісных дыванкоў», — растлумачыла Вольга Сергіенка.

Росквіт гэтага напрамку прыпаў прыкладна на 1920-60-я гады. Маляванкі распісвалі алейнымі або клеявымі фарбамі дамашняга прыгатавання, выкарыстоўваючы набойку або трафарэт, калі палатно вялікае.


Вольга Сергіенка адзначыла, што гэты від творчасці быў асабліва развіты ў Віцебскай і Мінскай абласцях. Значную спадчыну ў гэтым жанры пакінуў мастак-прафесіянал Язэп Драздовіч. «Віцебскія работы маюць свае характэрныя рысы: тут пераважаюць буйнафарматныя кампазіцыі, на якіх намаляваны букеты ў вазах або кашолачках, перавязаных стужачкай, а таксама птушкі, сюжэтныя сцэны з людзьмі, напрыклад, дзяўчынка ў прыгожым капялюшыку на паляне», — расказала мастацкі кіраўнік.

Выстава адкрыецца 31 ліпеня і прадоўжыцца да 18 кастрычніка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю