Top.Mail.Ru

Віртуальнага пацыента распрацавалі ў Беларусі

Віртуальнага пацыента «Медэкзам» для навучання студэнтаў медыцынскіх ВНУ і атэстацыі ўрачоў распрацавалі ў Беларусі. Распрацоўка Віцебскага дзяржаўнага ордэна Дружбы народаў медыцынскага ўніверсітэта і аднаго з рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій прадстаўлена на выставе «Ахова здароўя Беларусі», якая праходзіць у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры, паведаміла БелТА.


«Сёння для фарміравання клінічных кампетэнцый студэнтаў старшых курсаў і ўрачоў недастаткова працаваць толькі ў клінічных умовах. Неабходна праводзіць дыягностыку і лячэнне пацыентаў у сімуляваных умовах. Таму існуюць сімуляваныя пацыенты», — растлумачыў начальнік сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра Віцебскага медуніверсітэта, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт Віктар Радненка.

Аднак, заўважыў ён, многія замежныя сімулятары маюць абмежаваны набор клінічных сцэнарыяў, а схемы лячэння не адпавядаюць пратаколам Міністэрства аховы здароўя, канонам прапедэўтыкі, па якіх навучаюцца беларускія ўрачы.

«Таму з’явілася ідэя стварыць уласнага сімуляванага пацыента. Ідэю рэалізавалі з дапамогай рэзідэнта ПВТ. Атрымаўся добры прадукт, які мы выкарыстоўваем для навучання нашых студэнтаў і ўрачоў», — сказаў Віктар Радненка.


Унікальнасць гэтай праграмы і адрозненне ад іншых аналагічных сімулятараў, адзначыў начальнік сімуляцыйна-атэстацыйнага цэнтра, заключаецца ў тым, што платформа адкрытая, якая дазваляе насычаць праграму любой колькасцю сцэнарыяў рознай ступені складанасці. Пакуль напрацавана 12 сцэнарыяў, але праграма пашыраецца.

Акрамя гэтага, віртуальнага пацыента вельмі зручна выкарыстоўваць для дэбрыфінгу — аднаго з найважнейшых элементаў навучання ўрача. Пасля праходжання сімуляцыйнага сцэнарыя разбіраюцца памылкі. Спецыяльная сістэма для правядзення дэбрыфінгу кантралюе правільнасць правядзення лячэння, дыягностыкі, парадак выканання працэдур. 

Больш за тое, віртуальнага пацыента можна выкарыстоўваць для вызначэння кампетэнцый будучага ўрача, гэта значыць у якасці экзаменацыйнай праграмы. Віктар Радненка дадаў, што ўжо ў чэрвені ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце ўпершыню будзе праведзены экзамен — пакуль у пілотным варыянце — па вызначэнні рэальнай гатоўнасці ўрачоў-інтэрнаў да аказання медыцынскай дапамогі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю