Top.Mail.Ru

Віды Паміра і сонечнае святло: выставай сучасных мастакоў Таджыкістана распачаліся Дні культуры гэтай краіны ў Беларусі

Сёлета спаўняецца 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Таджыкістан. Увесь гэты час паміж краінамі былі даволі актыўныя культурныя кантакты, напрыклад, у канцы 2024 года з поспехам прайшлі Дні культуры Беларусі ў Таджыкістане. Зараз візіт у адказ, у рамках якога запланаваны маштабныя мерапрыемствы, што адбудуцца 27 і 28 красавіка. 


Дэлегацыя з Таджыкістана прыехала даволі прадстаўнічая. Акрамя твораў выяўленчага мастацтва госці прадставяць свае фільмы, пазнаёмяць з творчымі калектывамі. І як прадстаўнікі адной са старажытных кніжных культур свету, члены таджыкскай дэлегацыі прывезлі знакавыя выданні — міністр культуры Рэспублікі Таджыкістан Матлубахон Сатарыён уручыла іх беларускаму калегу Марату Маркаву падчас адкрыцця выстаўкі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і падкрэсліла:


— Сімвалічна, што менавіта ў гэтым храме мастацтва мы прадстаўляем гледачу яркі, жывы і сапраўдны вобраз сучаснага таджыкскага мастацтва. Хачу адзначыць, што імкліваму развіццю культурных сувязяў паміж нашымі краінамі садзейнічае адкрытая і дружалюбная палітыка лідараў нашых дзяржаў. Таджыкістан — краіна з тысячагадовай культурнай гісторыяй. Мы ганарымся сваімі паэтамі, філосафамі, майстрамі прыкладнога і выяўленчага мастацтва, чыя спадчына займае годнае месца ў скарбніцы сусветнай цывілізацыі. Мастацтва Таджыкістана — гэта мост паміж мінулым і будучыняй, паміж Усходам і Захадам, паміж традыцыяй і сучаснасцю.


Гэта можна зразумець дзякуючы выставе, дзе прадстаўлена 38 твораў як прызнаных, так і маладых таджыкскіх мастакоў — пейзажы, нацюрморты, нават абстрактныя карціны, натхнёныя жыццём і побытам таджыкскага народа. А яшчэ ў сучасным Таджыкістане актыўна здымаюць кіно. У рамках Дзён культуры беларускія гледачы змогуць убачыць тры карціны: «Жыццё цудоўнае» (пра падлетка, які бярэ на сябе вырашэнне праблем сям’і), «У пошуках ісціны» (журналіст імкнецца раскрыць прычыну смерці нявесты) і «Сцяжына гневу» (былы пагранічнік шукае дачку і пераасэнсоўвае сваё жыццё). Фільмы дэманструюцца на таджыкскай мове з рускімі субцітрамі.

Музыка і песні заўсёды знаходзяць эмацыянальны водгук у слухачоў. 28 красавіка ў Палацы Рэспублікі адбудзецца ўрачысты Гала-канцэрт майстроў мастацтваў Таджыкістана. У ім удзельнічаюць народныя і заслужаныя артысты краіны ў суправаджэнні Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Выканаўчага апарату Прэзідэнта Рэспублікі Таджыкістан.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю