Top.Mail.Ru

VIDEOBEL. BY — два гады ў эфіры: блогеры, новыя фарматы і планы па выхадзе на замежную аўдыторыю

Мультымедыйнаму парталу VIDEOBEL. BY споўнілася два гады. Святочнае мерапрыемства праходзіць у Музеі наіўнага мастацтва ў Менску. З днём нараджэння партал прыйшлі павіншаваць прадстаўнікі Міністэрства інфармацыі, кіраўнікі СМІ, журналісты і блогеры, перадае БелТА.


Нацыянальнаму мультымедыйнаму парталу VІDEOBEL.BY — два гады. Тут сабраны грамадска-палітычны відэакантэнт вядучых СМІ Беларусі — нацыянальных і рэгіянальных тэлеканалаў, БелТА, холдынга «СБ. Беларусь сегодня».

Для карыстальнікаў — гэта зручная пляцоўка для таго, каб сачыць за беларускімі навінамі, праглядаць тэлеперадачы, знаёміцца з унікальнымі айчыннымі відэапрадуктамі. Гэты рэсурс дазволіць эканоміць час людзям, якія хочуць быць у курсе падзей, што адбываюцца ў краіне. Сёння ім не трэба заходзіць на розныя сайты. Увесь кантэнт сабраны на адной платформе.


Пра пастаянны рост папулярнасці да айчыннага рэсурсу сведчаць лічбы: з 17 тысяч карыстальнікаў у пачатку працы праекта на сёння ён вырас да 700 тысяч наведванняў штомесяц. Сёлета са студзеня на партал зайшло больш за 2, 5 мільёна чалавек.

Міністр інфармацыі Дзмітрый Жук адзначыў, што рашэнне аб стварэнні ўласнай платформы, дзе будзе сабраны беларускі кантэнт, было прынята своечасова. За гэту ідэю ён падзякаваў свайму папярэдніку Уладзіміру Пярцову (цяперашняму першаму намесніку кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта). Ініцыятыва была падтрымана кіраўніком дзяржавы. Міністр адзначыў высокую якасць работы канала: «Платформа забяспечвае анлайнавае вяшчанне нашых каналаў, там можна знайсці цікавыя праграмы, вельмі зручная навігацыя». Ён падзяліўся, што сам ужо адмовіўся ад іншых форм прагляду тэлекантэнту і, напрыклад, выступленне кіраўніка дзяржавы на патрыятычным форуме «Моладзь. Беларусь. Будучыня» ў прамой трансляцыі глядзеў на партале VІDEOBEL.BY.


Дзмітрый Жук адзначыў, што «выключна беларуская платформа, якая кантралюецца выключна намі» мае відавочныя перавагі: яна забяспечвае беспрыпыннае свабоднае распаўсюджванне інфармацыі. Гэта становіцца асабліва актуальным у апошнія гады, калі без усялякіх тлумачэнняў праводзяцца блакіроўкі ютуб-каналаў беларускіх СМІ. «Тое, што мы бачым сёння, — гэта чарговая дэманстрацыя двайных стандартаў, якую нам паказвае замежная платформа. Мы ведаем, што гэта чужая тэрыторыя, на якой мы ваюем падчас інфармацыйнай вайны. Нам трэба проста іншымі метадамі і спосабамі — што мы і навучыліся рабіць — даводзіць уласную інфармацыю да аўдыторыі».


Сёння перад рэсурсам стаяць новыя задачы — прыцягненне на гэту платформу лічбавага грамадства, інфлюэнсераў, блогераў, якія працуюць на стваральную сілу краіны.

«Мы не ставілі мэту стаць маленькім YouTube ў Беларусі, яна была ў іншым, — растлумачыў генеральны дырэктар БелТА Андрэй Мохар. — Вы бачыце, пад якім ціскам апынуліся беларускія СМІ, блакіроўкі ютуб-каналаў уплывовых беларускіх СМІ працягваюцца. Нам патрэбна такая пляцоўка, дзе мы разумеем, па якіх правілах працуем. Правіла ў нас адно — гаварыць праўду, даносіць дакладную інфармацыю».

Нягледзячы на тое, што ўжо зроблена вялікая работа, партал VІDEOBEL.BY шукае інструменты, каб і далей пашыраць сваю аўдыторыю. Адна з задач — работа над разнастайнасцю кантэнту. Плануецца расшырыць лінейку тэлеканалаў, якія будуць прадстаўлены на платформе.

Каб прыцягнуць карыстальнікаў, для якіх асноўным інструментам спажывання інфармацыі сталі тэлефоны, запушчаны мабільны дадатак, які дазваляе ў зручным фармаце сачыць за навінамі.


Партал VІDEOBEL.BY ў першую чаргу разлічаны на беларускую аўдыторыю, але сёння яго геаграфія ахопу — 161 краіна, сярод лідараў па колькасці праглядаў — Германія, ЗША, Ізраіль. Запыт на дакладную інфармацыю з Беларусі ставіць перад тэлеканаламі і СМІ, з якімі ўзаемадзейнічае партал, задачу на стварэнне кантэнту, які можа быць цікавым замежнай аўдыторыі. Сам жа рэсурс, каб зрабіць гэту інфармацыю даступнай, запускае субцітры на нямецкай і англійскай мовах.

Вядзецца таксама работа над тым, каб запускаць новыя фарматы і напаўняць рэсурс запатрабаваным у сучаснага грамадства матэрыялам. Тут хочуць прадставіць пляцоўку для беларукіх блогераў, прычым не толькі для папулярных, аднак і для тых, хто стварае цікавы кантэнт, але пакуль яшчэ мае малую аўдыторыю і хоча яе пашыраць.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю