— Некалі ў сталічных падземных пераходах была так званая імгненная латарэя, — успамінае жанчына. — Я, бывала, вазьму і спынюся: куплю білецік — выйграю, на тыя дароныя рублі зноў куплю... Урэшце сыду ні з чым — хіба эмоцыі застануцца... А са «Звяздой» мне болей шанцуе. Гадоў 20 таму выйграла гадзіннік з лагатыпам газеты. Ён і сёння служыў бы — толькі батарэйку замяніць... Другім падарункам быў масляны абагравальнік. Рэч таксама патрэбная. А цяпер во на сушылку пашчасціла. Сяброўкам іх дзеці падарылі, а мне — «Звязда».
Свае першыя прызы Ганна Іванаўна забірала сама — прыязджала ў рэдакцыю. Магла і на гэты раз — у сталіцы яна як рыба ў вадзе: за спінай — вучоба ў інстытуце, работа на заводзе, замужжа, кватэра...
Калі пахіснулася здароўе ў бацькоў, пакінула ўсё: вярнулася ў Багушэвічы, даглядала старых і... засталася. Чаму? Таму што яе прамысловае прадпрыемства перажывала тады зусім не найлепшыя часы, а мястэчка Багушэвічы — і напраўду Божы куточак, як кажуць турысты, бо прыгажосць там проста неверагодная: шырозныя вуліцы, дагледжаныя дамы і дамкі, якія цяпер патанаюць у кветках, касцёл (помнік архітэктуры ХІХ стагоддзя), рэчка Уса, шчодры лес, зямля, на якой расце, здаецца, усё... Толькі працуй ды радуйся.
Якраз з першым, з работай, у Ганны Іванаўны і з’явіліся праблемы: вакансій канструктарам у мястэчку, вядома ж, не было, а да пенсіі... Дармо што відаць, ды далёка дыбаць.
У школе ў вёсцы Падваложка (за дзевяць кіламетраў) патрабаваўся педагог-арганізатар і яе, усяго толькі дачку настаўнікаў, угаварылі паспрабаваць.
— Мне было вельмі цяжка! — прызнаецца Ганна Іванаўна. — Я ў калектыве самая старэйшая, без патрэбнай адукацыі, без ніякага вопыту работы... А тут раптам планы, дзеці, праблемныя сем’і, арганізацыя розных мерапрыемстваў... У іншым калектыве я, напэўна, здалася б — не справілася, а там былі настолькі добразычлівыя адносіны... Цудоўная маладая дырэктарка Алена Алегаўна Путрык, ніякіх плётак, інтрыг... На работу ўсе — як на свята. Неяк раз, чакаючы аўтобуса (пра школьныя і размоў тады не было), мы з завучам напісалі такі сцэнарый урачыстасці, што ў нас яго потым... пазычалі. Праўда, без дазволу.
Ад калег і, што важна, ад вучняў на добры ўспамін у настаўніцы засталіся дарагія падарункі. Асобнымі — кубкамі — Ганна Іванаўна нават пахвалілася. А «Звяздзе» падарыла свае. Некалі даўно не на жарт захапіўшыся фатаграфіяй, яна чаго толькі не здымала: краявіды, родных і блізкіх, лужыны...
І мела, у каго павучыцца.
— Я вельмі любіла здымкі «звяздоўца» Анатоля Клешчука. Ён і ў нашых мясцінах здымаў... А я газету атрымаю, на фатаграфіі гляджу і думаю: «А вось гэта — як можна было? Адкуль, з якога ракурсу?»
Свае ж асобныя здымкі чытачка «пераносіла» (у райцэнтры ёсць такая паслуга) на белыя кубкі і такім чынам «распаўсюджвала» мясцовую прыгажосць ды галоўную залацінку яе — мясцовы касцёл.
— Мала нас ходзіць да касцёла, мала ў царкву, — уздыхае Ганна Іванаўна. — Іншыя інтарэсы ў моладзі. Але ж я ніколькі не ганю яе, нават наадварот. У суседстве ў нас бабуля жыла. Да яе, калі захварэла, пераехаў унук. Маці яго ў Мінску працавала, зарабляла грошы, а ён тут у Багушэвічах хадзіў у школу, даіў карову, карміў свіней... Я аднойчы бачыла, як яны з бабуляй кватэру прыбіралі. Яна ж хацела дапамагаць, — то сядзела на крэсле і мыла-выкручвала анучу, а ўнук шараваў...
Ёсць у Ганны Іванаўны і іншыя падставы, каб шчыра паважаць
сваіх землякоў ды «наезджых» — тых, хто маладзейшы, і зусім маладых. Першыя тут альбо жывуць і працуюць, альбо ездзяць на работу ў сталіцу (яшчэ адзін варыянт — набываюць дамы пад дачы: наводзяць парадак (сусед вось раніцай не дачакаецца, каб грукаць пачаць), шмат што вырошчваюць, адпачываюць, асобныя ўжо і зімуюць (ну чаму б і не?).
— Пяць разоў на тыдзень я ёй газету прыношу, — кажа Ганна Міхайлаўна Баравая, начальнік аддзялення сувязі (і паштальён па
сумяшчальніцтве). — Мы і павітаемся з ёй, і пагамонім, калі час ёсць... Яна ў нас — асоба адметная: заўсёды і ўсюды гаворыць па-беларуску, ладзіць з людзьмі. Як ні цяжка адной, але ж трымае парадак і ў хаце, і на падворку, садзіць грады, усё даглядае... Нядаўна кабачкі раздавала... Казала, што зноў нарасло...
Ёсць у Багушэвічах і яшчэ некалькі «звяздоўскіх» падпісчыкаў. Газета прыходзіць у школу, бібліятэку, дамоў да Тамары Дзмітрыеўны Расолька, да Таццяны Генадзеўны Няборскай...
— Да 15 гадзін я працую на пошце, — кажа Таццяна Міхайлаўна, — а потым выходжу ў людзі. У нас вялікае мястэчка. Пакуль іх усе абыдзеш... Але ж мне падабаецца, а калі яшчэ і прызы ўручаць...
— У горадзе, у раёне ў «Звязды» шмат адданых падпісчыкаў, — патлумачыла начальнік участка паштовай сувязі Вікторыя Міхайлаўна ЖУКОЎСКАЯ, — і так званых ведамасных (прадпрыемствы, арганізацыі, школы, бібліятэкі), і індывідуальных. Усіх, пайменна, я, на жаль не назаву, але ж ведаю, што гадамі, а то і дзесяцігоддзямі газета пастаянна прыходзіць да Уладзіміра Сцяпанавіча Лыскаўца, Ніны Віктараўны і Георгія Якаўлевіча Дубовікаў з вёскі Якшыцы, Соф’і Рыгораўны Коўрык з Галаўных Лядаў, Аляксандра Аляксандравіча Красоўскага з Паплаваў, Галіны Аляксееўны Нялёгка з Косаўкі, Ніны Дзмітрыеўны Клімовіч з Новін, Ніны Аляксееўны Бярозка і Галіны Антонаўны Яблонскай з Любушан... Людзі не здраджваюць роднай мове, газеце — хацелася б, каб такіх было як найбольш.
І гэта, здаецца, магчыма — клопатам журналістаў, паштавікоў і сяброў газеты, якія агітуюць за яе і нават... пакідаюць у спадчыну: у Ганны Іванаўны Воюш «Звязду» ўсё жыццё выпісвалі бацькі.
Як аформіць падпіску на газету «Звязда» глядзіце здесь
Валянціна ДОЎНАР
Бярэзінскі раён