Top.Mail.Ru

Веладарожкі, кантэйнеры, знос старых дамоў. МЖКГ падвяло вынікі Года добраўпарадкавання

Намеснік начальніка ўпраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Надзея Сеўрук расказала на прэс-канферэнцыі аб выніках Года добраўпарадкавання па лініі ведамства, паведамляе БелТА.


Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі было адказнае за рэалізацыю 22 пунктаў рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па правядзенні Года добраўпарадкавання. Надзея Сеўрук адзначыла, што па выніках работы за 2025 год мерапрыемствы рэалізаваныя ў поўным аб’ёме.

«У рамках асноўных кірункаў адрамантавана 13,9 млн кв. м вулічна-дарожнай сеткі. Уладкавана 333 тыс. кв. м тратуараў, пешаходных і веласіпедных дарожак. Добраўпарадкавана каля 420 аўтамабільных і веласіпедных парковак і стаянак. Ліквідавана 637 закінутых шахтавых і трубчастых калодзежаў, якія не падлягаюць далейшаму выкарыстанню. Пабудавана 262 станцыі абезжалезвання вады», — расказала яна.

Таксама асаблівая ўвага нададзена зносу пустых і старых арэндных жылых дамоў — у 2025 годзе знесена 522 такія аб’екты. 

Было адрамантавана і пабудавана амаль 5 тыс. кантэйнерных пляцовак для збору камунальных адходаў, узведзена 38 водазаборных свідравін, устаноўлена і адрамантавана больш за 35 тыс. кантэйнераў для збору адходаў. Разам з гэтым у мінулым годзе ў Беларусі ўстанавілі 800 тыс. новых і адрамантавалі больш за 23 тыс. малых архітэктурных формаў: альтанак, лавак, скрыняў і іншых элементаў добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый. «Кантэйнерныя пляцоўкі ўладкоўваліся таксама ў гаражна-будаўнічых і садаводчых кааператывах. Падтрымліваўся належны стан месцаў пахавання, праводзілася ўзвядзенне агародж», — адзначыла намеснік начальніка.

Актыўны ўдзел у мерапрыемствах Года добраўпарадкавання прынялі і грамадзяне. «Усяго прыцягнута каля 7,2 млн бел. руб., у тым ліку ў рамках грамадзянскіх ініцыятыў — 400 тыс. бел. руб., па дадатковай жыллёва-камунальнай паслузе — уладкаванні прыдамавых тэрыторый элементамі азелянення — больш за 2,5 млн бел. руб. Добраахвотныя пералічэнні фізічных асоб склалі каля 4,3 млн бел. руб.», — расказала Надзея Сеўрук.

У хуткім часе ў Беларусі вызначаць найлепшыя вобласці, раёны і гарады па выніках Года добраўпарадкавання. У адрас Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі паступіла інфармацыя аб 111 аб’ектах знешняга добраўпарадкавання, якія адпавядаюць устаноўленым крытэрыям. Лідарам стала Гомельская вобласць з 31 аб’ектам. «Аб’екты ствараліся з прыцягненнем сродкаў грамадзян і суб’ектаў гаспадарання. Сярод рэалізаваных рашэнняў — архітэктурныя і ландшафтныя кампазіцыі, напрыклад арт-аб’екты, памятныя знакі, стэлы, скульптуры, фантаны, элементы ландшафтнага дызайну і азелянення», — расказала Надзея Сеўрук.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю