У даваенныя і пасляваенныя гады вясковая моладзь збіралася на вечарынкі — павесяліцца, патанцаваць, прыгледзець нарачонага. Клубаў тады не было, таму дзяўчаты (па дамоўленасці з сям’ёй) па чарзе прадастаўлялі хату для гуляння. Збіралі пачастунак — хлеб, агуркі, а хто з багатай сям’і — яшчэ і сала. Кавалеры абавязаны былі дамовіцца з музыкамі.
У роднай вёсцы маёй матулі гарманіст Кузьма быў нарасхват. Ён меў гармонік, ведаў шмат песень, прыпевак — ды такіх, што іншым разам у дзяўчат шчокі чырванню заліваліся. Давялося і мне ў дзяцінстве пабываць з бацькамі ў той вёсцы на хрэсьбінах і пабачыць Кузьму. Яго не клікалі, ён сам прыйшоў. Падмены сабе на вечарынках гарманіст не прасіў, бо яе і не было сярод вяскоўцаў. А вось часам музыка, які меў нораў, мог і схавацца, каб яго пашукалі ды папрасілі больш іграць. Бывае моладзь разгуляецца... Хочацца і вальсіраваць, і полечку скакаць, ды каб безупынна. Але адна справа — тапёр, які іграў за грошы столькі, колькі трэба, іншая — Кузьма. Неяк ён схаваўся ў разгар вечарынкі, калі моладзь выйшла з хаты «пахаладацца». А калі сабраліся танцаваць — музыкі няма. Адны кажуць, збег ужо да хаты, спаць. Другія заўважаюць, што не мог жа ён тут на лаве пакінуць свой гармонік (ніколі такога не было). Шукалі пры святле лямпы: пад лавамі, за печчу, за куфрам.
— Кузёмка! Ножкі хочуць танцаваць! — клікалі дзяўчаты.
— Ужо веташок узышоў: хутка дадому...
І тут адна з дзяўчат спыніла позірк на падвешанай да столі калысцы-забаўцы. Не магло ж тут дзіцятка спаць у такім вэрхале. Зірнулі пад посцілку, якая ўкрывала як шацёр калыску. А там, скруціўшыся ў клубок, нібыта вожык, салодкім сном спаў Кузьма — сам не заўважыў, як адключыўся, пакуль яго шукалі. Расштурхалі, разбудзілі яго — і пайшло-паехала... Нават гучней і весялей.
«Вось дык вечарынка з квэстам!» — напэўна скажуць сёння ўнукі і праўнукі тых танцораў.
А ў працяг яшчэ хочацца расказаць, як раней ставіліся да вечарын. Надзея Сямёнаўна, маміна цётачка, неяк забрала з рук пляменніцы граблі і сказала брату: «Я за Ніну буду сена заграбаць і з табой звозіць. А яна няхай ідзе з маімі дзяўчатамі на вечарынку збірацца». А потым яшчэ вялізны сыр сама прынесла — падсілкаваць сваіх і суседскіх дзяўчат і «зяцькоў» не прамінула. А вось дзядуля мой быў вялікім праціўнікам танцаў. Не раз казаў: «Чым танцаваць, прытопваючы, скакаць да сёмага поту, лепш бы грамадой сячкарню пакруціць! Во колькі б за вечар было сечкі коней ды кароў карміць». З ім пагаджаліся, але і ад танцаў не адмаўляліся. Трэба было — касілі, жалі, аралі, узімку і сячкарню круцілі. Ніхто з маладых не цураўся сялянскай працы.
Валянціна Кунцэвіч