Дзмітрый Кадргулаў на пасадзе старшыні райвыканкама працуе з красавіка 2024 года. Тэрмін пакуль невялікі. Разам з тым дынаміка эканамічнага росту раёна відавочная. Так, за дзевяць месяцаў аб’ём інвестыцый у асноўны капітал адносна папярэдняга года павялічыўся на 114 працэнтаў і склаў амаль 70 мільёнаў рублёў. Добрыя тэмпы ў жыллёвым будаўніцтве. Пры гэтым галоўны акцэнт новы старшыня робіць на развіцці сельскіх населеных пунктаў, таму вядзецца работа з маладымі кадрамі.
— Дзмітрый Рафаэлавіч, якое месца ў вашай стратэгіі займае жыллёвае будаўніцтва?
— За студзень-верасень 2024 года ўведзена ў эксплуатацыю 1344 квадратныя метры жылля, з якіх 1140 «квадратаў» прыпадае менавіта на сельскую мясцовасць. І мы тут ідзём па такім шляху: вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя індывідуальных жылых дамоў, а таксама перавод нежылых памяшканняў у жылыя з правядзеннем рэканструкцый. Гэта якраз датычыцца сельскай мясцовасці. На будаўнічыя работы па жыллі накіравана больш за 2,5 мільёна рублёў.
— Застаецца актуальным пытанне па замацаванні маладых кадраў, асабліва што датычыцца сельскай мясцовасці і аграпрамысловага комплексу. Якім, на ваш погляд, трэба ісці шляхам, каб зрабіць гэта пытанне менш вострым?
— Зразумела, што такая работа павінна весціся яшчэ падчас вучобы ў школе. Больш увагі звяртаць на аграрныя класы, якія ў нас таксама ёсць. Але трэба падыходзіць да гэтай праблемы нефармальна. Хачу прывесці такі прыклад. Мы сабралі выпускнікоў 9 і 11 класаў з усяго раёна. Запрасілі маладых спецыялістаў-аграномаў, заатэхнікаў, якія расказалі аб плюсах і прэферэнцыях работы ў сельскай гаспадарцы, мэтавых накіраваннях. Выпускнікі даведаліся, як наладжаны быт у кожным сельгаспрадпрыемстве, якія ўмовы працы, якія ёсць сучасныя тэхналогіі. Паслухалі парады юрыста. Такія сустрэчы могуць даць штуршок у выбары будучай прафесіі.
Не толькі з дзецьмі важна кантактаваць, але і з іх бацькамі. Бо менавіта бацькі часцей за ўсё фарміруюць думкі сваіх дзяцей адносна будучай прафесіі. Многія глядзяць на фінансавы бок пытання, што таксама трэба ўлічваць працадаўцам.
У нас ёсць шмат задумак па паляпшэнні вольнага часу ў сельскай мясцовасці. Ёсць запыт на спартыўныя пляцоўкі, якія павінны быць у кожным аграгарадку. Адна з такіх шматфункцыянальных пляцовак ужо з’явілася ў аграгарадку Пагранічны, у 2025 годзе яны з’явяцца ў Алекшыцах і Малой Бераставіцы. Ёсць планы па будаўніцтве басейна ў Вялікай Бераставіцы. Гэта абсалютна новы для раёна праект. Ідэй у гэтым кірунку шмат, важна прыцягнуць дастаткова сродкаў на іх рэалізацыю.
— Відавочна, што такія пытанні напрамую залежаць ад таго, якія будуць эканамічныя вынікі работы Бераставіцкага раёна. Цікава было б даведацца аб інвестыцыйных планах і тых поспехах, якія дазваляюць забяспечыць камфортнае пражыванне сельскім жыхарам.
— Тут важна забяспечыць пастаянны прыток інвестыцый і рэалізаваць знакавыя аб’екты. У рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» у нас вядзецца будаўніцтва мытнай зоны для транспартных сродкаў з укараненнем электроннай чаргі. Таксама завяршаецца рэканструкцыя інтэрната ў Бераставіцы з гасцінічнымі нумарамі і сферай грамадскага харчавання. Паляпшаецца інфраструктура інжынерных сетак і камунікацый, а таксама аб’ектаў цеплазабеспячэння. Працягваецца рэалізацыя праграмы «Чыстая вада», у некалькіх вёсках будуюцца станцыі абезжалезвання, робяцца свідравіны.
Можна гаварыць і аб росце валавой прадукцыі сельгаспрадпрыемствамі раёна. У лідарах — КСУП «Пагранічны-Агра» і ААТ «Малабераставіцкі элітгас». Раён пастаянна нарошчвае тэмпы па вытворчасці малака. На сёння сярэдні надой складае больш за сем тысяч літраў малака на карову. За дзевяць месяцаў дзяржаве рэалізавана 74 тысячы тон малака, што таксама больш чым год таму.
У 2024-м мы атрымалі нядрэнны ўраджай зерневых культур пры ўраджайнасці 63,6 цэнтнера з гектара. Нарыхтавалі каля 70 тысяч тон травяных кармоў. Як вынік, расце заработная плата нашых работнікаў. Цяпер яна складае ў сярэднім 1974 рублі, што на 119 працэнтаў больш, чым у мінулым годзе.
Мы шмат працуем над тым, каб надаць нашым населеным пунктам сучасны выгляд. З гэтай мэтай вырашылі, што раённыя «Дажынкі» будзем праводзіць па чарзе ў аграгарадках. Гэта дазволіць сканцэнтраваць сродкі для іх добраўпарадкавання, адкрыцця новых сацыяльных аб’ектаў. Ужо складзены план на некалькі найбліжэйшых гадоў. Падключыліся і сельскія саветы. Планаў на перспектыву нямала, людзі самі падказваюць некаторыя ідэі, выказваюць жаданні ўкладваць свае сілы і сродкі ў іх рэалізацыю. Мы заўсёды ідзём насустрач канструктыўным прапановам, даём участкі пад будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў, сферы грамадскага харчавання. Шукаем магчымасць павысіць камфорт нашых жыхароў.
Фота з адкрытых крыніц і beresta.by