Як адзначыў начальнік Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай ЛЕШЫК, сёлета нам удалося атрымаць практычна ўсё, што было запланавана. Гэта — каля 11 мільёнаў тон збожжа, з улікам алейнага семя рапсу, гэта і 5 мільёнаў цукровых буракоў, а таксама ў раёне 10 мільёнаў тон травяністых кармоў.
Работы знаходзяцца на фінішнай прамой. «Тыя паказчыкі, аб’ёмы па відах прадукцыі, якія ставілі сабе задачай атрымаць у пачатку года, практычна дасягнуты», — сказаў Мікалай Лешык.
Спецыяліст па раслінаводстве лічыць, што гэты год быў складаны для сельскай гаспадаркі на працягу ўсяго перыяду, але аграрыі справіліся. «Ранняя вясна затым змянілася працяглымі зваротнымі замаразкамі з вельмі нізкімі тэмпературамі як паветра, так і глебы. Былі негатыўныя наступствы — гібель некаторых раслін, зніжэнне ўраджаю ў нашых садах. Але мы не першы год бачым, што работнікі вёскі здольныя рэагаваць на ўсе неспрыяльныя ўмовы і прымаць аператыўныя рашэнні для выпраўлення сітуацыі, дасягнення пастаўленых задач», — дадаў Мікалай Лешык.
Ужо ўбраныя палі з бульбай, літаральна днямі завяршаецца ўборка буракоў. Што датычыцца кукурузы на зерне, то з-за павышанай вільготнасці паспяванне, а таксама падсыханне пачаткаў ідзе павольней, чым у папярэднія гады.
Паводле аператыўных звестак на 12 лістапада, з палёў краіны намалочана 10 765 тысяч тон збожжа разам з рапсам і кукурузай. Гэта на 750 тысяч тон больш, чым на аналагічную дату мінулага года.
У разрэзе абласцей атрымана: у Мінскай — 2673 тысячы тон, Брэсцкай — 2175 тысяч тон, Гродзенскай — 2109 тысяч тон, Гомельскай — 1377 тысяч тон, Магілёўскай — 1361 тысяча тон, Віцебскай — 1070 тысяч тон.
Збожжавыя і зернебабовыя культуры з кукурузай убраны з 98 % плошчаў, што складае 2246 тысяч га. Сярэдняя ўраджайнасць збожжа (з кукурузай) складае 43,4 ц/га, што вышэй за леташнюю на 5,3 ц/га. Нарыхтавана льнотрасты 206 тысяч тон, ураджайнасцю вышэй за леташнюю на 11,6 ц/га. Кукуруза на сілас і зялёны корм убрана больш чым са 100 % плошчаў, што складае 1033 тысячы га. Нарыхтавана сенажу 14 029 тысяч тон (больш як 100 % плана), сіласу — 19 829 тысяч тон (96 % плана), травяных кармоў — 9703 тысячы тон кармавых адзінак (97 % плана).
Усяго агародніны, вырашчанай у адкрытым грунце, сабрана 229 тысяч тон, што на 75 тысяч тон больш, чым на гэту ж дату мінулага года. Засеяныя плошчы складаюць звыш 8 тысяч га, а ўбрана цяпер 99 % палёў з агароднінай.
Сяргей КУРКАЧ