Пісьменніку-земляку, якога добра ведаюць не толькі на Случчыне, прысвечаны лічбавы праект «Народжаны пад знакам паэзіі»
Васіль Вітка (сапраўднае прозвішча — Цімох Крысько) — легенда беларускай дзіцячай літаратуры, шматгадовы галоўны рэдактар часопіса «Вясёлка». Нарадзіўся пісьменнік у вёсцы Еўлічы Слуцкага раёна. Паэтычны дэбют будучага класіка адбыўся ў літаратурным дадатку да баруйскай газеты «Камуніст» — «Вясна» у 1928 годзе. Васіль Вітка — аўтар многіх паэтычных і празаічных кніг, твораў у галіне драматургіі. Пра першую кнігу маладога пісьменніка — зборнік вершаў «Гартаванне», які быў выдадзены ў Маскве ў 1944-м, — Кузьма Чорны зазначыў: «У кніжцы лірыкі Цімоха Крысько Радзіма паўстае перад намі поўнай гармоніяй глыбктх вобразаў... Гэта прырода душы самога паэта, таму тут стыхія поўнай і сапраўднай паэтычнай шчырасці і жывой праўды».
Віртуальны музей, прысвечаны Васілю Вітку, складаецца з наступных раздзелаў: «Жыццёвы шлях»; «Аб творчасці»; «Літаратурная спадчына»; «Сцэнарыі»; «Ушанаванне памяці». На платформе праекта — даволі шмат ілюстрацыйнага, дакументальнага матэрыялу, які ўзяты з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, а таксама — Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі, з якой пры жыцці моцна сябраваў Васіль Вітка. Пра гэта сведчаць і аўтографы пісьменніка, адрасаваныя розным бібліятэчным філіялам раённай кніжніцы. Вось, да прыкладу, адзін з іх: «Маім дарагім землякам-чытачам Слуцкай гарадской дзіцячай бібліятэкі — на добры ўспамін з любоў’ю. Васіль Вітка».
Дзякуючы сабранай у віртуальным музеі «Народжаны пад знакам паэзіі» багатым крыніцазнаўчым матэрыялам, дакументальным звесткам, ілюстрацыям новыя пакаленні чытачоў могуць даволі грунтоўна прадставіць масштаб творчых здзяйсненняў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Васіля Віткі, яго жыццё, яго багатую на падзеі біяграфіі.
Мікола БЕРЛЕЖ