Top.Mail.Ru

«Васільковы тур», прысвечаны юбілейнаму «Славянскаму базару ў Віцебску», стартаваў з Гомеля

Зарадзіцца святочным настроем


Так, трэба набрацца крыху цярпення — і зноў прагучаць пазыўныя легендарнага форуму. Але ж сёлета ён упершыню «зняўся з якара» і адправіўся ў «Васільковы тур» па краіне. У мінулую суботу канцэртна-забаўляльная праграма стартавала ў Гомелі.

— Ідэя «Васільковага туру» ляжала на паверхні, — расказала кіраўнік прэс-службы фестывалю Марыя ВАЙЦЯХОЎСКАЯ. — І калі, як не ў яго юбілейны год, яе рэалізоўваць? Таму мы вырашылі падзяліцца атмасферай віцебскага форуму мастацтваў з усімі абласнымі цэнтрамі. Хочам прывезці ў іх тыя эмоцыі і настрой, за якімі тысячы людзей штогод прыязджаюць на фестываль у Віцебск.

Гомель стаў першым у гэтым маршруце. А тыя, хто плануюць прыехаць на «Славянскі базар у Віцебску» ў ліпені, змаглі загадзя зарадзіцца святочным настроем.

— Праграму «Васільковага тура» прадумвалі так, каб кожны знайшоў нешта цікавае для сябе, а таксама каб максімальна прэзентаваць разнастайнасць праектаў. Бо фестываль — гэта не толькі канцэрты, але і тэатральныя мерапрыемствы, выставы, адукацыйныя праекты і шмат чаго іншага, — падкрэсліў выканаўчы дырэктар форуму мастацтваў Андрэй КАРПАЎ.

Прэзентацыя новага праекта Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пад апладысменты гасцей і ўдзельнікаў адбылася ў месцы, дзе нараджаюцца новыя таленты на музычным небасхіле — Гомельскім дзяржаўным каледжы мастацтваў імя Н. Ф. Сакалоўскага. 

Віктарына «Фестывальны квіз» зацікавіла самых верных паклоннікаў «славянкі». Некалькі каманд успаміналі, як выглядае галоўны прыз форуму, хто з’яўляецца абсалютным рэкардсменам па колькасці выступленняў на фестывальнай сцэне і іншае. Найлепшым знаўцам уручылі брэндзіраваныя прызы.

Увечары творчую праграму «Васільковага тура» прадоўжыла дзейства на набярэжнай ракі Сож у цэнтральным парку. Тут заявіць пра сябе змаглі мясцовыя таленты ў фармаце «Фестывальнае караоке з зоркай». 

Працягнецца «Васільковы тур» 19 чэрвеня ў Магілёве, а 20 чэрвеня — у Мінску. У Гродне чакайце яго 9 ліпеня, у Брэсце — 10 ліпеня. Арганізатары не выключаюць, што гэты праект стане традыцыйным.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю