Top.Mail.Ru

Васільковае вяселле

«Позна» — як часта гэтым словам мы самі сябе абмяжоўваем: баімся змяніць нелюбімую работу, няўдалае месца жыхарства (маўляў, куды, не той узрост)... Што ўжо казаць пра сямейнае становішча, калі час кахаць, як здаецца, даўно прайшоў.

Але, дзякуй богу, ёсць людзі, якія думаюць зусім інакш. «Ніколі не позна!» — сцвярджаюць яны. І сваім прыкладам натхняюць іншых.

...Да пачатку канцэрта ў санаторыі заставаліся лічаныя хвіліны, калі загадчык аддзела культуры аб'явіў, што сярод гледачоў-адпачывальнікаў ёсць сямейная пара, якая сёння святкуе юбілей — дзесяцігоддзе вяселля.

— Давайце павітаем яе! — прапанаваў ён.

Аднак і без таго погляды ўсіх, хто знаходзіўся ў актавай зале, былі звернуты да дваіх: высокага, статнага мужчыны і маленькай, зграбнай жанчыны ў вянку са штучных васількоў. Шчаслівыя, маладжавыя, хоць ужо і ў гадах, яны падняліся са сваіх месцаў, пад апладысменты і нечы вокліч «Горка!» засведчылі ўрачыстасць моманту.

На гэтым афіцыйная частка віншавання скончылася: на сцэне з'явіўся першы артыст... А вось пасля апошняга — васільковыя «маладыя» зноў апынуліся ў цэнтры ўвагі, бо ад радасці, якую яны выпраменьвалі, было цёпла не толькі іхнім сябрам, чыё адзенне таксама аздаблялі маленькія валошкі, але і ўсім астатнім аматарам танцаў.

Нечакана музыка сціхла, і ў мікрафоне пачуўся голас не вядучага дыскатэкі, а шчаслівай «нявесты»(«жаніх» стаяў побач, трымаючы яе за руку):— Мы пазнаёміліся дзесяць гадоў таму, у гэты ж самы дзень і ў гэтым жа санаторыі. Я — з Беларусі, мой муж — з Расіі. Кіламетры, якія нас калісьці раздзялялі, не перашкодзілі з цягам часу стварыць моцную сям'ю. Аднак датай яе нараджэння мы лічым дзень сённяшні. Нам цяпер па шэсцьдзясят, і ўсё ж наша каханне, нягледзячы на гады, маладое. Паверце, яно, сапраўднае, ёсць! І сустрэцца з ім ніколі не позна!.

Апошняя фраза патанула ў захопленых воплесках, ізноў загучала музыка. А «маладажоны», вакол якіх сабраўся вялікі карагод, як калісьці, закружыліся ў танцы. Такім чынам яны нібы працягвалі — ужо без слоў — расказваць сваю гісторыю. Пра тое, што гэты шлюб, па ўсім відаць, у іх не першы, што ў мінулым ён і яна прайшлі праз страты і расчараванні, зведалі адзіноту. І што перажытыя нягоды не пазбавілі іх веры і надзеі на новую, самую доўгачаканую, сустрэчу...

Згодна з традыцыямі, дзесяцігадовы шлюб завецца алавяным альбо ружовым вяселлем. Для гэтых дваіх яно было васільковым. Напэўна, у гонар Беларусі, якая іх пазнаёміла.

А ўрэшце, не кветкі ці каштоўныя падарункі, а сардэчная цеплыня і душэўная пяшчота аздабляюць наша заўсёды своечасовае шчасце.

Ірына Матусевіч

Дзяржынскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю