11 сакавіка ў горадзе Джыдзе ў Саудаўскай Аравіі прайшлі першыя публічныя кантакты паміж прадстаўнікамі ЗША і Украіны пасля сваркі Зяленскага і Трампа ў Авальным кабінеце Белага дома. Наступствамі сваркі стала тое, што Вашынгтон спачатку прыпыніў пастаўкі Кіеву ўзбраенняў, а затым перастаў даваць разведвальную інфармацыю, пад пытаннем аказалася і здзелка па ўкраінскіх прыродных выкапнях. Пасля адміністрацыя Трампа таксама пачала вінаваціць Зяленскага і яго каманду ў карупцыі і эканамічных злачынствах, заяўляла, што кіраўнік Украіны не хоча міру. Калі Зяленскі, які падтрымліваецца Захадам і яго палітыкамі, спачатку спрабаваў супраціўляцца амерыканскім нападкам, то пасля здаўся і пагадзіўся на перагаворы дэлегацый.
Каб не дапусціць чарговага публічнага канфузу, падобнага таму, што адбыўся ў Авальным кабінеце Белага дома, за падрыхтоўку ўкраінцаў да новых перагавораў узяўся галоўны бенефіцыяр канфлікту — Вялікабрытанія. Літаральна напярэдадні сустрэчы ў Кіеў з апошнімі вучэннямі прымчаліся брытанскія прадстаўнікі, у прыватнасці саветнік прэм’ер-міністра па нацыянальнай бяспецы Джонатан Паўэл. Пра тое, якія інструкцыі давалі англічане кіраўніцтву Украіны, стала вядома пазней.
А напярэдадні перагавораў Зяленскі ва ўласцівай яму тэатральнай манеры заявіў, што шукае набліжэння міру і працягу падтрымкі ЗША... І ў ноч з 10 на 11 сакавіка (якраз напярэдадні амерыкана-ўкраінскай сустрэчы. — Заўв. аўт.) накіраваў некалькі сотняў беспілотнікаў, начыненых 7 мм паражальнымі элементамі на Маскву, каб зладзіць крывавую бойню... І хоць расійская супрацьпаветраная абарона і адбіла гэту атаку, але ўсё роўна без загінулых і параненых, у тым ліку дзяцей, не абышлося.
Такая цынічная атака выдатна ўпісваецца ў агульны кантэкст брытанскага плана, згодна з якім Маскве будзе прапаноўвацца частковае перамір’е, яно датычыцца ўдараў беспілотнікаў і дальнабойных ракет, а таксама баявых дзеянняў у Чорным моры.
Улічваючы, што ўдары дальнабойнымі ракетамі цяпер не робяцца з-за абмежаванняў па даванні амерыканскіх разведданых, то ўдар беспілотнікамі, напоўненымі паражальнымі элементамі, павінен быў прывесці да шматлікіх ахвяр сярод насельніцтва і заахвоціць Расію ў перспектыве пагадзіцца з брытанскім мірным планам.
На такім фоне пачыналіся перагаворы. З боку ЗША ў іх удзельнічалі дзяржсакратар Марка Рубіа і дарадца па нацыянальнай бяспецы Майк Уолтц, а з боку Украіны — міністр замежных спраў Андрэй Сібіга, кіраўнік офіса прэзідэнта Андрэй Ярмак і міністр абароны Рустэм Умераў.
Безумоўна, галоўная задача амерыканцаў была ў тым, каб прымусіць украінцаў зноў выконваць указанні «гаспадара». Дзеля гэтага і ўводзіліся розныя абмежаванні, выказваліся пагрозы, ладзілася публічная лупцоўка...
У сваю чаргу, як паведамляе французскае інфармацыйнае агенцтва AFP са спасылкай на свае крыніцы, на перагаворах Кіеў прапанаваў брытанскі план спынення агню ў небе і на моры, паколькі такое перамір’е «лёгка ўстанавіць і кантраляваць». Украінскі бок справядліва разлічваў, што падобны падыход заахвоціць Вашынгтон адмяніць сваё рашэнне аб прыпыненні абмену разведданымі і паставак узбраенняў.
Да чаго дамовіліся?
Вынікам шматгадзіннай сустрэчы стала сумесная заява бакоў, што Украіна гатовая прыняць прапанову ЗША аб неадкладным «увядзенні часовага 30-дзённага рэжыму спынення агню, які можа быць прадоўжаны па ўзаемнай згодзе бакоў на ўмовах прыняцця і адначасовага выканання Расійскай Федэрацыяй». Амерыканскі бок, у сваю чаргу, абавязаўся давесці да ведама Масквы, што ўзаемнасць з боку расійскага кіраўніцтва будзе вызначальным фактарам для дасягнення міру.
Па сутнасці, ЗША толькі злёгку падкарэкціравалі брытанскі план, выдаўшы яго за сваё дасягненне, і прымусілі Зяленскага і яго каманду пайсці на выгадныя ім саступкі, у прыватнасці атрымаць згоду на доступ да ўкраінскіх карысных выкапняў і кампенсацыю выдаткаў на амерыканскую дапамогу. Пры гэтым Вашынгтон адмовіўся, а лепш сказаць, саскочыў з пытання аб гарантыях доўгатэрміновай бяспекі Украіны ў выглядзе ядзернага парасона.
У той жа час надзеі ўкраінскага боку апраўдаліся, і адразу ж пасля перагавораў ЗША заявілі аб аднаўленні паставак зброі і перадачы разведданых Украіне. Гэта значыць, узброеныя сілы Украіны зноў змогуць наносіць удары дальнабойнымі ракетамі Storm Shadow/ SCALP-EG, ATACMS па расійскіх гарадах. І хоць гэта было зроблена пад соусам, што Украіна будзе карыстацца гэтымі разведданымі толькі для абароны, але відавочна, што гэта толькі спроба ўсыпіць увагу Расіі.
Таму перагаворы ў Джыдзе варта ацэньваць, у першую чаргу, не як спробу дасягнення ўстойлівага міру, а як жаданне Лондана і Вашынгтона выратаваць свой інструмент супраць Масквы. ЗША і Захаду неабходна перамір’е ў расійска-ўкраінскім канфлікце, хоць невялікае, каб нарасціць магчымасці УСУ, дааснасціць іх узбраеннем, забяспечыць перагрупоўку і падрыхтаваць дадатковыя вайсковыя рэзервы для далейшай вайны. Бо, як прызнаецца тая ж італьянская газета Corrіere della Sera, «тыя, за каго змагаюцца ўкраінцы, — гэта мы, Захад. ...Але перш за ўсё на ўсім Захадзе краіна, за якую ваююць украінцы, — гэта Злучаныя Штаты Амерыкі... Яны ўбачылі ва Украіне магчымасць яшчэ больш аслабіць старога ворага, прымусіць яго захлынуцца крывёю на ўкраінскіх палях бітваў, не страчваючы амерыканскія жыцці, эканамічна знішчыць яго санкцыямі і ізаляцыяй, адначасна заваяваўшы долю рынку ў гандлі газам. Мэта Вашынгтона ніколі не была, каб Кіеў перамог свайго ворага.
...Мэта заключалася ў тым, каб Масква сцякла крывёй».
Сяргей ЧЫЧЫЛАЎ