Мерапрыемствы праводзяцца па даручэнні Прэзідэнта краіны і прадоўжацца да вясны. У прыватнасці, 19-я асобная механізаваная брыгада на працягу пяці дзён адпрацавала комплекс вучэбна-баявых задач.
У рамках вучэнняў прайшлі мерапрыемствы па прывядзенні ў баявую гатоўнасць, пагрузцы матэрыяльных сродкаў і здзяйсненні маршу ў складаных умовах: па незнаёмым маршруце, у лясіста-багністай мясцовасці, пры неспрыяльных умовах надвор’я. Што, дарэчы, стала дадатковым выпрабаваннем для вайскоўцаў. Мароз, снег, ледзяны дождж — бачнасць для выканання шэрагу задач з-за ўсяго гэтага значна абмежаваная. Тым не менш асноўная ўвага ў той жа 19-я асобнай механізаванай брыгадзе — на агнявой падрыхтоўцы. Гэта падмурак баяздольнасці любога падраздзялення, бо, калі своечасовае і дакладнае агнявое паражэнне праціўніку не нанесена, баявая задача не можа быць выканана.
Але адпрацоўваецца не толькі дакладнасць стральбы, але і здольнасць эфектыўна прымяняць штатнае ўзбраенне і тэхніку, а таксама аператыўна ўстараняць затрымкі і няспраўнасці, якія ўзнікаюць у працэсе. Таму вялікую ролю падчас праверкі надаюць аўтаномнасці: наколькі вайскоўцы могуць зладзіцца з праблемамі без прыцягнення штатных тэхнікаў або майстроў. «Стаўка робіцца, вядома, на айчынныя ўзоры ваеннай тэхнікі. Яны нічым не саступаюць замежным аналагам», — падкрэсліў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ. Акцэнт — на беларускіх і расійскіх распрацоўках, укараненне якіх ажыццяўляецца рацыянальна, без урону для эканомікі краіны.
Нароўні з агнявой падрыхтоўкай правяраюцца і тактычныя навыкі — рэльеф балоцістай тэрыторыі часта абмяжоўвае стандартныя прыёмы тактыкі. Дарэчы, як адзначыў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі, нягледзячы на складанае надвор’е, асабовы склад дзейнічаў бадзёра і ўпэўнена, а яго маральна-псіхалагічны стан дазволіў выканаць пастаўленыя задачы.
Напрыклад, у аўторак адпрацоўвалася практыкаванне «Бой у лесе», каб сфарміраваць у вайскоўцаў упэўненасць пры дзеяннях у складзе малых груп (двоек, троек) у складанай мясцовасці, распавёў камандзір разведвальнай роты глыбіннай разведкі разведвальнага батальёна: «Праверка баявой гатоўнасці праходзіць насычана і эфектыўна. Кожны атрымлівае магчымасць папрацаваць са сваім таварышам, умацаваць упэўненасць не толькі ў сабе і сваёй зброі, але і ў сваім браце па зброі».
Па словах Аляксандра Вальфовіча, праверка ажыццяўляецца і ў шэрагу іншых падраздзяленняў.
Усе ваеннаслужачыя абавязаны ў любой абстаноўцы дэманстраваць гатоўнасць да выканання задач па абароне дзяржаўнага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці сваёй краіны: «На чарзе — іншыя злучэнні, воінскія часці Узброеных Сіл. Сёння ўсе камандзіры гадаюць, каго і як закране гэтая праверка, каму з пакетам ад Прэзідэнта прыйдзе дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі. Да гэтага трэба быць гатовым. Людзі ў пагонах у любы час, у любой абстаноўцы павінны быць гатовы ўстаць у строй, умець абараніць сваю Радзіму, нашу любімую Рэспубліку Беларусь».
Нагадаем, што буйнамаштабная праверка, ініцыяваная кіраўніком дзяржавы, стартавала 16 студзеня, і Прэзідэнт ажыццяўляе пастаянны кантроль за яе правядзеннем. Была выпрацавана новая сістэма, якая дае магчымасць кіраўніку дзяржавы напрамую, у абыход Міністэрства абароны і Генеральнага штаба, аддаваць распараджэнні аб прывядзенні воінскіх падраздзяленняў у стан боегатоўнасці. Ключавой задачай з’яўляецца атрыманне дакладнай і непрадузятай ацэнкі рэальнага стану спраў, таму ўсе мерапрыемствы маюць раптоўны характар. Праверка боегатоўнасці ва Узброеных Сілах будзе праходзіць да вясны.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА