Вынікі праверкі гатоўнасці Узброеных Сіл лягуць у аснову ўдасканалення беларускага войска. Пра гэта па выніках дакладу кіраўніку дзяржавы журналістам заявіў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, перадае БелТА.
«Мы цяпер робім прамежкавы аналіз, але, калі скончыцца праверка, несумненна, будзе праведзены дэталёвы аналіз тых праблемных пытанняў і недахопаў, якія будуць выкрытыя падчас праверкі. Усё гэта будзе даложана Галоўнакамандуючаму. Напэўна, Прэзідэнт анансуе нейкі выніковы разбор праверкі, — выказаў меркаванне Аляксандр Вальфовіч. — Вядома ж, яны (вынікі праверкі. — Заўв. БелТА) лягуць у аснову ўдасканалення нашых Узброеных Сіл, падрыхтоўкі і навучання асабістага складу».
Як паведамлялася БелТА, маштабная праверка Узброеных Сіл па даручэнні Кіраўніка дзяржавы пачалася яшчэ 16 студзеня. Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі яе ход. Выпрацавана новая сістэма, пры якой Прэзідэнт, абмінаючы Міністэрства абароны і Генеральны штаб, прыводзіць у баявую гатоўнасць воінскія часці. Першачарговая мэта такой праверкі — убачыць аб’ектыўную карціну. Менавіта таму мерапрыемствы носяць раптоўны характар.