У мінулым годзе ў Беларусі падчас ліквідацыі надзвычайных сітуацый выратавалі 828 чалавек, з іх 99 — дзеці. Пры гэтым прадухілена знішчэнне каля 2 тысяч будынкаў і 346 адзінак тэхнікі. Такая інфармацыя прагучала на пасяджэнні калегіі ратавальнага ведамства ў Мінску, падчас якога падведзены вынікі работы за мінулы год і вызначаны сёлетнія перспектывы, паведаміла БелТА.
Летась падраздзяленні МНС ажыццявілі больш за 102 тысячы баявых выездаў. Усяго ў мінулым годзе ў Беларусі адбылося 6244 надзвычайныя сітуацыі. З іх 6216 пажараў, 22 надзвычайныя сітуацыі прыроднага характару і шэсць — тэхнагеннага.
Міністэрства па надзвычайных сітуацыях у мінулым годзе справілася з усімі пастаўленымі задачамі. Аб гэтым заявіў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, які ўзяў удзел у пасяджэння калегіі ратавальнага ведамства. У той жа час дзяржсакратар звярнуў увагу на тое, што ёсць шэраг праблемных пытанняў, якія патрабуюць карэкціроўкі, удасканалення і рэалізацыі на больш высокім узроўні: «У першую чаргу мяне хвалюе колькасць пажараў, якія адбываюцца ў нашай краіне па віне грамадзян, якія неасцярожна абыходзяцца з агнём, парушаюць правілы выкарыстання бытавой тэхнікі, а таксама кураць і ўжываюць алкаголь. Ёсць пытанні і па лініі работы МНС, якія трэба падкарэкціраваць, накіраваць у патрэбнае рэчышча, таму што здароўе і жыццё людзей — вельмі важны складнік пытанняў нацыянальнай бяспекі. Таксама ёсць некалькі пытанняў па грамадзянскай абароне і па іншых кірунках, якія трэба паправіць».
Акрамя таго, Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што МНС справілася з задачамі па забеспячэнні бяспекі на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ратавальнікі нароўні з Міністэрствам унутраных спраў стаялі ў першым эшалоне гарантавання бяспекі нашых грамадзян. «Усе ўчасткі былі абсталяваны, правераны. Пажарная бяспека была забяспечана, — адзначыў дзяржсакратар. — Мы выбіралі сваю будучыню. Таму перад усімі стаяла найважнейшая задача — забяспечыць і дастойна правесці выбары».