Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч пракаменціраваў журналістам домыслы з-за мяжы аб тым, што ў Беларусі няма ракетнага комплексу «Арэшнік», паведамляе БелТА.
«Галоўнае, што мы ўпэўненыя ў тым, што ў нас ёсць гэта зброя. І, вядома, спадзяёмся, што яна ніколі не спатрэбіцца. Гэта зброя стрымлівання, аховы нашай краіны. Усё, што патрэбна, усё, што было вызначана прэзідэнтамі дзвюх краін, выканана і дзейнічае. А тое, што гавораць нашы апаненты, нашы суседзі... Казаць і рабіць высновы — гэта іх права, — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Добра, што яны не бачаць гэтага «Арэшніка». І правільна, што яны яго не бачаць».
Дзяржсакратар Савета Бяспекі звярнуў увагу, што нядаўна было другое эфектыўнае прымяненне ракетнага комплексу «Арэшнік» Расіяй. «Не хацелася б, каб гэты „Арэшнік“ дзейнічаў з тэрыторыі Беларусі. Яшчэ раз гавару: „Арэшнік“, тактычная ядзерная зброя, якая размешчана на тэрыторыі Беларусі, (патрэбны. — Заўв. БелТА) толькі для абароны тэрыторыі нашай краіны», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.