Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» заявіў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ, паведамляе БелТА.
«Тэндэнцыі ў Еўропе не мяняюцца. Мы бачым, што Еўропа як паставіла курс на дэманстрацыю ваеннай сілы, так яно і ёсць. Ніякіх фактаў, якія ўплывалі б на абвастрэнне сітуацыі, сёння мы не бачым. Але нічога не змянілася: групоўкі, што былі створаны ўздоўж заходняй і паўднёвай граніц, засталіся», — заявіў АляксандрВальфовіч.
Тым не менш, падкрэсліў дзяржсакратар Савета Бяспекі, суседнія з Беларуссю краіны бачаць, што ніякай рэальнай пагрозы з тэрыторыі Беларусі няма. Мінск нікому не пагражае і не канцэнтруе якія-небудзь групоўкі ўздоўж граніц. «Тое, што датычыцца ваенна-сілавога блока, мы займаемся планавай дзейнасцю. Баявая падрыхтоўка ў самым разгары вучэбнага перыяду, праходзіць шэраг трэніровак — аб гэтым дакладваў (Прэзідэнту. — Заўв. БелТА) міністр абароны», — сказаў ён.
«Вядома, групоўкі і сілы, якія створаны для прыкрыцця нашых паўднёвых граніц, выконваюць свае задачы. Гэта сілы спецыяльных аперацый за плячамі пагранічнікаў (якія. — „Зв.“) прыкрываюць, на наш погляд, найбольш небяспечныя напрамкі, дзе можа адбыцца якая-небудзь правакацыя. Усё на планавай аснове», — дадаў Аляксандр Вальфовіч.
Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі, рэзюмуючы аналіз абстаноўкі каля граніц, канстатаваў, што беларускі бок не самазаспакойваецца і трымае сітуацыю на кантролі. «Органы разведкі працуюць у паўсядзённым рэжыме, вывучаюць абстаноўку, праводзяць аналіз. Баявое дзяжурства па проціпаветранай абароне арганізавана ва ўзмоцненым складзе. Мы не здымалі гэтыя сілы і сродкі, таксама прыкрываем найбольш крытычна важныя, на наш погляд, аб’екты, якія могуць паўплываць на эканоміку нашай краіны і мірную працу нашых грамадзян», — рэзюмаваў ён.
Пракаментаваў дзяржсакратар і даручэнне кіраўніка дзяржавы аб накіраванні ў армію нядобрасумленных і недысцыплінаваных работнікаў уборачнай кампаніі. Аляксандр Вальфовіч сцвярджальна адказаў на пытанне аб тым, ці дасць яно эфект. «Я думаю, дасць. Варта аднаго-двух дармаедаў забраць, паставіць у строй для выхавання... Армія — гэта, вядома, не калонія для выпраўлення. Але армія заўсёды прывучала да дысцыпліны. Там, дзе чалавек у пагонах, расхлябанасць проста немагчыма і недапушчальна, — падкрэсліў ён. — Думаю, гэта будзе садзейнічаць самай галоўнай мэце — выхаванню нашага грамадства, прывучэнню да дысцыпліны і ўборкі нашага збожжа, нашага здабытку на належным узроўні і, самае галоўнае, у тэрміны».
Дзяржсакратар Савета Бяспекі звярнуў увагу, што ў баку ад уборачных работ, якія ідуць у Беларусі, не застаюцца і самі людзі ў пагонах. «У свабодны ад службы час дапамогу аказваюць і ратавальнікі, і міліцыя... Працаваў у Смаргонскім раёне і быў прыемна здзіўлены, калі афіцэры, маёры на камбайнах аказваюць дапамогу нашым аграрыям, выконваючы значную і важную задачу», — дадаў ён.