Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў прадставіў сёння ў Гомельскім аблвыканкаме мясцовай вертыкалі і актыву паўднёва-ўсходняга рэгіёна новага памочніка Прэзідэнта Беларусі — інспектара па Гомельскай вобласці Юрыя Валяватага, прызначанага на гэту пасаду кіраўніком дзяржавы 8 ліпеня.
Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка прызначыў Юрыя Валяватага на гэту пасаду 8 ліпеня. Да гэтага ён быў першым намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Між тым Юрый Мікалаевіч — ураджэнец Гомельшчыны, ён нарадзіўся ў Хойніцкім раёне. Скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце. Працоўную дзейнасць праходзіў на розных кіруючых пасадах у Гродзенскай вобласці.
Прадстаўляючы новага памочніка Прэзідэнта — інспектара па Гомельскай вобласці, Уладзімір Пярцоў адзначыў, што падчас кадравага дня кіраўнік дзяржавы паставіў канкрэтныя задачы:
— Сярод акрэсленых кірункаў перш за ўсё — прамысловасць. Нягледзячы на стабільную работу прадпрыемстваў, ёсць рост колькасці стратных прадпрыемстваў. Неабходна трымаць на кантролі галоўныя прадпрыемствы Гомельскай вобласці, такія як БМЗ, «Гомсельмаш», Светлагорскі ЦКК, «Гомельшкло» і іншыя.
Адна з галоўных задач памочніка Прэзідэнта — інспектара па вобласці — работа з кадрамі, кантроль за выканальніцкай дысцыплінай кіруючых работнікаў, дысцыплінай і маральнымі якасцямі ў цэлым, падкрэсліў Уладзімір Пярцоў:
— Назіраць, наколькі тактоўныя ў зносінах з нашымі грамадзянамі дзяржаўныя служачыя, кіраўнікі прадпрыемстваў.
Безумоўным патрабаваннем застаецца недапушчэнне любых карупцыйных праяў і карупцыйных злачынстваў.
— Што датычыцца сельскай гаспадаркі, аб гэтым падрабязна сказаў кіраўнік нашай дзяржавы, — хацелася б, каб усе лепшыя традыцыі і напрацоўкі Гродзенскай вобласці былі прыменены ў Гомельскай. Тым больш што на пасадзе першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Мікалаевіч якраз і курыраваў пытанні сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Таму ёсць усе падставы меркаваць, што пры пастаўленых задачах кіраўніком дзяржавы, пры акрэсленым коле службовых абавязкаў Юрый Мікалаевіч будзе паспяхова працаваць на карысць нашай краіны і на карысць Гомельшчыны, — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Юрый Валяваты прывітаў актыў вобласці, які сабраўся непасрэдна ў аблвыканкаме, і кіраўнікоў раёнаў, якія далучыліся да сустрэчы анлайн. Ён падзяліўся, што адчувае хваляванне ў такі вельмі адказны для яго момант, і падкрэсліў, што разлічвае на сур’ёзную сумесную работу з кіраўніцтвам вобласці, раёнаў, усімі кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый і ўсіх адказных структур:
— Гатовы 24/7 працаваць разам з вамі, як гэта было і ў мінулыя гады ў Гродзенскай вобласці. На Гомельшчыну сапраўды мяне лёс прывёў.
Юрый Мікалаевіч адзначыў, што работа на гомельскай зямлі мае для яго асаблівае значэнне, што ён адкрыты для зносін і гатовы абмяркоўваць пытанні, якія ўзнікаюць, і сумесна шукаць шляхі іх вырашэння. Юрый Валяваты папрасіў кіраўнікоў па кожным напрамку дзейнасці працягнуць прадметнае ўзаемадзеянне. І падкрэсліў, што разлічвае разам з кіраўніцтвам вобласці прымяніць увесь свой прафесійны і асабісты патэнцыял, каб зрабіць усё для развіцця рэгіёна і краіны.
Ад сябе асабіста і ад імя жыхароў рэгіёна яго прывітаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко:
— Тое, што вы прыйшлі працаваць на сваю малую радзіму, дазволіць вам, ужо разумеючы менталітэт Палесся, Гомельскую вобласць, хутчэй увайсці ў курс спраў і выконваць пастаўленыя задачы, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, такім вялікім калектывам для таго, каб Гомельшчына дасягнула высокіх вяршынь. Упэўнены, што атрымаецца выканаць тыя задачы, якія перад вамі і намі ўсімі ставіць Прэзідэнт.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота БелТА