Top.Mail.Ru

Вакцынацыя дзікіх жывёл ад шаленства пройдзе ў Беларусі

Дзікіх жывёл будуць вакцынаваць ад шаленства ў Беларусі. Пра гэта паведамілі БелТА ў прэс-службе Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.


З 18 красавіка па 1 мая будзе праводзіцца супрацьэпізаатычная кампанія. Вакцынацыя будзе ажыццяўляцца з паветра. Для гэтага самалёты раскідаюць над лясамі і палямі спецыяльныя ядомыя прынады з вакцынай унутры.

Прынада ўяўляе сабой шэра-карычневы брыкет вагой 25 г, выраблены з рыбнай мукі і ялавічнага тлушчу. Унутры — капсула з вакцынай.

«Людзям катэгарычна забараняецца браць прынады голымі рукамі, скормліваць іх хатнім гадаванцам, дапускаць кантакт дзяцей з брыкетамі», — папярэдзілі ў Мінпрыроды.


Акрамя таго, у ведамстве расказалі, што рабіць, калі вакцына выпадкова трапіла на скуру ці ў арганізм. «Калі яна трапіла на рукі або адкрытыя ўчасткі цела, трэба старанна вымыць іх з мылам. Пры пападанні ў вочы, нос або рот (а таксама на раны) — неадкладна звярнуцца да ўрача», — растлумачылі ў ведамстве.

У Мінпрыроды папярэдзілі, што вакцынацыя будзе праводзіцца на тэрыторыях лясных масіваў, палях і іншых угоддзях, дзе жывуць дзікія драпежныя жывёлы. Жылыя зоны і вадаёмы апрацоўвацца не будуць.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю