Top.Mail.Ru
238

Ваенныя сувязісты адзначаюць прафесійнае свята

Складаная павуціна камунікацый, кіламетры правадоў і мноства спецыялізаванага абсталявання — вось з чаго складаецца жыццё ваеннага сувязіста. Напярэдадні Дня войскаў сувязі пабывалі ў гасцях у ваеннаслужачых 85-й брыгады сувязі, якія адзначаюць двайное свята — прафесійнае і гадавіну з дня фарміравання гэтай воінскай часці.


Будні сувязістаў

Разам з намеснікам камандзіра 85-й брыгады сувязі па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнікам Уладзімірам Цвятковым мы адправіліся знаёміцца з буднямі тых, хто забяспечвае бесперабойную сувязь у самых розных умовах. На тэрыторыі брыгады воіны-сувязісты разгортвалі лічбавую рухомую радыёрэлейную станцыю Р-414 МБРП «Сасна-2». Гэта складаны працэс, які патрабуе зладжанай работы цэлай каманды спецыялістаў. 

Радыёрэлейная станцыя Р-414МБРП «Сасна-2» — вынік карпатлівай працы інжынераў і канструктараў беларускага Дзяржкамваенпрама. Новыя прынцыпы пабудовы, перадавыя тэхнічныя рашэнні забяспечваюць высокую мабільнасць і жывучасць дадзенай станцыі. Магчымасць арганізацыі большай колькасці радыёрэлейных кірункаў (да сямі лічбавых радыёрэлейных станцый) значна пашырае яе функцыянальнасць. Немалаважнай асаблівасцю Р-414МБРП «Сасна-2» з’яўляецца пластычнасць мадэрнізацыі, якую можна праводзіць без істотных змен канструкцыі. Гэта дазваляе падтрымліваць станцыю на ўзроўні сучасных патрабаванняў, пашыраючы яе функцыянальныя магчымасці ў будучыні. 

За ўсёй гэтай тэхналагічнай магутнасцю стаяць людзі. Менавіта дзякуючы іх ведам, уменням і самаадданасці Р-414МБРП «Сасна-2» становіцца незаменным інструментам у забеспячэнні сувязі. Яны, як сапраўдныя чараўнікі, ператвараюць складаную тэхніку ў надзейны канал перадачы інфармацыі.

9E7A5063.JPG

Сярод армейскіх спецыялістаў, якія разгортваюць станцыю, — начальнік станцыі старшы лейтэнант Уладзіслаў Коўнеў. У 85-ю брыгаду сувязі ён трапіў у 2023 годзе пасля заканчэння Ваеннай акадэміі сувязі імя С. М. Будзённага ў Санкт-Пецярбургу.

«У брыгадзе выдатны калектыў, з першых дзён я адчуў падтрымку і гатоўнасць дзяліцца вопытам, — расказвае афіцэр. — Кожны гатовы падставіць плячо ў цяжкую хвіліну, дапамагчы разабрацца з новай тэхнікай сувязі». 

З мая бягучага года брыгада эксплуатуе лічбавую рухомую радыёрэлейную станцыю Р-414 МБРП «Сасна-2». Гэта самая сучасная станцыя сувязі. Яна валодае каласальнымі магчымасцямі, забяспечваючы радыёрэлейную сувязь, радыёсувязь ва УКХ дыяпазоне, DMR-пакрыццё, валаконна-аптычнае размеркаванне і многае іншае. З ёй сустрэчна працуюць разнастайныя радыёрэлейныя станцыі Р-425, Р-429, Р-424, Р-427 на розных хуткасцях перадачы лічбавага сігналу. Таксама ёсць абсталяванне для перадачы лічбавага сігналу як па аптычных, так і па медных лініях сувязі.

На добрым рахунку ў 85-й брыгадзе сувязі і старшына кантрактнай службы Данііл Пятровіч. Армейскі шлях Данііла пачаўся ў 2021 годзе. Тады ён, выпускнік каледжа, цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з арміяй, выбраўшы службу па кантракце менавіта ў 85-й брыгадзе. Першым крокам на гэтым шляху стала пасада памочніка начальніка рухомай радыёрэлейнай станцыі Р-434 «Цытрус». Тут, пад кіраўніцтвам дасведчаных камандзіраў, ваеннаслужачы атрымаў першыя практычныя навыкі, асвоіў тонкасці абслугоўвання апаратуры і арганізацыі сувязі ў палявых умовах. Стараннасць і імкненне да ведаў не засталіся незаўважанымі. Ужо праз два гады Даніілу даверылі самастойную пасаду — начальніка станцыі Р-434 «Цытрус».

«Гэта быў сур’ёзны выклік, які патрабуе адказнасці і ўмення аператыўна прымаць рашэнні ў складаных сітуацыях, — успамінае старшына. — Неўзабаве мне прапанавалі працягнуць службу на больш сучаснай станцыі — Р-414 МБРП „Хвоя-2“. Гэта найноўшы ўзор тэхнікі, які валодае ўсімі сучаснымі відамі сувязі».

Галоўнае — людзі

Падраздзяленні 85-й брыгады сувязі гатовы да выканання задач па забеспячэнні надзейнай і бесперабойнай сувязі ў любых умовах. На чале падраздзялення стаіць палкоўнік Раман Ягорчанкаў. Асабісты прыклад — яго галоўны інструмент уплыву. Ён не патрабуе ад падначаленых таго, чаго не робіць сам. За тры гады воінская часць сувязі дасягнула значных поспехаў. Камбрыг здолеў стварыць каманду аднадумцаў, гатовых да выканання задач любой складанасці. Яго прафесіяналізм прызнаны як сярод падначаленых, так і сярод вышэйшага камандавання.

9E7A5010.JPG

Падрыхтоўка асабовага складу — адзін з галоўных прыярытэтаў у брыгадзе. Рэгулярныя вучэнні і трэніроўкі, асваенне новай тэхнікі і тэхналогій — усё гэта накіравана на тое, каб у любой сітуацыі ваенныя сувязісты маглі выканаць сваю задачу. 

«Бягучы год выдаўся насычаным для нашай брыгады, — адзначыў Раман Ягорчанкаў. — Асабовы склад прымаў актыўны ўдзел у мерапрыемствах аператыўнай і баявой падрыхтоўкі, уключаючы кантрольныя заняткі па тактыка-спецыяльнай падрыхтоўцы ў войсках сувязі, аператыўна-спецыяльным вучэнні ў войсках сувязі і сумесным стратэгічным вучэнні Узброеных Сіл Беларусі і Расіі „Захад-2025“. Акрамя таго, нашы ваеннаслужачыя забяспечвалі сувязь у рамках кантрольнага занятку з асобным рэактыўным артылерыйскім дывізіёнам Узброеных Сіл Беларусі. Дзякуючы прафесіяналізму і адказнасці калектыву, усе пастаўленыя задачы выкананы ў поўным аб’ёме. У ходзе вучэнняў і трэніровак экіпажы і падраздзяленні адпрацоўвалі шырокі спектр задач па арганізацыі сувязі ў палявых умовах з улікам атрыманага вопыту ад нашых калег, воінаў-сувязістаў Узброеных Сіл Расіі». 

Брыгада робіць стаўку на асваенне і выкарыстанне перадавых тэхналогій і самых сучасных сродкаў сувязі, якія бесперапынна паступаюць на ўзбраенне воінскай часці. Асабовы склад брыгады з энтузіязмам асвойвае новую тэхніку і паспяхова прымяняе яе на вучэннях і ў паўсядзённай дзейнасці. 

У брыгадзе сувязі пануе асаблівая атмасфера. Тут служба — гэта не проста работа, а агульная справа, якая аб’ядноўвае людзей розных узростаў і званняў. Камбрыг ганарыцца кожным сваім падначаленым, бачачы ў іх частку адзінага, зладжанага механізма. Узаемавыручка і давер — прынцыпы, якія ляжаць у аснове баявой работы брыгады. 

Брыгада з гонарам носіць званне адной з лепшых воінскіх часцей у сістэме Узброеных Сіл. Са слоў палкоўніка Ягорчанкава, галоўны скарб брыгады — яе людзі. Менавіта дзякуючы працавітасці, адказнасці і высокаму прафесіяналізму воінскіх сувязістаў брыгада паспяхова выконвае любыя пастаўленыя задачы. І сёння, у дзень свайго юбілею, 85-я брыгада сувязі ўпэўнена глядзіць у будучыню, поўная сіл і энергіі для новых здзяйсненняў на карысць Радзімы.

Алег НЯКАЛА, фота аўтара.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю