Top.Mail.Ru

Ваенныя кінааператары стваралі ўмовы для перамогі і былі гатовыя аддаць за яе сваё жыццё

Старыя кадры кінахронікі могуць перасягнуць сучасныя фільмы па эмацыянальным уздзеянні: ці не з-за таго, што ёсць адчуванне мінулага і людзей, якіх ужо няма? Асабліва, калі гэта кінахроніка ваеннага часу, а тыя, хто яе здымаў, рабілі сваю справу ў надзвычайных сітуацыях.


Патэнцыял кіно

Першая група франтавых аператараў з’явілася яшчэ да вайны дзякуючы рашэнню нарады работнікаў кіно па абароннай тэматыцы. 25 сакавіка 1941 года была створана асаблівая аператарская група, а яе ўдзельнікі залічаны ў шэрагі ўзброеных сіл Чырвонай Арміі.

Ужо праз тры тыдні пасля пачатку вайны было сфарміравана 16 кінагруп. Да гэтага часу няма канчатковых даных пра колькасць людзей, занятых у іх. Паводле апошніх звестак, аператараў і асістэнтаў налічвалася прыкладна 314 чалавек, але гэтыя даныя неканчатковыя: некаторыя гінулі ў першы дзень працы, не паспяваючы нічога зняць, былі і тыя, хто рабіў кадры, якія потым нікуды не ўвайшлі, тлумачаць супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, дзе захоўваецца шмат каштоўнага гістарычнага матэрыялу, да якога сёння звяртаюцца прафесіяналы і архівісты ва ўласных праектах. Намеснік загадчыка аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі гэтага архіва Міхаіл Гарэлік у Музеі кіно прадэманстраваў знакавыя кадры і вылучыў прыярытэты, згодна з якімі здымалася ваенная хроніка на тэрыторыі Беларусі.

Народная вайна

Аказалася, што за 1941 год у архіве мала кіна- і фотадакументаў, і гэта зразумела: на тэрыторыі рэспублікі ішлі абарончыя баі. Першыя хранікальныя кадры, якія можна назваць партызанскімі, адносяцца менавіта да гэтага часу. Паказальныя здымкі ў адным з ваенных лагераў у ліпені 1941 года — адзін са стоп-кадраў сведчыць, што ўжо быў зроблены акцэнт на добраахвотнасці і народным характары барацьбы з акупантамі: можна бачыць не толькі мужчын прызыўнога ўзросту ў цывільным, але і падлеткаў, і жанчын. Так пачыналася тэма ўсенароднай барацьбы, якую заявіў у першым жа ваенным выпуску кіначасопіс «Савецкая Беларусь» (Мінская студыя кінахронікі пачала яго выпуск яшчэ да вайны, а калі яна пачалася, то вымушана была пераехаць у Маскву).

А ў 1942-м партызанскі рух знаходзіўся на стадыі станаўлення. Ёсць рэдкія кадры таго часу, знятыя ў партызанскім атрадзе бацькі Міная ў Суражскім раёне Віцебскай вобласці, дзе ў тым годзе быў разрыў лініі фронту. Асноўны масіў архіўных кінадакументаў, якія змяшчаюць партызанскую хроніку, адносіцца да 43-га — 44-га гадоў.

Акцэнт рабіўся на ролі партызан у разгроме ворага. Напрыклад, зафіксаваны момант, калі лідары беларускага партызанскага руху прыбылі ў Маскву, дзе праходзіла выстаўка разгромленай ваеннай тэхнікі. Героямі сюжэтаў аператараў станавіліся Уладзімір Лабанок, Васіль Корж... Вядомыя кадры легендарнага дзеда Талаша разам з Якубам Коласам. Так ствараўся вобраз рэспублікі-партызанкі, у якой былі свае людзі-сімвалы. У прыватнасці, ёсць сюжэт пра камандзіра партызанскага атрада імя Будзёнага Варвару Вырвіч, якой немцы далі мянушку «Каця», а за яе галаву абяцалі вялікую ўзнагароду.

Але не толькі сюжэты для кіначасопісаў здымалі ваенныя кінааператары, дзякуючы ім ствараліся паўнавартасныя дакументальныя фільмы пра вайну, такія як «Народныя мсціўцы» (1943 год) і «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1945 год).

«Значнай часткай нашых фондаў аб партызанах з’яўляецца так званы летапісны матэрыял, — адзначыў Міхаіл Гарэлік. — У нас такое вызначэнне атрымалі адрэзкі кінахронікі, якая некалі паступала ў архіў. Гэта хроніка, што па нейкіх прычынах не ўваходзіла ў фільмы. Матэрыял разнастайны па тэматыцы, ён раскрывае аспекты барацьбы, якіх няма ў вядомых карцінах аб партызанах». А ёсць жа вельмі ўнікальныя кадры, напрыклад: людзі ў нямецкай форме складаюць зброю і перадаюць яе партызанам, пераходзяць на іх бок...

Салдаты адплаты

Яшчэ адна тэма, якая пройдзе чырвонай лініяй у сюжэтах кіначасопіса, — зверствы акупантаў на тэрыторыі рэспублікі. Паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 2 лістапада 1942 года аб стварэнні Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па ўстанаўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, належала фіксаваць падзеі і наступствы акупацыі, паказаць, які ўрон нанесены дзяржаве і людзям. Такія здымкі былі важныя яшчэ і таму, што мелі статус дакументаў, за якімі — лёс асоб і нават народа. Мы цяпер іх так і ўспрымаем...

У стварэнні сюжэта «Зверствы немцаў у Беларусі» ўдзельнічала аператар Ацілія Рэйзман. Яна наогул шмат здымала ў Полацка-Лепельскай партызанскай зоне пасля яе вызвалення — фіксавала наступствы акупацыі. Працавала і ў тыле ворага сярод партызан Віцебскай вобласці, як і легендарная Марыя Сухава — яны часам перасякаліся. Відавочцы сведчылі, як дзяўчаты аднойчы выйшлі за рамкі сваіх прамых абавязкаў і, узяўшы ў рукі аўтаматы, адбіваліся ад ворага: працаваць на акупаванай тэрыторыі было небяспечна. Лёс Сухавай таму пацвярджэнне. Вясной 1944-га яна здымала на Віцебшчыне. Якраз пачалася нямецкая аперацыя па ліквідацыі партызанскай зоны, прыцягваліся не толькі карнікі, нават войскі з фронту. У выніку партызан заціснулі ў кацёл, яны спрабавалі вырвацца з акружэння. Гэта падзея ўвайшла ў гісторыю як «Ушацкі прарыў». Падчас яго 5 мая Марыя Сухава загінула.

Вядома, што дажыў да Перамогі і нават зняў свой родны Мінск у першыя гадзіны пасля вызвалення яшчэ адзін удзельнік кінагрупы Заходняга фронту — Іосіф Вейняровіч. Ён пражыў доўгае жыццё, у мірны час неаднойчы звяртаўся да ваеннай тэмы не толькі як аператар, але і як рэжысёр.

Аператары-легенды, з няпростым, а то і драматычным лёсам, ці то аўтары, чые імёны засталіся невядомымі, — яны як салдаты адказвалі за свой участак фронту і трымаюць яго дагэтуль: іх кадры выкарыстоўваюцца ў шмат якіх сучасных стужках пра вайну і не толькі. У прыватнасці, у 2023 годзе ў Беларусі на аснове архіўнай кінахронікі быў зманціраваны кінадакумент «Біяграфія маёй краіны».

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю