Top.Mail.Ru

Прэзідэнт паназіраў за ходам трэніроўкі з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння

«Мы займаемся законнай справай і будзем гэтым займацца, абараняючы жыццё нашых людзей»


У чацвер у цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі была абаронная сфера. У ракетнай брыгадзе Узброеных Сіл, якая дыслацыруецца ў Асіповіцкім раёне, Галоўнакамандуючаму далажылі аб задуме правядзення трэніроўкі з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння — адпаведныя мерапрыемствы адпрацоўваюцца сумесна з расійскім бокам. Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з паркам тэхнікі ракетнай брыгады, наведаў камандны пункт камандзіра. Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы паназіраў за работай ракетнага комплексу «Іскандэр-М», нанясеннем умоўнага ракетнага ядзернага ўдара (электроннага пуску). Падчас правядзення сумеснай трэніроўкі з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння Прэзідэнты Беларусі і Расіі звязаліся па відэа-канферэнц-сувязі. 


Планава, не супраць трэціх краін 

Трэніроўка з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння, якая пачалася 18 мая, праходзіць пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першага намесніка міністра абароны Рэспублікі Беларусь Паўла Муравейкі. Трэніроўка праводзіцца ў інтарэсах павышэння гатоўнасці Узброеных Сіл да прымянення сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў. Яе мэта — удасканаленне ўзроўню падрыхтоўкі асабовага складу, праверка гатоўнасці ўзбраення, ваеннай і спецыяльнай тэхнікі да выканання задач, арганізацыя баявога прымянення з няпланавых раёнаў.

Галоўная асаблівасць трэніроўкі — праверка гатоўнасці да выканання задач баявога прымянення з непадрыхтаваных раёнаў на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Асноўны ўпор зроблены на адпрацоўцы пытанняў скрытнасці, перамяшчэння на значныя адлегласці, правядзення разлікаў для прымянення сіл і сродкаў. Трэніроўка з’яўляецца планавым мерапрыемствам падрыхтоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы, яна не накіравана супраць трэціх краін і не нясе пагроз бяспецы ў рэгіёне.


«Калісьці я аб гэтай машыне марыў»

Галоўнакамандуючаму далажылі аб задуме правядзення трэніроўкі з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння. Прэзідэнт азнаёміўся з паркам тэхнікі ракетнай брыгады, пасля чаго наведаў камандны пункт камандзіра. 

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб парадку работы пры падрыхтоўцы і нанясенні ядзернага ўдара (электронны пуск). Пасля чаго непасрэдна была прадэманстравана работа аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М». Ваеннаслужачыя нанеслі ўмоўны ракетны ядзерны ўдар (электронны пуск). Усе дзеянні нічым не адрозніваюцца ад тых, якія праводзяцца ў рэальнай баявой абстаноўцы. За адным выключэннем — электронны пуск, у адрозненне ад баявога, не прадугледжвае запуску ракеты. 


Прэзідэнт паразмаўляў з ваеннаслужачымі, якія складаюць разлік пускавой абстаноўкі. У чарговы раз Галоўнакамандуючы ўказаў на важнае значэнне якаснай падрыхтоўкі асабовага складу, камандзіраў і афіцэраў.

Ваеннаслужачыя падарылі кіраўніку дзяржавы карціну, на якой адлюстраваны аператыўна-тактычны ракетны комплекс «Іскандэр-М». 

«Калісьці я аб гэтай машыне марыў, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А сёння яна ў нас. І не адна. І вы лепш за мяне ведаеце, што гэта добрая зброя».


«Калі нешта ёсць у нашых руках, мы павінны ўмець гэтым карыстацца»

Падчас правядзення сумеснай трэніроўкі з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння, знаходзячыся на пункце ўпраўлення Міністэрства абароны, беларускі лідар выйшаў на сувязь са сваім расійскім калегам. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін звязаліся па відэа-канферэнц-сувязі. 


«Гэта першая такая сумесная трэніроўка, — адзначыў беларускі лідар. — Але па элементах, па складальніках, аказваецца, нашы генеральныя штабы, міністры абароны праводзяць яе штоквартальна. Але без нас. Таму дзякуй ваенным за тое, што запрасілі».


Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ зімой два лідары абмяркоўвалі перспектыву ўдзелу прэзідэнтаў у такой сумеснай трэніроўцы. «Мы нікому абсалютна не пагражаем, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Але ў нас ёсць такая зброя, і мы гатовы ўсяляк абараняць нашу сумесную Айчыну — ад Брэста да Уладзівастока. І будзем гэта рабіць усяляк. Вось адзіная дэманстрацыя з нашага боку. А калі нешта ёсць у нашых руках, мы павінны ўмець гэтым карыстацца».

Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў свайго калегу, што аб’ехаў усе аб’екты, якія маюць дачыненне да тэматыкі трэніроўкі. «Паглядзеў у Беларусі (на ўсходзе, у цэнтры), усе знаходзяцца ў добрым стане, — адзначыў Прэзідэнт. — Тут знаходзяцца генералы расійскія, з якімі я размаўляў. Яны задаволены сумеснай нашай работай. Думаю, што запланаваныя мерапрыемствы пройдуць нармальна. Натуральна, той, хто нешта хоча ўбачыць у гэтым, той убачыць. Але гэта наша справа, мы займаемся законнай справай і будзем гэтым займацца, абараняючы жыццё нашых людзей».


Уладзімір Пуцін падкрэсліў, што выкарыстанне ядзернай зброі — гэта надзвычай выключная мера забеспячэння нацыянальнай бяспекі нашых дзяржаў. «Разам з тым, улічваючы рост напружанасці ў свеце, з’яўленне новых пагроз і рызык, наша ядзерная трыяда, як і раней, павінна служыць надзейным гарантам суверэнітэту Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, забяспечыць вырашэнне задач стратэгічнага стрымлівання, падтрымання ядзернага парытэту і балансу сіл на глабальным узроўні», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Расіі. 


Па словах расійскага лідара, падчас сумеснай трэніроўкі трэба будзе адпрацаваць шырокае кола пытанняў. «Перш за ўсё дзеянні службовых асоб па кіраванні і ўзаемадзеянні пры прымяненні ядзернай зброі, у тым ліку размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», — канкрэтызаваў ён. 

«Усё прайшло арганізацыйна добра»

Пасля відэа-канферэнц-сувязі з Уладзімірам Пуціным Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з журналістамі. 

«Арганізацыйная частка прайшла без усялякіх збояў, — зрабіў выснову Прэзідэнт па выніках сумеснай трэніроўкі. — Разумна, талкова, арганізавана. Узаемадзеянне паміж Генеральным штабам Беларусі і Генеральным штабам Расійскай Федэрацыі наладжана».

Што датычыцца саміх вучэнняў, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта планавыя вучэнні. «Па элементах, як я ўжо сказаў, мы з расіянамі праводзім кожны квартал, — удакладніў беларускі лідар. — Але так комплексна, на вышэйшым узроўні, мы ўпершыню праводзім гэтыя вучэнні».

Аляксандр Лукашэнка паўтарыў, што дамоўленасць аб сумесных вучэннях з воінскімі часцямі баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння з Прэзідэнтам Расіі была дасягнута зімой.

«Гэта было даўно запланаванае мерапрыемства, — канстатаваў ён. — Вы бачыце, што мы не адступілі ні на суткі ад гэтых тэрмінаў. І Прэзідэнт Расіі, нягледзячы на тое, што позна вечарам або ноччу вярнуўся з Кітаю, ён удзельнічаў у гэтых трэніроўках, бо так было дамоўлена. Натуральна, што ў гэтых вучэннях былі задзейнічаны вялікія сілы — тысячы людзей і тэхніка: і ў нас, і ў Расіі. Таму ўсё прайшло арганізацыйна добра». 

Што датычыцца вынікаў трэніроўкі, дакладнасці траплення ў цэлі, па словах Галоўнакамандуючага, начальнік Генштаба Беларусі далажыў, што «трапілі ў капейку». «Вельмі дакладнае было паражэнне, — патлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта сведчыць аб тым, што нашы хлопцы вельмі хутка асвоілі гэтыя перспектыўныя комплексы і ўмеюць з імі працаваць».

Па словах беларускага лідара, у Беларусі і далей будуць развіваць гэтыя кірункі. «Ракетабудаванне — адзін з новых кірункаў, — канстатаваў ён. — Мы ўдасканальваем сёння нашы „Паланэзы“. Хаця, вы ведаеце, зусім нядаўна мы іх узялі на ўзбраенне, вырабілі ў сябе, да цяперашняга часу ўдасканальваем тую ракету, якую мы калісьці стваралі з нашымі сябрамі з Кітайскай Народнай Рэспублікі. Працы ідуць як з Кітаем, так і з Расіяй».

Па словах Прэзідэнта, у бліжэйшы час будуць атрыманы даныя пускаў ракет, ажыццёўленыя ў сяброўскіх нам дзяржавах. «Бо ў нас такіх палігонаў няма, таму даводзіцца нам выкарыстоўваць палігоны нашых сяброў, — патлумачыў ён. — У бліжэйшы час мы атрымаем дакладныя вынікі і расійскіх пускаў ракет. Я думаю, што ўсё будзе нармальна, бо гэта не першыя пускі. Я задаволены гэтымі вучэннямі».

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на пытанні захоўвання самай перадавой зброі, што Галоўнакамандуючы ўбачыў асабіста. «Былі і генералы расійскія, якія з зайздрасцю глядзелі на тое, як мы захоўваем не толькі боепрыпасы, але і нашы пускавыя ўстаноўкі, якія паступілі да нас з Расійскай Федэрацыі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — У дадзеным выпадку самы перспектыўны і эфектыўны комплекс „Іскандэр“. Вы гэта ўсё маглі назіраць, нічога не хавалі. Таму я задаволены гэтымі вучэннямі». 

Пры гэтым, як удакладніў Прэзідэнт, гэта толькі верхняя частка айсберга, якую ўдалося ўбачыць. Дагэтуль, па яго словах, прайшлі вельмі сур’ёзныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы, якія беларускія ваеннаслужачыя ўмеюць арганізоўваць.


«Гэта сігнал таго, што мы маем самае сучасную зброю і ўмеем ёй карыстацца»

У Прэзідэнта спыталі, як ён ацэньвае рэакцыю Захаду на сумесную беларуска-расійскую трэніроўку.

«Тое, што ў іх там нярвовая рэакцыя, мы гэта бачым, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Міністр абароны мне далажыў аб беспілотных лятальных апаратах войск НАТА, якія баражыруюць уздоўж нашых граніц і якія вельмі ўважлівым чынам назіраюць за тым, што адбываецца ў Рэспубліцы Беларусь. Мы таксама назіраем за сваімі суседзямі. За тымі краінамі — на тую глыбіню, на якую мы можам сёння назіраць. Глыбіня прыстойная. Тут ёсць і сродкі выяўлення і назірання салідныя. Самыя перадавыя. Задзейнічаныя і з Расійскай Федэрацыі. Таму мы таксама бачым, што там адбывалася». 

Гэта істэрыя на Захадзе, як заўважыў беларускі лідар, зразумелая, але дарма. «Я ж кажу: кожны квартал па элементах мы праводзім падобныя вучэнні, таму бясіцца не трэба, — параіў Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, перажываюць наконт таго, што ў гэтых вучэннях прымаюць удзел і прэзідэнты. Калі хочаце, гэта сігнал. Гэта сігнал таго, што мы маем самае сучасную зброю і ўмеем ёй карыстацца».
Па словах кіраўніка дзяржавы, каб умець карыстацца ёй дасканала, мы і ўдасканальваемся, праводзячы гэтыя вучэнні. «Такія вучэнні ўсе праводзяць, у тым ліку ядзерныя дзяржавы, якія маюць на ўзбраенні ядзерную зброю, — канстатаваў Прэзідэнт. — У адваротным выпадку навошта гэтая зброя, калі ёй не ўмець карыстацца? Каб умець, трэба трэніравацца. Усё вельмі проста. Заўтра ўсё супакоіцца і вернецца на колы свае. Я ў гэтым ніколькі не сумняваюся».

«Калі не дай Бог — мы цырымоніцца не будзем»

У чарговы раз Аляксандр Лукашэнка паўтарыў: у Беларусі рыхтуюцца да вайны, каб яе не было. «Не будзе гэтай вайны — ну, і дзякуй Богу, што яе не будзе, — сказаў ён. — Мы не хочам гэтай вайны. Але мы памятаем урокі 1939, 1941 гадоў. Вы памятаеце, што ажно да Масквы фашысты дайшлі. Чаму? Бо адны верылі, што вайна пачнецца, іншыя сумняваліся, думалі, што гэта дэзінфармацыя. Таму на ўсялякі выпадак мы рыхтуемся па поўнай праграме. А ўжо будзе вайна або не — гэта не ад нас залежыць».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ні з кім не збіраецца ваяваць. «Калі нас ніхто не будзе чапаць, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Ціхая, спакойная, прыгожая краіна, як вы бачыце. Мы гатовы і далей так жыць. Але калі будзе ажыццёўлена агрэсія, вы ж разумееце, мы ж мужыкі».

Пры гэтым Галоўнакамандуючы заўважыў, што сёння ўжо складана і нельга сказаць, што наша армія мужчынская: вельмі шмат жанчын ваеннаслужачых. «Вось тыя, хто служыць, яны першымі павінны стаць на абарону таго, што мы сёння ўмеем, — падкрэсліў ён. — Абараніць нашых жанчын, каханых, дзяцей, унукаў і нашу краіну — такую зялёную і прыгожую. Таму нікому не пагражаем. Ні ў якім разе. Але калі не дай Бог — мы цырымоніцца не будзем».

«Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся»

Журналісты пацікавіліся меркаваннем Прэзідэнта наконт заяў і пагроз з боку Уладзіміра Зяленскага наконт таго, што будзе, калі Беларусь будзе ўцягнута ў вайну.

«Я ніяк не рэагую на тую балбатню, якая ідзе з Кіева, у тым ліку і ад прэзідэнта Зяленскага, — заявіў беларускі лідар. — У гэтым выпадку я спрабую яму спачуваць: ідзе вайна, усялякае можа быць, чалавек знаходзіцца пад прэсам сур’ёзным, высноў, на жаль, рабіць не хоча і аналізаваць абстаноўку. Можа, я не ўсё ведаю. Гэта яго справа. Таму я не рэагую, разумеючы, што рознае можа быць у чалавека».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь будзе ўцягнута ў вайну толькі ў адным выпадку — калі на нашу тэрыторыю будзе здзейснена агрэсія. «І тут ужо не ўцягнута (вы чулі з вуснаў Прэзідэнта Расіі), мы будзем разам абараняць нашу Айчыну — ад Брэста да Уладзівастока, дзе размешчаны дзве дзяржавы, — падкрэсліў ён. — Не сакрэт, я таксама пра гэта казаў. Таму калі і будзем мы ўцягнуты ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны зробяць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці: ні грамадзянскай, ні ваеннай. Нікому не трэба ваяваць». 

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што яго не трэба палохаць падобнымі заявамі. «Бо я ведаю, якая абарона ва Украіне на іх тэрыторыі, на іх частцы граніцы, — патлумачыў Прэзідэнт. — І я не хачу, каб гэтыя хлопцы, якіх яны там ловяць, захопліваюць, перахопліваюць і накіроўваюць у тым ліку на абарону беларускага ўчастка граніцы, гінулі. Бо я разумею, што гэта такія людзі, як вы. І жанчын, і мужыкоў — усіх грабуць і тэрытарыяльную гэту абарону выстаўляюць супраць беларускай арміі на гэтай граніцы. Я не хачу, каб яны гінулі, гэтыя непадрыхтаваныя людзі. Па-другое, мы добра ведаем абарону ўкраінскай граніцы, я не хачу, каб там гінулі нашы людзі, дарэмна гінулі».

Аляксандр Лукашэнка параіў Уладзіміру Зяленскаму супакоіцца, адумацца, прааналізаваць сітуацыю ва Украіне і на фронце і зрабіць адпаведныя высновы — правільныя. «Калі ён хоча пра нешта паразмаўляць, параіцца ці яшчэ нешта — калі ласка, мы адкрытыя для гэтага, — заўважыў Прэзідэнт. — У любым пункце — Украіны, Беларусі — я гатовы з ім сустрэцца і абмеркаваць праблемы беларуска-ўкраінскіх адносін. І, можа, пагаварыць аб перспектывах. Чамусьці з амерыканцамі, немцамі, палякамі, літоўцамі і латышамі нам ёсць аб чым размаўляць, а з Украінай няма пра што».


«Украінскі народ вайны з беларускім народам не хоча»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, калі ён чуе з Кіева і ад Уладзіміра Зяленскага падобныя заявы, думае над пытаннем, навошта гэта робіцца. «Я не хвалююся за тое, што яны нашых збеглых туды цягаюць ва Украіну і з імі спрабуюць неяк устанавіць адносіны, — заўважыў беларускі лідар. — Гэта такі элемент шантажу і запалохвання. Вы ж разумееце, гэта не для мяне. Я на шантаж і запалохванне навучыўся рэагаваць».

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што Зяленскі не хоча ваяваць з Расіяй і Беларуссю. «Я ведаю меркаванне ваенных украінскіх, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — Ім дадатковы фронт не патрэбны. Тады паўстае пытанне: навошта нас шантажыраваць і ажыццяўляць эскалацыю ў беларускім кірунку прэзідэнту Украіны? Ну навошта? Па-першае, падштурхоўваюць еўрапейцы. Яны бачаць, што мы з амерыканцамі вядзем пэўны дыялог. Ім гэта не ўсім падабаецца, таму так спрабуюць падштурхнуць Зяленскага, бо Зяленскі ж маўчаў. Ну, Валодзю Зяленскаму прыйшлося нешта гаварыць».

Беларускі бок, па словах Прэзідэнта, як бы каму не хацелася, на гэта не рэагуе. «Мы не будзем рэагаваць на ўсе яго заявы, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы ведаем галоўнае: украінскі народ вайны з беларускім народам не хоча. І мы будзем усё рабіць для таго, каб гэтай вайны не адбылося. З нашага боку вы можаце быць жалезабетонна ўпэўнены, што ўцягвацца ў вайну з Украінай мы не збіраемся, мы не маем намеру».

Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі бачаць сітуацыю. «Нашы Узброеныя Сілы выведзены з месцаў сталай дыслакацыі і размешчаны на кірунку галоўнага ўдару, мы там дзяжурым, — заўважыў ён. — Ці трэба гэта нам? Ну, так, трэніруюцца вайскоўцы, але лепш, каб яны былі ў казармах. Спакойна, ціха, па распарадку. Пажадана, каб яны былі дома. Але даводзіцца дзяжурыць. Такі лёс наш».

«Эканоміка і бяспека — сёння пытанні першараднай важнасці»

Па словах Прэзідэнта, яго насцярожвае той факт, што за мяжой пачалі вельмі інтэнсіўна крычаць аб тым, што заўтра Расія на іх нападзе. «Яны як быццам інфармацыйна рыхтуюць атаку на нас, — выказаў меркаванне беларускі лідар. — Гэта мяне насцярожвае. Таму мы ўсяляк будзем да гэтага рыхтавацца. Міністр абароны мне сёння тры гадзіны дакладваў аб сітуацыі ў нашым войску, пачынаючы ад сховішчаў боепрыпасаў, заканчваючы кадравымі пытаннямі».

Па словах Прэзідэнта, тэма арміі і гарантавання бяспекі кожны дзень знаходзіцца ў яго полі зроку.

«Калі мы менш гаворым аб арміі цяпер, чым аб пасяўной кампаніі, гэта не значыць, што мы гэтым не займаемся, — удакладніў ён. — Кожны дзень, прынамсі ў мяне, гэта тэма на стале. І я разумею, што эканоміка і бяспека — сёння пытанні першараднай важнасці. Так будзе і далей. Таму жывіце спакойна, не хвалюйцеся. Не дай Бог нешта — вы бачылі ўжо ядзерную трэніроўку. Ніхто тут нічога думаць не будзе. Як толькі напалі на нас, як толькі ажыццявілі агрэсію — адразу атрымаюць адказ усімі відамі зброі. У адваротным выпадку, навошта мы яе трымаем у сябе? Гэта адназначна. І гэта для нас вельмі важна. І ў гэтым кірунку будзем дзейнічаць. Нікому не пагражаем. Не чапайце нас. Мы вас тым больш чапаць не збіраемся».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Асіповіцкі раён

Даслоўна

«Зладжванне падраздзяленняў — гэта паспяховае выкананне задачы» 

Як адзначыў у размове з журналістамі камандзір ракетнай брыгады Аляксандр КРАЎЦОЎ, пуск адбыўся штатна. «Кіраўніку дзяржавы ўсё было даложана, паказана», — удакладніў афіцэр.

Па яго словах, электронны пуск амаль нічым не адрозніваецца ад баявога. «Адрозненне толькі ў тым, што выраб не сыходзіць з накіроўваючай пускавой устаноўкі, — патлумачыў Аляксандр Краўцоў. — Увесь цыкл і ўсе рэжымы адпрацаваны ў поўным аб’ёме ўсімі разлікамі. Баявы і навучальны цыклы праходзяць цалкам аднолькава».

Што датычыцца электроннага пуску, камандзір брыгады адзначыў, што камандна-штабная машына цалкам дазваляе адсачыць цыкл усіх аперацый. «На табло ў аператара будзе высвечана, што пуск выкананы, — заўважыў ён. — Калі не выкананы, будзе ўказана прычына, чаму так адбылося. Усё гэта адлюстроўваецца на аўтаматызаваных працоўных месцах на камандна-штабной машыне».

Гаворачы аб гатоўнасці асабовага складу да выканання пастаўленых задач, Аляксандр Краўцоў падкрэсліў, што падрыхтоўка ваеннаслужачых ніколі не спыняецца, гэта пастаянны працэс. Ваеннаслужачыя, па яго словах, на ўсіх этапах заўсёды гатовы выканаць пастаўленыя задачы.

«Цяпер прыходзіць новае папаўненне — зноў пачынаецца навучанне і падрыхтоўка асабовага складу, у тым ліку тых, хто ўжо навучаны, — дадаў камандзір брыгады. — Зладжванне падраздзяленняў — гэта паспяховае выкананне задачы ў цэлым».

Даслоўна 

«Мы будзем гарантаваць нашу бяспеку, а ў Беларусі будзе мір» 

Як адзначыў у размове з журналістамі начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл — першы намеснік міністра абароны Павел МУРАВЕЙКА, беларускія ваеннаслужачыя ў чарговы раз пацвердзілі: цяжка ў вучэнні, лёгка будзе ў баі. «Але самае галоўнае, пакуль мы гатовыя, здольныя і разумеем, што абарона Айчыны — гэта важная і святая роля, мы будзем гарантаваць нашу бяспеку, а ў Беларусі будзе мір», — падкрэсліў ён. 

Гаворачы пра ход сумеснай трэніроўкі, начальнік Генштаба звярнуў увагу на тое, што ракетныя часці і часці авіяцыі адпрацоўвалі пытанні разгрупавання і падрыхтоўкі да нанясення ўдараў з выкарыстаннем спецыяльных боепрыпасаў. «Нашы афіцэры, баявыя разлікі, разлікі камандных пунктаў атрымалі вопыт па перадачы адпаведных каманд, рэалізацыі задач па планаванні і нанясенні агнявога паражэння і выканалі гэтыя задачы ў ходзе вучэння з дастаткова высокай якасцю, — канстатаваў ён. — Адзін з нашых ракетных дывізіёнаў правёў рэальныя баявыя пускі ракетамі «Іскандэра» на палігоне Расійскай Федэрацыі. Ужо прыйшлі першыя вынікі: адхіленне ракеты ад кропкі падзення склала адлегласць менш за адзін метр — фактычна ракета трапіла «капейка ў капейку». 

Па словах начальніка Генштаба, гэта вельмі добры вынік. «Гэта добрыя навыкі, якія дадуць наступным пакаленням ракетчыкаў добры імпульс рыхтавацца і асвойваць гэтую сучасную і магутную зброю», — дадаў Павел Муравейка. 

Ён праінфармаваў, што авіятары адпрацавалі вялікі комплекс мерапрыемстваў па разгрупаванні, маскіроўцы, заняццю дастаткова шырокіх элементаў нашай інфраструктуры для таго, каб забяспечыць жывучасць авіяцыі і гарантаванае выкананне пастаўленай задачы. «Усё атрымалася, — адзначыў першы намеснік міністра абароны. — Безумоўна, ёсць некаторыя шурпатасці, але яны не ўплываюць на агульныя вынікі. І ракетчыкі, і авіятары з задачамі справіліся выдатна».  

Асобна Павел Муравейка спыніўся на завяршальным этапе трэніроўкі. «Войскам трэба будзе ажыццявіць перамяшчэнне ў новыя пазіцыйныя раёны, згарнуцца і ў далейшым здзейсніць маршы ў пункты пастаяннай дыслакацыі, — канстатаваў ён. — Гэта таксама важны элемент падрыхтоўкі, бо маршы будуць здзяйсняцца на вялікія адлегласці, ва ўмовах перасечанай мясцовасці, частка з іх уначы — для таго, каб забяспечыць падрыхтоўку вайскоўцаў да дзеянняў у любых умовах абстаноўкі, у любы час дня і ночы».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю