Top.Mail.Ru

Ваеннаслужачыя новага папаўнення прынялі ваенную прысягу

Не толькі святы абавязак...


24 мая ў злучэннях і воінскіх часцях Узброеных Сіл краіны было асабліва шматлюдна. Тут прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя прынясенню ваеннай прысягі новым папаўненнем. У гэты дзень клятву на вернасць народу прынеслі каля 8 000 ваеннаслужачых, прызваных на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве. З іх — больш за 2 500 чалавек — у 72-м гвардзейскім аб’яднаным навучальным цэнтры падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. У найбуйнейшым навучальным злучэнні Узброеных Сіл ва ўрачыстых мерапрыемствах узяў удзел міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін. Карэспандэнты «Звязды» сталі сведкамі ўрачыстага воінскага рытуала і дзеляцца ягонымі падрабязнасцямі. 

Ваенная прысяга ва Узброеных Сілах па добрай традыцыі праводзіцца ў прысутнасці родных і блізкіх навабранцаў.

Працяг эстафеты па абароне суверэнітэту і незалежнасці

Сёння тысячы маладых людзей зрабілі важны крок у дарослае жыццё — прысягнулі на вернасць народу Рэспублікі Беларусь. Пра гэта, звяртаючыся да прысутных, заявіў міністр абароны генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін: «Сёлета мы адзначаем знамянальны юбілей — 80-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Нашы дзяды і прадзеды адстаялі свабоду нашай Радзімы і падарылі нам мір. Памяць аб іх подзвігу жыве ў нашых сэрцах і нашых справах. Сёння мы з вамі працягваем эстафету па абароне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі ў сучасных няпростых умовах». 

1748077481115.jpg

Як адзначыў кіраўнік ваеннага ведамства, нягледзячы на напружаную абстаноўку каля нашых межаў, у краіне надзейна забяспечаны мір, стабільнасць і бяспека — галоўныя каштоўнасці беларускага народа: «Немалая заслуга ў гэтым належыць Узброеным Сілам. Яны аснашчаны сучаснымі ўзорамі ўзбраення і ваеннай тэхнікі, у іх створаны аптымальныя ўмовы для паўсядзённага жыцця і службы. Бо галоўнае ў арміі — гэта людзі. Тыя, хто сёння выконвае вучэбна-баявыя задачы, хто нясе баявое дзяжурства, забяспечваючы мірную працу грамадзян краіны». 

Служба ў арміі для кожнага маладога чалавека — гэта не толькі святы абавязак, але і магчымасць навучыцца абараняць сваю краіну. «Сёння, прыняўшы прысягу, вы зрабілі складаны і адначасова вельмі адказны крок у вашым жыцці. Шлях станаўлення абаронцы Радзімы — гэта цяжкая мужчынская праца. Наперадзе ў вас напружаная баявая вучоба, удзел у вучэннях, засваенне сучаснай тэхнікі. Будзе нялёгка, часам — вельмі складана. Але я ўпэўнены ў тым, што вы з гонарам пераадолееце любыя выпрабаванні, бо тут, у страі, стаяць сапраўдныя мужчыны, сапраўдныя патрыёты сваёй краіны. Вам усё па плячы, — сказаў навабранцам міністр абароны. — Побач з вамі заўсёды будуць вашы калегі, вопытныя камандзіры, сябры, якія заўсёды дапамогуць, падкажуць і навучаць нялёгкаму ваеннаму рамяству». 

Кіраўнік ваеннага ведамства ўпэўнены, што вайсковая загартоўка, веды і навыкі, якія ваеннаслужачыя новага папаўнення атрымаюць у арміі, памяць аб службе і моцнае мужчынскае сяброўства, загартаванае ратнымі буднямі, застануцца з імі на ўсё жыццё.

Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін падзякаваў бацькам ваеннаслужачых за выхаванне сапраўдных патрыётаў сваёй краіны: «Мая асаблівая ўдзячнасць вам за цярпенне і тыя намаганні, якія вы прыклалі да выхавання сыноў. Вы выгадавалі іх сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны, якія разумеюць значнасць службы ва Узброеных Сілах для забеспячэння бяспекі Радзімы». Кіраўнік ведамства павіншаваў асабісты склад, усіх прысутных з прыняццем ваеннай прысягі, пажадаў здароўя і поспехаў у свяшчэннай справе служэння Радзіме — Рэспубліцы Беларусь.

«Першы крок у дарослае жыццё»

У размове з журналістамі міністр абароны падкрэсліў: «Нашы людзі цалкам падтрымліваюць шлях развіцця краіны, абраны нашым Прэзідэнтам. Для нас гэта дадатковы стымул да якаснай баявой вывучкі». Таксама міністр расказаў пра тое, што трэба будзе асвоіць навабранцам падчас службы ў арміі: «Для большасці сённяшніх навабранцаў гэта ўжо першы сур’ёзны крок у самастойнае жыццё. Ім прыйдзецца пераасэнсаваць каштоўнасці, загартоўвацца фізічна, набыць сяброў, асвоіць новыя ўзоры тэхнікі, якія сёння актыўна паступаюць ва Узброеныя Сілы. Літаральна на наступным тыдні да нас паступіць на ўзбраенне сучасны самалёт Су-30СМ2. Верталёты Мі-35, БТР-82А, тэхніка па напрамках радыёэлектроннай барацьбы, беспілотныя авіяцыйныя комплексы, якія таксама да нас паступаюць. І Беркут-3, і Арлан — гэта ўсё трэба будзе нашым навабранцам вывучыць і навучыцца прымяняць на практыцы». 

  • Генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін анансаваў: «Сёлета мы будзем праводзіць вучэнне «Захад — 2025», вучэнні па лініі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы, пройдзе вялікая колькасць розных праверак, палявых выхадаў, баявой вучобы — гэта ўсё будзе класціся на плечы нашых прызыўнікоў. Я тут, шчыра кажучы, не сумняваюся, што нашы людзі гэта ўсё асвояць, з гонарам і годнасцю вытрымаюць, атрымаўшы тую загартоўку, тую ваенную ўліковую спецыяльнасць, якая ў іх вызначана». 

Міністр абароны яшчэ раз падзякаваў бацькам, якія годна выхавалі годных сыноў, што сталі паўнавартаснымі абаронцамі Радзімы. «Нашы людзі цалкам падтрымліваюць шлях развіцця краіны, абраны нашым Прэзідэнтам. Для нас гэта дадатковы стымул да якаснай баявой вывучкі. Таму што ў нас ёсць што абараняць і, на жаль, ёсць ад каго абараняць», — падагульніў кіраўнік ваеннага ведамства. 

«Абараняць нашу Радзіму — наша агульная мэта і задача»

Паветра на пляцы 72-га гвардзейскага аб’яднанага навучальнага цэнтра было прасякнута эмоцыямі. Яно і не дзіўна, бо праз доўгі месяц расстання родныя і блізкія ваеннаслужачых ўпершыню ўбачылі сваіх сыноў. А сярод тых, хто сёння прысягнуў на вернасць Радзіме, — гвардыі радавы Раман Круцько з горада Паставы Віцебскай вобласці. Яго мама Анастасія Падпратава падзялілася сваімі перажываннямі з прэсай: «Сёння для нашай сям’і вельмі хвалюючы дзень. У мяне ўпершыню такое... Эмоцыі неапісальныя, вельмі хвалююся, але спадзяюся, што адслужыць годна і ўсё будзе добра. Майму малодшаму сыну сёлета спаўняецца 7 гадоў. Некалі і яго будзем адпраўляць на службу. Я паказвала яму фатаграфію старэйшага брата, дык той яго нават не пазнаў. «Гэта што, наш Рома?! Крута!» — такая была рэакцыя ў малодшага сына. Ён сказаў: «Мам, я таксама абавязкова стану ваенным, таксама буду такім прыгожым і моцным». І я на гэта вельмі спадзяюся. Я шчыра ганаруся тым, што мой старэйшы сын цяпер — сапраўдны абаронца, мая апора і падтрымка». 

1748074716856.jpg

Новаспечаны абаронца Айчыны гвардыі радавы Раман Круцько прызнаўся, што спачатку перажываў: «Але ўсё атрымалася! Гэты месяц прайшоў вельмі хутка, і мне сапраўды падабаецца служыць. Асабліва спадабаліся заняткі па агнявой падрыхтоўцы. Прызнаюся шчыра: на першых стрэльбах не трапіў ні разу па мішэні. Тады вельмі засмуціўся, перажываў цэлы дзень. Але ўжо ў наступны раз я паспяхова справіўся з пастаўленай задачай, і быў вельмі рады. Акрамя таго, мы вывучаем тактычную і спецыяльную падрыхтоўку, вучым воінскія статуты і многае іншае. Упэўнены, што служба пройдзе цікава і хутка». 

Святлана Каросцік з Барысава прыехала на цырымонію прыняцця ваеннай прысягі, каб падтрымаць свайго сына Сямёна. «Вельмі хачу ўбачыць, як мой сын будзе прысягаць на вернасць сваёй Радзіме, стане сапраўдным абаронцай Айчыны. Сёння адчуваю ўрачыстыя, узнёслыя эмоцыі і, вядома ж, радасць за свайго сына, радасць за тое, што ён трапіў менавіта ў гэтую добрую вучэбную часць. Я вельмі спадзяюся, што яму тут спадабаецца і ён даведаецца шмат чаго новага. Спадзяюся, пасля службы ў арміі перад ім адкрыюцца новыя магчымасці». 

 1748074766523.jpg

На думку маці ваеннаслужачага, у сённяшні неспакойны час пайсці на службу ў армію, навучыцца абараняць краіну — проста неабходна: «Кожны мужчына павінен ведаць, як абараніць сваю Радзіму, своечасова стаць на яе абарону і выканаць свой абавязак да канца». 

Сын жанчыны, гвардыі радавы Сямён Каросцік, падкрэсліў: служыць у арміі зусім не страшна. За плячыма маладога чалавека — заняткі па агнявой падрыхтоўцы і не толькі: «Больш за ўсё мне запомнілася абкатка БТРам. Такія заняткі неабходныя, каб быць гатовым псіхалагічна. Мы выконвалі заняткі вучэбных стрэльбаў, капалі акопы, насілі бронекамізэлькі, вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу, вывучалі воінскія статутыф. Я б не сказаў, што ўсё гэта цяжка, бо для сапраўднага мужчыны ўсё па плячы». 

Ваеннаслужачы новага папаўнення развеяў міф пра дзедаўшчыну ў арміі: 

«Яе няма і быць не можа. У нашым падраздзяленні пануе атмасфера ўзаемадапамогі і ўзаемаразумення. Нашы камандзіры адказна сочаць за дысцыплінай, заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу па любым пытанні. Перакананы, што прайсці праз армейскую школу павінен кожны. Бо ўмець у выпадку чаго абараняць нашу Радзіму — наша агульная мэта і задача». 

Дарэчы, гвардыі радавому Сямёну Каросціку служыць усяго год. За плячыма ваеннаслужачага — вучоба ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, работа ў сферы IT. Ён перакананы: служба ў арміі — важны складнік у жыцці кожнага маладога чалавека. Яна загартоўвае характар, фарміруе сапраўдныя мужчынскія якасці. 

Для гвардыі радавога Ільі Менца з Мінска дзень прыняцця ваеннай прысягі дакладна запомніцца назаўжды. Ва ўрачыстай абстаноўцы, на вачах тысяч чалавек ён зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Валерыі. 

Ваеннаслужачы новага папаўнення падзяліўся сваімі ўражаннямі ад гэтага важнага дня: «Ідэя зрабіць прапанову ў дзень прыняцця прысягі з’явілася яшчэ да таго, як прызвалі ў армію. З Лерай мы знаёмыя ўжо тры гады, з іх паўтара — разам. Упэўнены, што разам мы зможам прайсці праз любыя няўзгоды. Яна абавязкова дачакаецца мяне і тады мы зробім вялікую сям’ю!».

1748074849984.jpg

Падтрымаць ваеннаслужачага прыехалі самыя блізкія: бабуля і сястра. Яны таксама падзяліліся сваімі ўражаннямі: «Адчуваю сябе на сёмым небе ад шчасця! — захапляецца бабуля навабранца Марыя Менц. — Гэта мой самы любімы ўнук, а ў мяне іх шмат! Ён мой самы вялікі памочнік, мая апора і падтрымка! Я кожныя выхадныя прыязджаю сюды разам з унучкай з Мінска, яна таксама вельмі сумуе па сваім брату». Жанчына прызналася: яе самая вялікая мара, каб унук Ілья стаў сапраўдным абаронцам краіны, каб над намі заўсёды было светлае, чыстае неба. 

Сястра ваеннаслужачага Марыя Менц у шоку (у добрым сэнсе) ад таго, як моцна змяніўся яе брат: «Ён стаў больш мужным, разважае па-даросламу. Калі шчыра, я неяк не ўяўляла яго ў ваеннай форме, не чакала, што ён пойдзе ў армію, бо яго вельмі доўга не прызывалі, а ў адзін цудоўны момант усё — давялося развітацца з грамадзянскім жыццём. Праводзілі ўсёй сям’ёй. Думаем, служба ў арміі пойдзе яму на карысць. Патрапіўшы сюды, ён нарэшце пераступіў парог у дарослае жыццё». 

Пасля заканчэння ўрачыстага мерапрыемства ваеннаслужачыя новага папаўнення адправіліся ў першае звальненне. У далейшым навабранцаў чакае інтэнсіўная баявая вучоба, удзел у вучэннях, баявых стрэльбах, палявых выхадах, засваенне ваеннай тэхнікі. Безумоўна, яны з гонарам і годнасцю выканаюць свой воінскі абавязак!

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

Барысаўскі раён

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю