Сярод узнагароджаных — 61 ваеннаслужачы. Сямёра з іх з’яўляюцца ўладальнікамі запаветнага галаўнога ўбору — крапавага берэта. Атрымаўшы найвышэйшы ўзровень падрыхтоўкі, большасць гэтых хлопцаў прадоўжаць службу ў сілавых структурах нашай краіны.
Звяртаючыся да прысутных, першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі — начальнік штаба генерал-маёр Аляксандр БЫКАЎ выказаў ад імя камандавання ўдзячнасць за годную службу. «Вы паказалі, якім павінен быць сапраўдны абаронца — моцным, сабраным, гатовым працаваць у камандзе і несці адказнасць, што вельмі важна, — адзначыў ён. — Вы служылі не для птушачкі, а кожны дзень працавалі на вынік. Праяўлялі вытрымку, дысцыпліну і мужчынскую сталасць. Служба зрабіла вас моцнымі і надзейнымі прафесіяналамі, на якіх можна разлічваць у любой сітуацыі. І мы ад усяго сэрца кажам: нашы дзверы для вас заўсёды адчынены. Будзем шчыра рады, калі вы вырашыце застацца ў нашай баявой сям’і».
Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас бацькоў ваеннаслужачых. За выхаванне, за тое, што ўклалі ў розумы, сэрцы і галовы сваіх сыноў правільны напрамак, што дазволіла ім годна выконваць свой воінскі абавязак.
Як расказала маці ваеннаслужачага воінскай часці 5448 Вольга Харчанка, дарэмна яна хвалявалася, калі сына прызвалі ў армію. «З матчынай трывогі нарадзіўся гонар за сапраўднага мужчыну, — заўважыла жанчына. — У Стаса была мара трапіць менавіта ў гэтыя войскі і стаць уладальнікам крапавага берэта. Ён свайго дасягнуў, і я гэтым вельмі ганаруся. Дзякуй камандаванню ўнутраных войскаў, камандзірам і афіцэрам за створаныя ўмовы па выхаванні і навучанні нашых дзяцей. Менавіта тут яны шмат чаму навучыліся і знайшлі верных таварышаў».
Вераніка КАНЮТА
Фота прэс-службы ўнутраных войскаў МУС