Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў 6 красавіка правёў перагаворы з новым генеральным сакратаром Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы Таалатбекам Масадыкавым, паведаміла БелТА са спасылкай на беларускае знешнепалітычнае ведамства.
Кіраўнік Міністэрства замежных спраў нашай краіны павіншаваў Таалатбека Масадыкава з прызначэннем на дадзеную пасаду, запэўніў яго ў падтрымцы з боку Рэспублікі Беларусь. У ходзе гутаркі адбыўся зацікаўлены абмен думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня з упорам на ваенна-палітычную сітуацыю ў зоне адказнасці АДКБ.
Міністр замежных спраў Беларусі акцэнтаваў увагу на важнасці развіцця ўзаемадзеяння АДКБ з іншымі міжнароднымі арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі забеспячэння бяспекі на рэгіянальным і глабальным узроўнях, у першую чаргу з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства адзначыў неабходнасць актывізацыі калектыўных намаганняў дзяржаў — членаў АДКБ для таго, каб арганізацыя адпавядала бягучым геапалітычным рэаліям і магла эфектыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы бяспекі.
Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — рэгіянальная міжнародная арганізацыя ў галіне калектыўнай бяспекі з удзелам некалькіх постсавецкіх дзяржаў. Яе мэты — умацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў, прыярытэт у дасягненні якіх аддаюць палітычным сродкам.
Пачатак дзейнасці АДКБ быў пакладзены 15 мая 1992 года падпісаннем Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Ташкенце (Узбекістан). Вышэйшым органам з’яўляецца Савет калектыўнай бяспекі, які прызначае генеральнага сакратара арганізацыі.