Top.Mail.Ru

Ва ўсіх школах краіны праходзіць адзіны ўрок памяці «Ала — сястра Хатыні»

Няма на карце, але выбіта ў сэрцах


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

«Чалавечая памяць такая, што яна паступова пачынае забываць. І тое, што нельга забываць, калі мы не будзем нагадваць. І такія помнікі — гэта помнікі-напаміны нашым дзецям, унукам і ўсім, хто прыйдзе пасля нас».

(Падчас цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплекса «Ала», 21 чэрвеня 2020 года)

Трывожным набатам па ўсёй беларускай зямлі сёння гучыць назва маленькай вёсачкі са Светлагоршчыны — Алы. З нагоды гадавіны трагедыі населенага пункта, дзе ў студзені 1944 года фашысцкія карнікі знішчылі 1758 мірных жыхароў, ва ўсіх школах краіны сёння праходзіць адзіны ўрок памяці «Ала — сястра Хатыні».

Вёска Ала даўно не існуе як населены пункт. Яе былая тэрыторыя — глыбінка сучаснага Светлагорскага раёна. Да вайны Ала была звычайнай беларускай вёскай: тры дзясяткі двароў, школа, калгас, праца ў лесе, рака побач. Вёска была глухой, цяжкадаступнай — і таму здавалася бяспечнай.

У студзені 1944 года ў гэтай невялікай вёсцы сабраліся жыхары з больш як дзесяці навакольных паселішчаў. 14 студзеня ў Але было прастольнае свята — Васіль Вялікі. Вяскоўцы, якія хаваліся пэўны час у лесе, зноў вярнуліся ў хаты. З імі прыйшлі і людзі з навакольных вёсак. Сабраліся ў Але пераважна жанчыны і дзеці. Па ўспамінах сведак, людзей было настолькі многа, што ў кожнай вясковай хаце жылі па 50–60 чалавек, займалі ўсе гаспадарчыя пабудовы.

Раніцай 14 студзеня Алу акружылі карныя атрады. Людзей зганялі пад выглядам рэгістрацыі. 

А потым — падпальвалі дамы, гаспадарчыя пабудовы, насельніцтва спальвалі жыўцом, кідалі ў полымя дзяцей, тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі.

У той дзень у Але загінулі 1758 чалавек, у тым ліку 508 жанчын і 950 дзяцей. Засталіся жывымі пасля трагедыі толькі восем чалавек. Савецкія войскі прыйшлі ў Алу 27 студзеня, праз 13 дзён пасля фашысцкай карнай аперацыі ў вёсцы.

Пасля вайны Ала ненадоўга адрадзілася. Сюды вярнуліся сваякі загінулых, з’явіліся новыя дамы. Але глухасць мясцовасці зрабіла сваё. Вёска паступова знікла. Пракладаць дарогу да былой вёскі пачалі ў 2009 годзе. Калі паднімалі грунт паблізу неіснуючага ўжо населенага пункта, будаўнікі ўзнялі чалавечыя астанкі. Пачаліся пошукавыя работы.

Ужо праз некалькі гадоў было прынята рашэнне ўсталяваць памятны знак і крыж на ўскрайку былой вёскі. Месца для іх абралі сімвалічнае: там, дзе да вайны стаяў першы двор сям’і франтавіка Аляксея Зыкуна. Салдат страціў ў агні Алы жонку і 8 дзяцей. Яны выкапалі зямлянку, схаваліся падчас аблавы, а немцы кінулі ўнутр сховішча гранату. Аляксей Зыкун прайшоў усю вайну. У памяць аб загінулай сям’і на месцы свайго спаленага падворка ўстанавіў крыж.

Велізарную ролю ў прасоўванні ідэі аб увекавечанні памяці загінулых у Але адыграў жыхар Светлагорска, вядомы пісьменнік, публіцыст, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» Ізяслаў Катляроў. У 2020 годзе, у 75-ю гадавіну Вялікай Перамогі, на месцы спаленай вёскі на Светлагоршчыне з удзелам Прэзідэнта быў адкрыты маштабны мемарыяльны комплекс.

Для нашай краіны мемарыяльны комплекс «Ала» стаў сапраўды народным праектам памяці, напамінам аб населеным пункце, дзе ў Вялікую Айчынную адначасова загінула самая вялікая колькасць мірных жыхароў Беларусі.

За гэты час для дэлегацый, наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу «Ала» з самых розных куткоў свету супрацоўнікі «Светлагорскага гісторыка-краязнаўчага музея» правялі сотні экскурсій, створаны філіялы музея «Мемарыяльны комплекс „Ала“.

— Мы, цяперашняе пакаленне, уваходзім у новую эпоху, дзе не будзе жывых відавочцаў падзей Вялікай Айчыннай вайны. Адзінымі сведкамі застануцца вось такія памятныя мясціны — месцы гібелі воінаў і мірных жыхароў. Гэта гісторыя нашай малой радзімы, тая памяць, якую мы не маем маральнага права забываць, а павінны памятаць і ведаць, каб перадаць нашым дзецям, унукам і праўнукам, — перакананы захавальнікі ваенна-гістарычнай памяці са Светлагоршчыны.

Наталля КАПРЫЛЕНКА


У тэму

Гісторыя, якую мы павінны памятаць і ведаць

— З малых гадоў у дзяцей неабходна фарміраваць разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця і міру, адмоўнага стаўлення да гвалту, асуджэнне дзеянняў, якія вядуць да гібелі людзей», — лічыць рэктар Акадэміі адукацыі, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Ірына СТАРАВОЙТАВА. — Менавіта для гэтага два гады таму было прынята рашэнне праводзіць у школах адзіныя ўрокі, прысвечаныя не толькі трагічным момантам у гісторыі Беларусі, але і дзяржаўным святам, знамянальным падзеям, якія адбываліся ў нашай краіне.

Да адзіных урокаў Акадэмія адукацыі мае самае прамое дачыненне — менавіта тут распрацоўваюцца і змест, і планы ўрокаў.

— Мы ствараем свайго роду канспект, які дазваляе настаўніку ў адпаведнасці з сучаснымі методыкамі выкарыстоўваць матэрыялы па адпаведнай тэматыцы, — тлумачыць Ірына Старавойтава. — Пералік адзіных урокаў не статычны — ён штогод абнаўляецца, зацвярджаецца Міністэрствам адукацыі, і пасля гэтага нашымі спецыялістамі пачынаецца распрацоўка непасрэдна зместу кожнага з гэтых урокаў. Настаўнік атрымлівае інфармацыю праз наш нацыянальны адукацыйны партал, інструктыўна-метадычныя лісты і гэтак далей. Між тым настаўнік можа творча паставіцца да ўрока, дадаваць і выкарыстоўваць свае прыёмы.

Па словах Ірыны Анатольеўны частымі гасцямі на адзіных уроках становяцца вядомыя ў краіне людзі, спецыялісты з глыбокім веданнем пытання, якія на канкрэтных прыкладах могуць найбольш шырока і цікава раскрыць тэму. Гэта, як правіла, практыкі, якія непасрэдна займаюцца даследаваннямі і могуць расказаць дзецям вельмі шмат цікавага. Гэта прыцягвае ўвагу школьнікаў, у іх узнікае шмат пытанняў.

— На такіх уроках не павінна быць маналогу, — пераканана Ірына Старавойтава. — Іх для таго і задумвалі, каб было сумеснае вывучэнне тэмы, пытання, каб пасля падобных зносін дзіцяці захацелася больш даведацца аб сваёй сям’і, радні, яе каранях, удзеле ў жыцці грамадства.

Яшчэ адзін важны момант — рэгіянальны прынцып.

— Праводзячы адзіны ўрок, настаўнік, у залежнасці ад тэматыкі, выкарыстоўвае прыклады з рэгіёна, дзе жывуць і вучацца дзеці, і гэта дапамагае ім лепш даведацца пра гісторыю сваёй малой радзімы, пазнаёміцца з вядомымі землякамі і славутасцямі, — тлумачыць кіраўнік акадэміі.

Да заканчэння навучальнага года ў беларускіх школах пройдзе яшчэ некалькі адзіных урокаў. Яны будуць прысвечаны Дню Канстытуцыі (15) сакавіка, 83-й гадавіне трагедыі ў Хатыні (22 сакавіка), Дню яднання народаў Расіі і Беларусі (2 красавіка), Дню Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне (9 мая) і Дню сям’і (15 мая).

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю