Такое даручэнне міністр унутраных спраў Іван Кубракоў агучыў падчас ўрачыстага мерапрыемства, прысвечанага Дню ўнутраных войскаў МУС. Павіншаваць віноўнікаў урачыстасці ў клубе в/ч 3214 сабраліся кіраўніцтва міліцэйскага ведамства, прадстаўнікі сілавых і іншых структур, ваеннаслужачыя галоўнага ўпраўлення камандуючага ўнутранымі войскамі, факультэта ўнутраных войскаў Ваеннай акадэміі, воінскіх часцей Мінскага гарнізона, ветэраны, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў.
На ўрачыстай цырымоніі начальнік каардынацыйна-інспектарскага ўпраўлення Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Аляксандр Ашурко зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі.
«Уся больш чым векавая гісторыя ўнутраных войскаў — гэта вернае служэнне краіне і народу, а яе найбольш яркімі старонкамі з’яўляюцца гераічная барацьба са знешнім і ўнутраным ворагам падчас замежнай ваеннай інтэрвенцыі і Вялікай Айчыннай вайны, удзел у наладжванні мірнага жыцця ў пасляваенныя гады, навядзенне правапарадку ў ліхія дзевяностыя, недапушчэнне дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне ў дваццаць першым стагоддзі», — гаворыцца ў віншаванні.
Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння ўнутраныя войскі ўяўляюць сабой баяздольнае воінскае фарміраванне, абсталяванае прафесійнымі кадрамі, сучаснай тэхнікай і ўзбраеннем, якое штодзень забяспечвае правапарадак на вуліцах нашых гарадоў, затрымлівае і канваіруе злачынцаў, ахоўвае асабліва важныя дзяржаўныя аб’екты і папраўчыя ўстановы, абясшкоджвае выбуховыя прыстасаванні і боепрыпасы, супрацьдзейнічаюць незаконным узброеным фарміраванням.
Звяртаючыся да прысутных падчас урачыстай цырымоніі, Іван Кубракоў падкрэсліў, што гісторыя ўнутраных войскаў багатая і насычаная. «У час Вялікай Айчыннай вайны і ў наступныя гады ніводны гарачы пункт Савецкага Саюза не абыходзіўся без іх удзелу, — канстатаваў ён. — Цяперашнія вайскоўцы з’яўляюцца годнымі спадчыннікамі ветэранаў. Штодня рызыкуюць жыццём, не ведаючы, што іх чакае за зачыненымі дзвярыма ці як павядзе сябе злачынец пад канвоем. Знаходзіцца ў сталай напрузе нялёгка. Гэта могуць толькі падрыхтаваныя байцы. Яны паказваюць грамадзянам краіны, што вартавыя парадку заўсёды побач і гатовы гарантаваць бяспеку».
Кіраўнік ведамства падзякаваў усім за службу, пажадаў здароўя, шчасця, поспехаў, працвітання, уручыў пагоны чарговых воінскіх званняў, а таксама ўзнагароды тым, хто вызначыўся. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасаваў родным і блізкім супрацоўнікаў, якія падтрымліваюць і чакаюць іх дома.
Улічваючы заслугі ўнутраных войскаў, Іван Кубракоў даручыў стварыць музей, дзе будуць сабраны ўнікальныя матэрыялы аб станаўленні і развіцці ўнутраных войскаў.
Фота прэс-службы МУС