Рост па ўсіх паказчыках
Міністр эканомікі Юрый Чабатар распавёў, як спрацавала эканоміка Беларусі за мінулую пяцігодку (2021–2025 гады), а таксама чым быў знамянальны 2025 год.
Ён звярнуў увагу, што, калі падводзяць вынікі, заўсёды глядзяць у першую чаргу на чалавека, бо ён у цэнтры ўвагі, як і яго якасць жыцця, даходы. Таму ў рамках мінулай пяцігодкі ключавым момантам стаў істотны рост даходаў — больш за 20 %. Высокі вынік, звярнуў увагу міністр эканомікі, атрымаўся і ва ўзроўні заработнай платы, якая дасягнула гістарычнага максімуму — больш за 2,7 тысячы беларускіх рублёў.
— У мінулай пяцігодцы мы вельмі моцна, асабліва ў апошнія гады (2023–2025), звярнуліся да тэмы сацыяльнай інфраструктуры, якая датычылася пытанняў жылля, падвядзення адпаведных да жылля школ, дзіцячых садоў. Фактычна за апошнія тры гады пяцігодкі Беларусь сур’ёзна прасунулася ў гэтым пытанні, — падкрэсліў міністр.
Па словах Юрыя Чабатара, было ўведзена ў эксплуатацыю больш за 20 паліклінік, 55 дзіцячых садоў, больш за 70 школ. За пяцігодку выканалі адну з задач, якая датычыцца жылля, — пабудавалі больш за 22 мільёны квадратных метраў жылля. Сёння на чалавека ў сярэднім прыпадае больш за 30 квадратных метраў, і гэты паказчык у сярэднім вышэйшы, чым ва ўсіх краінах СНД.
Яшчэ адзін кірунак, на які звярнуў увагу кіраўнік эканамічнага ведамства, — рэальны сектар эканомікі. Была рэалізавана практычна адна тысяча інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Паводле папярэдніх вынікаў, якія прывёў госць ток-шоу, за кошт гэтага ў Беларусі было створана больш чым 10 тысяч працоўных месцаў.
— Калі браць выключна 2025-ы, ён адметны вельмі вялікай турбулентнасцю. Адзначу, што калі пачыналі рэалізоўваць пяцігодку, то ўсе эканамічныя агенцтвы казалі, што свет будзе крочыць з тэмпам больш як 4 %. У канцы 2025 года ўжо выказалі здагадку, што 3 %, а літаральна нядаўна з’явіўся артыкул, у якім названа лічба 2,5 %, — пракаментаваў Юрый Чабатар. Аднак ва ўмовах турбулентнасці беларуская дзяржава змагла прырасці па росце ВУП, дадаць у заработнай плаце, даходах.
Істотны ўздым
Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй Картун дадаў, што ў частцы інвестыцый Беларусь ужо больш за тры гады расце звыш 10 %. Краіна значна апярэджвае тэмпы эканамічнага росту, што кажа аб стварэнні добрай платформы для наступнага збалансаванага росту.
— Яшчэ адно з дасягненняў пяцігодкі — дзяржава змагла з адмоўных значэнняў інвестыцый у асноўны капітал перарасці ў плюс. Дарэчы, мы ўпершыню абнавілі рэкорд па ВУП па так званым парытэце пакупніцкай здольнасці. Беларусь увайшла ў сусветныя рэйтынгі. ВУП складае ўжо больш чым 300 мільярдаў па парытэце пакупніцкай здольнасці. Беларусь увайшла ў топ-70 краін і займае 64-е месца. А на душу насельніцтва, умоўна, колькі прыпадае ВУП на кожнага чалавека, ужо вырасла па гэтым паказчыку ў 1,3 раза.
Па 2024 годзе было 33 тысячы долараў. Па 2025 годзе мяркуецца каля 37 тысяч, і па гэтых паказчыках Беларусь падбіраецца да топ-60, што з’яўляецца істотным уздымам.
Беларускае — найлепшае
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Матусевіч акрэсліў задачы на новую пяцігодку. Ён адзначыў, што патрабуецца прадоўжыць работу ў частцы экспарту:
— Гэта вялікі кавалак працы. У нас ёсць як пытанні дыверсіфікацыі (мы павінны ісці на новыя рынкі — Афрыка — там ёсць станоўчыя прыклады, іх трэба браць і тыражаваць), так і не забываць пра старыя партнёрскія адносіны з асноўнымі саюзнікамі.
Другі кірунак, на які звярнуў увагу намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, — унутраны рынак:
— Доля айчынных тавараў на ўнутраным рынку патрабуе дэталёвага разгляду ў найбліжэйшай пяцігодцы аж да фарміравання вобраза беларускіх тавараў. Бо іх вельмі шмат добрых, але часам спрацоўвае стэрэатып, што імпартнае лепшае. Ёсць яшчэ тэорыя: як толькі людзі становяцца багацейшыя, яны купляюць больш дарагія і імпартныя тавары.
Плюс новы фактар, які раней не разглядаўся ў сусветнай тэорыі, — прыход маркетплэйсаў. Там трэба паглядзець як на знешняе гандлёвае сальда, так і на долю ўнутранага рынку.
На думку госця праграмы, усё гэта немагчыма, калі не будзе сваіх якасных і адпаведных спажывецкім чаканням тавараў.
— І вось тут новы інвестыцыйны цыкл (вельмі важны. — «Зв.»), трэба і больш навукаёмістасці ВУП, і, самае галоўнае, трэба глядзець за рынкам вельмі ўважліва і гнутка падыходзіць.
Ён канстатаваў, што ў кожнай галіне ёсць годныя тавары, але нельга спыняцца:
— А для гэтага патрэбны новыя станкі, робаты і новыя навуковыя распрацоўкі.