Top.Mail.Ru

Ваўкавыскi раён будуе сваю стратэгiю з улiкам новых рэалiй часу

Праграма на бягучы год даволi насычаная. Гэта i будаўнiцтва буйнога завода па сарцiроўцы адходаў, i ўзвядзенне сучасных малочна-таварных комплексаў, i падрыхтоўка горада да абласных Дажынак.


Тут лiчаць, што iмпульс у рабоце надасць новы Указ № 74, якi прадугледжвае больш паўнамоцтваў мясцовай вертыкалi ўлады. Дарэчы, распрацоўка ўказа праходзiла з удзелам старшынi Ваўкавыскага райвыканкама, члена Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Беларусi Дзмiтрыя Захарчука. У iнтэрв’ю газеце «Звязда» сенатар i кiраўнiк раёна акрэслiў важныя моманты ўказа i кiрункi дзейнасцi на 2025 год.

— Дзмiтрый Iванавiч, напачатку аб справах надзённых. Сёлета раён стане сталiцай абласных Дажынак Гродзеншчыны. Вiдавочна, што падрыхтоўка да iх ужо вядзецца. Напэўна, гэтыя планы сугучныя з Годам добраўпарадкавання, якiм аб’яўлены 2025-ы?

— Мерапрыемствы па падрыхтоўцы пачалiся яшчэ летась, пасля таго як у Мастах аб’явiлi, што эстафету прымае Ваўкавыскi раён. Мы адразу ўключылiся ў справу. Былi вызначаны асноўныя праблемныя пытаннi, якiя падымае грамадскасць. Тыя, што мы бачым як органы ўлады. Зыходзячы з гэтых рэалiй, было складзена каля 130 пунктаў планавых мерапрыемстваў, якiя неабходна рэалiзаваць. У iх лiку вулiчна-дарожная сетка.

Летась мы сфармiравалi паўкольцы для аб’езду, а цяпер заходзiм у асноўныя транспартныя артэрыi. Робiм паступова, каб не паралiзаваць рух. Толькi дваровых тэрыторый каля 30 тысяч квадратных метраў будзем прыводзiць у парадак. У планах i аднаўленне жылых дамоў, сацыяльных аб’ектаў. Пасля 30 гадоў эксплуатацыi патрабуе рамонту фiзкультурна-аздараўленчы комплекс. Будзем перакладваць плiтку на плошчы, у парку, iншых пляцоўках. Работы шмат. Усе мерапрыемствы запланаваны, вызначаны крынiцы фiнансавання — ад рэспублiканскага да мясцовых бюджэтаў. Двойчы на тыдзень мы разглядаем пытаннi па дапрацоўцы дакументацыi, а кожны чацвер я аб’язджаю ўсе дажыначныя аб’екты. Сёння можам гаварыць аб пэўных зрухах — з усіх планавых аб’ектаў 12 ужо рэалiзавана. Ставiм мэту падрыхтаваць горад да 1 жнiўня.

Трэба сказаць, што ў раёне акрамя дажыначных рэалiзуецца шэраг значных праектаў, якiя носяць стратэгiчны характар. Гэта ў першую чаргу будаўнiцтва завода цвёрдых камунальных адходаў, на якiм будзе створана парадку 300 працоўных месцаў.

— Не здымаецца з павесткi дня i рэспублiканская праграма «Адзiн раён — адзiн праект», якая накiравана на стварэнне iнвестыцыйных прадпрыемстваў. Якi праект у гэтым кірунку мяркуецца ажыццявiць?

— У нас гэта будаўнiцтва новага цэха па вытворчасцi сухога дзiцячага харчавання на прадпрыемстве «Беллакт». Новы стандарт дазволiць канкурыраваць на ўсiх рынках свету, будзе створана каля 60 працоўных месцаў. Самае галоўнае — на 30 % павялiчацца магутнасцi перапрацоўкi малака па сваёй сыравiннай зоне. Падставы для гэтага ёсць. У вобласцi вядзецца актыўная мадэрнiацыя i будаўнiцтва новых малочна-таварных комплексаў. Адпаведна расце i прадуктыўнасць малочнага статка. Такiм чынам, выконваецца даручэнне кiраўнiка дзяржавы па пераводу статка на сучасныя тэхналогii ўтрымання. У нас ужо 80 % жывёл пераведзена.

— Мясцовыя ўлады шукаюць магчымасць палепшыць эфектыўнасць развiцця сваёй тэрыторыi. Наколькi, на вашу думку, гэтаму будзе садзейнiчаць новы Указ № 74, якi пашырае паўнамоцтвы раённай вертыкалi на месцах?

— Мне як сенатару давялося ўвайсцi ў склад рабочай групы па распрацоўцы Указа «Аб узмацненнi ролi старшынь выканаўчых камiтэтаў базавага ўзроўню ў развiццi рэгiёнаў». Прававы акт прадыктаваны самiм жыццём i дазволiць законна пашырыць паўнамоцтвы на месцах. Напрыклад, па прыцягненнi да добраўпарадкавання прадстаўнiкоў прыватнай формы ўласнасцi. Цяпер невыкананне тых цi iншых задач пацягне адмiнiстрацыйную адказнасць.

Указ закранае i пытанне кадравага забеспячэння. Першапачатковая задача стаiць, каб у сферу кiравання не трапiлi тыя людзi, якiя сябе дыскрэдытавалi, давялi прадпрыемства да банкруцтва, хоць яно i прыватнае. Старшыня райвыканкама таксама зможа прымаць рашэннi па ўзгадненнi дзеянняў рэспублiканскай, абласной i прыватнай форм уласнасцi. Напрыклад, адмовiць у закрыццi той жа аптэкi ў вёсцы цi скасаваннi аўтобуснага прыпынку, якi нерэнтабельны для прадпрыемства. А людзям як быць? Яны найперш звяртаюцца да органаў улады. Таму пытаннi будуць вырашацца з удзелам райвыканкама, а не толькi самiмi ўласнiкамi.

Немалаважны аспект указа — гэта фiнансавая незалежнасць кiраўнiкоў райвыканкамаў. Яны цяпер маюць права распараджацца свабоднымi рэшткамi, якiя сфармiраваны на канец года. Назапашаныя сродкi можна накiраваць на тыя мэты, у якiх ёсць неабходнасць з пункту гледжання кiраўнiка раёна. Магчыма, яны пойдуць на адкрыццё новага прадпрыемства, i такое рашэнне можа быць прынята на ўзроўнi раёна. Таму лiчу, што ўказ — важны iнструмент для эфектыўнай працы органаў улады на месцах.

— Напачатку года традыцыйна праходзiць абарона бiзнес-планаў на бягучы год. А што ў бiзнес-плане Ваўкавыскага раёна?

— Мы цяпер завяршаем пяцiгодку. Рыхтуюцца планы на новы этап i далей па гадах, як павiнна рухацца краiна. Iдзе размеркаванне па абласцях — што дзе павiнна адкрывацца, будавацца з улiкам дынамiкi, колькасцi занятага ў эканомiцы насельнiцтва. Ёсць планавыя паказчыкi, якiя даводзяцца раёнам. Свайго роду мiнiмум, якi павiнен быць выкананы. I ўжо на гэтай базе будуюцца свае мясцовыя планы. Кожны год мы бяром яшчэ больш высокiя паказчыкi, каб раён рухаўся. Такiм шляхам iдзе i кожнае сельгаспрадпрыемства, i прамысловасць, і ўстановы, і арганiзацыi.

— Якi вектар вы бачыце галоўным у гэтым руху? Тое, што вызначае перспектыву для раёна?

— У першую чаргу трэба пачынаць з людзей. Даць магчымасць зразумець, якi значны крок зроблены краiнай за апошнiя некалькi дзесяцiгоддзяў. Летась мы святкавалi 30-годдзе iнстытута прэзiдэнтства. Я памятаю, што такое 90-я гады. Краiна лiтаральна была на краi прорвы ва ўсiх сэнсах. Як па крымiнальнай абстаноўцы, так i па парушэннi кааперацыйных сувязяў. Талоны, чэргi. 

А цяпер? Глядзiце, што робiцца на нашых прылаўках. Усяго хапае. А ўзровень аўтамабiлiзацыi? Разам з тым i грамадства стала больш патрабавальным. Неабходна, каб i дарогi былi якасныя, i парковак хапала, i зон адпачынку, i аб’ектаў культурных. Таму органы ўлады гэта ўлiчваюць.

Мiж тым i людзi не павiнны забываць пра свае непасрэдныя абавязкi i выконваць iх у поўным аб’ёме, па-гаспадарску адносiцца да сваёй працы. Тады i заробак будзе адпаведны. А калi ў чалавека ёсць дастатак, ён упэўнены ў заўтрашнiм днi. I ва ўмовах спрыяльнай сацыяльнай абстаноўкi спакойна i ўпэўнена развiваецца.

Фота Алены ДАЎЖАНОК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю