Top.Mail.Ru

У Гомелі 5 чэрвеня стартаваў V Форум медыйнай супольнасці Беларусі «Медыя сёння: фокус на праўду»

Сёлета форум упершыню ахапіў адразу шэсць гарадоў Гомельскай вобласці. Таксама першы раз ён праходзіць у двухдзённым фармаце. Да ўдзелу ў V Форуме медыйнай супольнасці Беларусі заяўлена каля тысячы чалавек. Гэта не толькі супрацоўнікі вядучых беларускіх СМІ, рэгіянальнай прэсы, але і прадстаўнікі дзяржорганаў, прэс-службаў, блогеры, медыяэксперты і аналітыкі.


У Рагачове сустрэлі дэлегацыю Віцебскай вобласці, у Светлагорску — Гродзенскай, у Жлобіне — Мінскай, у Мазыры — Брэсцкай, у Рэчыцы — Магілёўскай. Удзельнікаў з Мінска прынялі ў Гомелі.

Удзельнікі форуму наведалі знакавыя месцы памяці, аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, пазнаёміліся з вядучымі прадпрыемствамі раёнаў Гомельшчыны. У гарадах, якія прымаюць гасцей з рэгіёнаў, прайшлі тэматычныя панэльныя дыскусіі з удзелам вядучых беларускіх СМІ і майстар-класы ад вядомых беларускіх журналістаў.

Рэчыца стала месцам правядзення панэльнай дыскусіі, арганізаванай Выдавецкім домам «Беларусь сегодня». Удзельнікі абмеркавалі тэму «Канвергентнае распаўсюджванне патрыятычнага кантэнту. Фокус на праўду». Размова ішла аб тым, як забяспечыць якаснае прасоўванне дзяржаўных прыярытэтаў праз розныя медыяплатформы і фарматы, не губляючы пры гэтым дакладнасці і глыбіні падачы матэрыялу.

Асобная ўвага ў гэтым годзе на форуме — юным журналістам, юнкарам раённых рэдакцый. Так, у Рагачове дэлегацыю з Віцебскай вобласці сустрэлі на базе раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Тут прайшла прэзентацыя школы маладога журналіста «МЕДЫЯ-МОЛ» і студыі «Пазітыў-ТБ». Моладзь абмяркоўвала тэму «Журналістыка будучыні: ад дзіцячага юнкара да прафесіі», абазначалі вектары развіцця прафесійных інтарэсаў.

20250605_131350.jpg

У Светлагорску, дзе прымалі прадстаўнікоў Гродзенскай вобласці, прайшла прэзентацыя маладзёжнай рэдакцыі «New FІSHкі» і тэлестудыі «Ювента». Гэтыя праекты становяцца сапраўднай кузняй кадраў для айчыннай журналістыкі, выхоўваючы новае пакаленне медыйшчыкаў, гатовых працаваць у няпростых умовах сучаснага інфармацыйнага парадку дня.

Жлобін стаў пляцоўкай для вострай і актуальнай дыскусіі, арганізаванай тэлеканалам СТБ. Удзельнікі — прадстаўнікі рэдакцый Мінскай вобласці, юныя карэспандэнты і эксперты — абмяркоўвалі выклікі лічбавай эпохі: ці патрэбны СМІ сацсеткі і агрэгатары, як адрозніць фэйк ад праўды, справіцца з дыпфэйкамі і захаваць давер аўдыторыі. Гучалі вострыя пытанні: як адаптаваць традыцыйныя фарматы да лічбавага асяроддзя? Як сумяшчаць эфір і анлайн-кантэнт, каб быць цікавымі моладзі?

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны стаў пунктам прыцягнення для гасцей з Мінска. Тут прайшла панэльная дыскусія на тэму «Узаемадзеянне платформ: як традыцыйныя і новыя медыя фарміруюць сучасны інфармацыйны ландшафт». Мадэратарам сустрэчы выступіла Кацярына Тумас-Цішкевіч, загадчык аддзела інфармацыйна-аналітычных праграм тэлеканала АНТ, а спікерамі — палітычны аглядальнік Глеб Лаўроў, дырэктар дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання АНТ Павел Савельеў. Удзельнікі казалі пра сінергію паміж традыцыйнымі і лічбавымі СМІ, пра ўменне адаптавацца да запытаў аўдыторыі і захоўваць давер, нягледзячы на ўзмацненне канкурэнцыі з блогасферай.

— На сёння самыя вялікія выклікі, якія стаяць перад журналістамі, — нават не ў тым, што ў кожным інфармацыйным акце супрацьстаяння мы ваюем чужой зброяй, нам даводзіцца купляць патроны перад кожнай атакай. Калі ў вас ёсць магчымасць данесці хаця б адно сваё слова, вы абавязаны гэта рабіць. У гэтым — ваш выклік, і ў гэтым — самае цяжкае, — падкрэсліў у сваім выступленні палітычны аглядальнік Глеб Лаўроў.

Дырэктар дырэкцыі інтэрнэт-вяшчання АНТ Павел Савельеў падзяліўся актуальнымі трэндамі вядзення сацсетак, распавёў аб некаторых сакрэтах прасоўвання пастоў і магчымасцях выкарыстання сэрвісаў штучнага інтэлекту для стварэння кантэнту.

20250605_133827.jpg

Праграма другога дня форуму збярэ ўсіх удзельнікаў на вялікае пленарнае пасяджэнне, дзе пройдуць выступленні і жывыя зносіны з вядучымі медыяэкспертамі Беларусі. У рамках форуму адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў XXІ Нацыянальнага конкурсу «Залатая літара». Падрабязнасці — у наступным нумары «Звязды».

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю