Top.Mail.Ru

В’етнамскі пісьменнік наведаў Мінск

На працягу некалькіх дзён у Беларусі гасцюе в’етнамскі празаік і публіцыст Нгуен Куанг Т’ян. Ён удзельнічаў у розных мерапрыемствах на XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, пазнаёміўся з працай Міжнароднага сімпозіума літаратараў «Пісьменнік і час», наведаў Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, правёў перамовы з кіраўніцтвам Саюза пісьменнікаў Беларусі. А таксама прэзентаваў свае новыя кнігі, выдадзеныя ў В’етнаме на рускай мове. Асобнікі выданняў Нгуен Куанг Т’ян пакінуў для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і іншых асветніцкіх устаноў нашай краіны. 


Мая сённяшняя творчая місія — наладзіць добрыя стасункі паміж літатарамі і кнігавыдаўцамі В’етнама і Рэспублікі Беларусь, — падзяліўся сваімі планамі пісьменнік. — Дзякую Саюзу пісьменнікаў Беларусі, які падрыхтаваў мне ў зваротную дарогу праект Пагаднення паміж СП Беларусі і Саюзам пісьменнікаў В’етнама. Спадзяюся, што гэты дакумент будзе падпісаны ў фармаце анлайн. Пачатак беларуска-в’етнамскім літаратурным сувязям пакладзены напрыканцы 1960-х гадоў, калі ў Мінску была выдадзена анталогія в’етнамскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову — «Апалены лотас». У свой час шматтысячным накладам ў В’етнаме была выдадзена кніга аповесцяў народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Трыма масавымі выданнямі выйшлі «Беларускія народныя казкі». 

Ад Саюза пісьменнікаў Беларусі ў В’етнам перададзена ў падарунак кніга «Францыск Скарына на мовах народаў свету», у якой надрукаваны пераклад на в’етнамскую мову ўрыўка з прадмовы Францыска Скарыны да кнігі «Юдзіф». Аўтар перакладу — Тхуі Тоанг. Сённяшні госць Нгуен Куанг Т’ян зазначыў, што ўпэўнены ў наданні в’етнамска-беларускім літаратурным і гуманітарным сувязям новага вітка развіцця, упэўнены ў пашырэнні прасторы беларускага мастацкага слова ў В’етнаме. 

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю