Колькасць злачынстваў, якія ўчыняюцца непаўналетнімі, дасягнула свайго гістарычнага мінімуму. Аб гэтым 17 лютага журналістам расказала прадстаўнік Генеральнай пракуратуры, паведамляе «Минск-Новости».
У параўнанні з паказчыкамі 18-гадовай даўніны, летась колькасць злачынстваў, учыненых непаўналетнімі, скарацілася ў 6 разоў. А адносна 2024 года — на 26 %. Таксама на 9 % знізілася колькасць дзяцей, якія пацярпелі ад злачынстваў.
— Аднак актуальнай застаецца праблема ўцягвання дзяцей ва ўчыненне злачынстваў з выкарыстаннем інтэрнэту. У 2025 годзе такое здзейсніў кожны дзявяты падлетак, — адзначыла старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі Аксана Кірэйчык. — У асноўным гэта вымаганне, махлярства, крадзеж шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі і заведама лжывае паведамленне аб небяспецы. У прыватнасці, колькасць правапарушэнняў апошняга тыпу вырасла ў 4 разы. Асноўным матывам іх здзяйснення з’яўляецца помста аднакласнікам, сябрам і знаёмым.
Па ініцыятыве Генеральнай пракуратуры зацверджаны комплекс мер па забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі непаўналетніх у інтэрнэце. У іх лік уваходзіць стварэнне спецыяльных дзіцячых сім-карт, навучанне іх карыстанню, а таксама адукацыйныя мерапрыемствы па пытаннях бяспечнага знаходжання ў сусветнай сетцы.