У пісьменніцкіх арганізацый Беларусі і Узбекістана склаліся даволі трывалыя адносіны. Існуе Пагадненне аб сумеснай дзейнасці, якое было падпісана старшынямі творчых арганізацый у Ташкенце.
Прайшлі Дні ўзбекскай літаратуры ў Беларусі. Шмат для пашырэння прасторы беларускага мастацкага слова ва Узбекістане робяць паэт, публіцыст Сіражыддзін Саід, перакладчык, літаратуразнаўца Мікалай Ільін, празаік і перакладчык Рысалат Хайдарава. Днямі прынята рашэнне аб узнагароджванні ўзбекскай пісьменніцы Рысалат Хайдаравай Граматай Саюза пісьменнікаў Беларусі.
— Рысалат Хайдарава неаднойчы наведвала Беларусь, — расказвае старшыня секцыі мастацкага перакладу СПБ Рагнед Малахоўскі. — Летась яна ўдзельнічала ў Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час». Творы ўзбекскай пісьменніцы друкуюцца ў беларускіх літаратурна-мастацкіх перыядычных выданнях. І ў самім Узбекістане Рысалат шмат робіць дзеля таго, каб сучасная беларуская паэзія і проза былі вядомымі ўзбекскаму чытачу. Як вынік — публікацыі беларускіх аўтараў у часопісе «Звезда Востока», выданне асобных кніг беларускіх пісьменнікаў у Ташкенце ў перакладзе на ўзбекскую мову.
У планах перакладчыцы — увага і да творчасці беларускіх класікаў, пісьменнікаў, якія яшчэ нядаўна плённа працавалі ў беларускай літаратуры: Рысалат Хайдарава працуе над падрыхтоўкай да публікацыі перакладаў прозы Уладзіміра Караткевіча, Міхася Стральцова, Алеся Жука.
Мікола БЕРЛЕЖ