Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс стаў месцам засяроджвання жаночай сілы, таленту і натхнення. Тут адбылася XVІІІ урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2025», арганізаванага Беларускім саюзам жанчын (БСЖ). Падзея сабрала амаль 70 выдатных прадстаўніц розных прафесій з усёй краіны. Гэта любімае многімі прыгожае мерапрыемства ўжо добрая традыцыя, але сёлета, у Год беларускай жанчыны, яно набыло асаблівы сэнс і значнасць.
— Гэта цудоўная традыцыя — у пачатку вясны мы называем імёны жанчын, якія паказалі выдатныя вынікі ў самых розных сферах, — адзначыў у сваім выступленні першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў. — Добрымі справамі, нястомнай працай на карысць нашай Радзімы, душэўным цяплом яны робяць свет лепшым. Амаль два дзесяцігоддзі таму гэту ініцыятыву прапанавалі самі жанчыны, і яна знайшла шырокі водгук. І галоўнае — яна адразу была падтрымана нашым Прэзідэнтам. Сёння тут сабраліся тыя, хто сваім прафесіяналізмам, талентам і любоўю напаўняе сучасную гісторыю нашай дзяржавы яркімі фарбамі, упісвае ў яе новыя цудоўныя старонкі. Вашы поспехі ў медыцыне і культуры, дасягненні ў эканоміцы і сельскай гаспадарцы, шчыры клопат пра дзяцей даказваюць, што для беларускай жанчыны няма недасяжных вышынь. Захаплення заслугоўвае ваша ўменне гарманічна спалучаць якасці мэтанакіраванага кіраўніка і пяшчотнай мамы, актыўнага грамадскага дзеяча і захавальніка дамашняга ачага.

Прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант заўважыла, што конкурс «Жанчына года» ў Год беларускай жанчыны — гэта ідэальнае спалучэнне. Яна згадала, як у навагоднюю ноч 2026 год быў абвешчаны Годам беларускай жанчыны і які рэзананс гэта выклікала ва ўсім свеце. «А калі на мінулым тыдні Прэзідэнт прапанаваў, каб, калі нехта пакрыўдзіць беларускую жанчыну, пісалі яму ў ТіkТоk? Упэўнена, кожны можа сабе ўявіць, які мы атрымалі водгук на гэты тэзіс у нашых прэзідэнцкіх і каляпрэзідэнцкіх профілях у сацсетках і месенджарах», — расказала прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы.

Па словах Наталлі Эйсмант, каля 80 % ад усіх тых, хто напісаў пасля гэтага, былі не беларускія жанчыны. «Цяпер без перабольшання ўвесь свет ведае, што ў нашай краіне аб’яўлены Год беларуская жанчыны і што беларуская жанчына пад абаронай — мы менавіта такую выснову для сябе зрабілі, — адзначыла яна. — Нашы жанчыны, хутчэй за ўсё, Прэзідэнта ўжо не хочуць перагружаць. Яны вырашаюць свае праблемы пераважна самі. Але абсалютна пераканана, што ўсе яны дакладна ведаюць, пад якой і пад чыёй яны абаронай».

Наталля Эйсмант падкрэсліла, што аб’яўленне Года беларускай жанчыны — сведчанне прызнання ролі беларускай жанчыны ў нашым грамадстве, яе статусу. «Але гэта яшчэ і тое, чаго чакае ад нас Прэзідэнт. А чакае ён, вядома, падтрымкі ў агульных штодзённых справах і ў вырашэнні тых праблем, якія мы можам і павінны вырашаць на нашых з вамі ўзроўнях. Таму Год беларускай жанчыны — гэта не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. У тым ліку яна ляжыць і на Беларускім саюзе жанчын».

Прызнанне ў кожнай намінацыі
— Кожная з вас зрабіла значны ўнёсак у мінулым годзе ў наш жаночы рух, у тое, наколькі былі заўважныя жанчыны, іх роля ў жыцці краіны, — звяртаючыся да гераінь цырымоніі, сказала старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская. — Без вашых вачэй, без вашых рук, без вашага натхнення, без вашай падтрымкі не рэалізаваўся б ні адзін праект Беларускага саюза жанчын. Усё залежыць ад таго, што вы робіце там, на месцах, а потым гэта ператвараецца ў вялікія, фундаментальныя акцыі.


У гэтым годзе конкурс аб’яднаў 62 фіналісткі ў сямі намінацыях. Званне «Жанчына года» прысуджалася тым, хто не толькі дасягнуў вышынь у прафесіі, але і праславіў Беларусь сваёй працай і грамадзянскай пазіцыяй.
У намінацыі «Актыўная грамадзянская пазіцыя» была адзначана Вольга Гарадзецкая — намеснік галоўнага ўрача Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, старшыня раённай арганізацыі БСЖ.

— Для мяне магчымасць спалучаць прафесійную дзейнасць і грамадскую работу — гэта вельмі цікава, — сказала яна. — Вакол мяне знаходзяцца цікавыя людзі, цікавыя жанчыны, якія матываваныя на вынік, на поспех, на паляпшэнне жыцця ў нашай краіне. Беларуская жанчына ў першую чаргу працаўніца, стваральніца і міратворыца.
Самай пяшчотнай і глыбокай па сэнсе стала намінацыя «Мацярынская слава». Адна з удастоеных гэтага звання — Алена Аляхновіч з Мінскай вобласці. У яе сям’і выхоўваецца 15 дзяцей, а самі бацькі выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях, дзе было па 11 дзяцей.


Пераможцай у намінацыі «Сэрца аддаю людзям» стала Наталля Раманенка, супрацоўнік Гродзенскага мясакамбіната. Прымаючы віншаванні, яна не хавала пачуццяў:
— Насамрэч для кожнай жанчыны, я лічу, вельмі важна быць мамай, якая рэалізавала сябе ў працы, сяброўкай, жонкай. Для кожнай жанчыны абавязкова важна прызнанне. Гэты конкурс, безумоўна, — самае каштоўнае прызнанне.


У гэтай жа катэгорыі была ўзнагароджана Эла Барысава, дырэктар Чэрвеньскага дзіцячага сацыяльнага пансіяната, якая стала «мамай» для 292 падапечных установы.
У іншых намінацыях былі адзначаны:
- «Духоўнасць і культура»: Галіна Цемчына — кіраўнік жаночага праваслаўнага клуба ў Салігорскім раёне, захавальнік дома-музея свяшчэннамучаніка Іаана Панкратовіча і дырэктар нядзельнай школы.
- «Паспяховы кіраўнік»: Надзея Пальчынская — дырэктар ААТ «Гама смаку».
- «За вытворчыя дасягненні»: Антаніна Сцепановіч — начальнік вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі Мінскага раённага агракамбіната «Ждановічы».
- «Віват, моладзь!»: Валерыя Грамовіч-Рэут — рэдактар інтэрнэт-рэсурсу рэдакцыі газеты «Прысталічча» УП «Інфармацыйнае агенцтва «Мінская праўда».
Урачыстасць у Лошыцы стала яшчэ адным доказам таго, што беларускі жаночы рух працягвае прырастаць аднадумцамі, а Год беларускай жанчыны стане часам новых стваральных ініцыятыў.


Марыя АСМАЛОЎСКАЯ
Фота БелТА