Top.Mail.Ru

Увага, конкурс! Як таямнічая кветка папараці

Беларусь застаецца загадкай для турыстаў, таму спецыялісты шукаюць прыцягальны вобраз краіны... Без папулярных клішэ, але трапна! Галоўная мэта Нацыянальнага агенцтва па турызме Рэспублікі Беларусь, якое абвясціла конкурс «Вобраз Беларусі. Позірк і адкрыццё», — стварэнне ўнікальнага лагатыпа і слогана для фарміравання пазнавальнага турыстычнага брэнда краіны. Звышмэта — прыцягненне большай колькасці гасцей.


Ці задумваліся вы, чым прываблівае наша зямля? Якія эмоцыі і асацыяцыі павінна выклікаць Беларусь у вачах падарожнікаў з усяго свету? Хтосьці адзначыць багатую прыроду. Іншы адкрые для сябе нашу гістарычную спадчыну з драматычнымі старонкамі. Другі зверне ўвагу на гасціннасць людзей, чысціню і спакой. А цяпер усё гэта трэба аб’яднаць у адзіны брэнд, які ўвойдзе ў свядомасць і запомніцца надоўга, каб яго хацелася павезці з сабой дадому — напрыклад, на сувенірах, цішотках, чамаданах... Зубр, бусел, васілёк, слуцкія паясы, Брэсцкая крэпасць, нашыя замкі і палацы сапраўды кранаюць. Але ніводзін з іх не здолеў стаць тым сімвалам, які беспамылкова счытвалі б ва ўсім свеце, разумеючы, пра якую краіну ідзе гаворка. Таму і вырашылі абвясціць конкурс, у якім будзе знойдзены сапраўдны сімвал, адлюстраваны ў слогане і лагатыпе. Кірыл Машарскі, дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме, адзначыў:

— Паспяховыя турыстычныя брэнды прадаюць не славутасці, а эмоцыі, уражанні, лад жыцця. Напрыклад, Паўночная Карэя асацыюецца з інавацыямі, Швейцарыя — з раскошай, Францыя — з рамантыкай, Германія — з якасцю. Краіны не імкнуцца распавесці пра сябе ўсё і адразу, яны выбіраюць адну ідэю і гадамі яе прасоўваюць. Бо чым больш шырока пазіцыянаваць сябе, тым больш размыты вобраз атрымліваецца. А нам трэба коратка і дакладна перадаць усю філасофію беларускага турызму, каб пасля выбудоўваць вакол яе пэўную сістэму са славутасцямі і турыстычнымі прадуктамі, якія будуць прывабныя для іншых.

Між іншым, турызм у нас і цяпер развіваецца не толькі за кошт прытоку гасцей з Расійскай Федэрацыі, але і з блізкіх нам краін Еўропы — людзі разумеюць, куды яны едуць і чаму. Ёсць турысты, якія абіраюць Беларусь для падарожжа свядома. Але колькі яшчэ тых, хто не адкрыў яе для сябе, для каго яна застаецца таямніцай Еўропы. Вось толькі як гэта выкласці ў ёмістай і кароткай фармулёўцы? Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская не сумняваецца, што ў нашай краіне ёсць крэатыўная моладзь, якая можа прапанаваць ідэю і абгрунтаваць яе. Ужо былі прыклады, калі маладыя людзі паспяхова прапаноўвалі рашэнні для крэатыўнай індустрыі. І ў турызме, напэўна, цяпер патрэбны зусім іншы погляд на тое, як пазіцыянаваць нашу краіну. А калі ёсць канкрэтная задача, то будуць ахвотныя яе вырашыць.

Паўдзельнічаць у адкрытым рэспубліканскім конкурсе «Вобраз Беларусі. Позірк і адкрыццё» могуць усе, хто пажадае: прафесійныя дызайнеры, мастакі, маркетолагі, студэнты, прадстаўнікі турыстычнай індустрыі, творчыя калектывы і проста неабыякавыя грамадзяне. Найлепшыя аўтары атрымаюць грашовыя ўзнагароды, якія абяцае генеральны спонсар «АСБ Беларусбанк». Прызавы фонд складае 22 000 рублёў, з іх 10 000 атрымае той, хто зойме першае месца. Заяўкі прымаюцца да 1 лістапада 2026 года, ужо праз два тыдні журы павінна выбраць 20 найлепшых канцэпцый для ўдзелу ў адкрытым анлайн-галасаванні. А па яго выніках у суме з адзнакамі журы да 20 снежня павінны вызначыць пераможцаў.

Старшыня праўлення Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Філіп Гулы лічыць, што пазнавальныя і яркія вобразы павінны стаць магутным інструментам, які дапаможа айчыннаму бізнесу больш эфектыўна прасоўваць турыстычны патэнцыял Беларусі.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю