За 10 месяцаў бягучага года МАРГ устаноўлены парушэнні заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні ў 244 суб’ектаў гаспадарання, штрафныя санкцыі склалі больш за 420 тысяч рублёў.
У ведамстве прывялі прыклад аднаго прыватнага прадпрыемства ў Мінскай вобласці, якое завысіла дапушчальныя гранічныя аптовыя надбаўкі пры рэалізацыі сланечнікавага шроту. Акрамя таго, адпускныя цэны на імпартуемыя тавары не былі пацверджаны эканамічнымі разлікамі, а таксама не ўказваліся ці недакладна ўказваліся ў ТТН звесткі, звязаныя з устанаўленнем цэн. Сума штрафаў для юрыдычнай і службовай асоб склала больш за 72 тысячы рублёў. Матэрыялы аб выяўленых парушэннях накіраваныя рэгулятарам у Генпракуратуру.
Па выніках сумеснай з КДК выбарачнай праверкі яшчэ адной прыватнай фірмы ў Мінскай вобласці выяўлены факты неўказання ў ТТН дадатковых звестак на рэгуляваныя тавары. У выніку юрыдычная і службовая асобы прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму больш за 24 тысячы рублёў.
Ці яшчэ прыклад. Падчас сумеснай з КДК выбарачнай праверкі буйнога сталічнага вытворцы пліткі выяўлены парушэнні парадку фарміравання цэн на керамічную плітку і сантэхніку ў частцы невыканання патрабаванняў, пры якіх магчыма павышэнне цэн на рэгуляваныя тавары без узгаднення. Службовая асоба эканамічным судом Мінска прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры 210 рублёў.
У дачыненні да харчовых тавараў ёсць таксама парушэнні. Так, адно сталічнае таварыства з абмежаванай адказнасцю рэалізавала імпартныя мандарыны па цэнах, якія не былі пацверджаны эканамічнымі разлікамі. Таварыства адказнасці не пазбегла, атрымаўшы штраф каля 1,5 тысячы рублёў.
Ёсць прыклады завышэння цэн і ў рэгіёнах.
У прыватнасці, сельгасвытворца з Брэсцкай вобласці самастойна павысіў цэны на свініну без узгаднення ва ўстаноўленым парадку з аблвыканкамам. Юрыдычная асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці на суму каля 10 тысяч рублёў.
Яшчэ адзін сельгасвытворца, але ўжо з Гомельскай вобласці, беспадстаўна павысіў адпускныя цэны на мясныя паўфабрыкаты. Як вынік — прадпрыемства аштрафавана на суму каля 2 тысяч рублёў.
А ў Віцебску на працягу двух гадоў прадпрыемства ўжывала тарыфы на лазні і душавыя ў аб’екце бытавога абслугоўвання «Народная лазня» з перавышэннем дазволеных нарматываў. Пры норме 8 рублёў кошт аднаго наведвання дасягаў 12—16 рублёў. За такую «няўважлівасць» на дырэктара накладзена адміністрацыйнае спагнанне ў памеры 630 рублёў.