Top.Mail.Ru

Увага да ўстойлівага збалансаванага развіцця рэгіёнаў: эксперты — аб рабочых паездках Прэзідэнта па краіне

Прыклад для пераймання

Перад беларускай дзяржавай стаіць комплексная задача зрабіць рэгіёны, невялікія населеныя пункты прывабным месцам для жыцця і працы, паколькі адным з прыярытэтных кірункаў палітыкі Прэзідэнта Беларусі была і застаецца ўвага да ўстойлівага збалансаванага развіцця рэгіёнаў. Гэта дэманструюць рабочыя паездкі Аляксандра Лукашэнкі па краіне, расказалі эксперты.

Прывабнае месца для жыцця і працы

Дэкан факультэта журналістыкі БДУ, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» нагадаў, што ў рашэннях леташняга Усебеларускага народнага сходу была пазначана важнасць развіцця рэгіёнаў:

беляев.jpg

— На працягу года Прэзідэнт неаднаразова адзначаў, што неабходна развіваць менавіта рэгіянальную інфраструктуру. Трэба ствараць камфортныя ўмовы не толькі і не столькі ў сталіцы і іншых буйных гарадах, якія і так ужо забудаваны, а ўладкоўваць жыццё людзей на месцах.

Аляксей Бяляеў канстатуе: наша краіна — гэта цэнтр сельскагаспадарчай вытворчасці:

— Трэба захоўваць людзей там, дзе сканцэнтраваны прадпрыемствы аграрнага тыпу. Жыхары сельскай мясцовасці, невялікіх аграгарадкоў маюць такое ж права на камфортнае жыццё, як і жыхары вялікіх гарадоў. Пытанне стварэння працоўных месцаў. Калі будуць праца, грошы, прыхільнасць да месца, тады будзе і ўся інфраструктура. Прэзідэнт казаў пра тое, што ў кожным раёне павінны з’явіцца цэнтральныя прадпрыемствы, тады падцягнецца і ўсё астатняе: дарогі, дамы, будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў, інфраструктура абслугоўвання

Эксперт падкрэсліў, што беларускі лідар не проста пастаянна ўдзяляе ўвагу рэгіянальнаму развіццю, але і патрабуе, каб яно было якасным:

— Не проста цяп-ляп для паказухі. Павінны быць створаны рэальныя магчымасці для людзей працаваць, зарабляць добрыя грошы.

Перад беларускай дзяржавай стаіць комплексная задача, растлумачыў госць эфіру:

— Трэба зрабіць рэгіёны прывабным месцам для жыцця і работы, месцам, дзе хочацца заставацца. Толькі 20 % насельніцтва жыве ў сельскай мясцовасці, а гэта значыць, што велізарная колькасць зямлі, прыроды аказваецца не пад кантролем. Вельмі важна, каб людзі на зямлі жылі, працавалі. Для гэтага іх трэба зацікаўліваць, ствараць камфортныя ўмовы.

Аляксей Бяляеў перакананы: паездкі Прэзідэнта па невялікіх мястэчках — гэта цэнтралізаваны збор матэрыялаў для аналізу і прыняцця канчатковых рашэнняў па развіцці рэгіёнаў:

— Нічога экстраардынарнага, проста выкананне паўсядзённых абавязкаў, кантроль за выкананнем раней вылучаных патрабаванняў.

Экзамен для ўлады

З меркаваннем калегі салідарны і палітолаг Андрэй Лазуткін, агучыўшы сваё бачанне ў эфіры тэлеканала «СТБ»:

Лазуткин.jpg

— Кожны губернатар, кожная вобласць, кожны раён — гэта людзі, якія праходзяць пэўную праверку. Трэба паказаць, ці добры вы губернатар, ці добры вы прэм’ер-міністр, што вы ўмееце, як вы будзеце ўсё гэта вырашаць.

Эксперт падкрэслівае, што пры кожным назначэнні, якое адбываецца сёння на ўзроўні нават раёнаў, кандыдатаў выклікаюць у Палац Незалежнасці:

— Прэзідэнт звяртаецца да кожнага, не важна, размова пра Копысь або раёны Мінска. Гэта значыць, ён ведае пункты, дзе ёсць пэўная неабходнасць дзяржаўнага ўдзелу. І для ўлады ідзе такі іспыт: давайце, вы маладыя, хочаце атрымаць больш улады, пакажыце, як вы будзеце вырашаць нашы беларускія праблемы. Для гэтага Прэзідэнту трэба праводзіць праверку дадзенай кантрольнай работы.

Андрэй Лазуткін тлумачыць: менавіта для гэтага кіраўнік дзяржавы асабіста прыязджае ў рэгіёны і кантралюе выкананне даручэнняў: «Я даручаў вам, умоўна, фермы закапаць закінутыя, а вы іх закапалі? Ці вы нават гэта не можаце зрабіць, гэта значыць навесці парадак на зямлі?» 

І вось так ідзе пастаянная праверка дзяржапарату, якая працуе на Прэзідэнта. І па выніках такой кантрольнай работы, якая пішацца не 45 хвілін, а 5 гадоў, па сутнасці, увесь наступны прэзідэнцкі тэрмін кіраўнік дзяржавы будзе рабіць нейкія высновы.

Палітолаг дапаўняе: гаворка пра канфігурацыю ўлады:

— Каго, можа быць, трэба трошкі павысіць, каго панізіць. І гэта не проста пра якасць прадукцыі і чагосьці яшчэ. Трэба ўнутры краіны вызначыцца, што ёсць і які патэнцыял у нашых беларускіх кадраў.

Адзінства сямі «я»

Што датычыцца непасрэдна наведвання Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах Алег Дзячэнка падкрэслівае, што асноўная ўвага Прэзідэнта была сфакусіравана на рабоце аграпрамысловага комплексу раёна:

Дьяченко.jpg

— У перспектыве плануецца ператварыць Шклоўскі раён ва ўзорна-паказальны, своеасаблівую матрыцу, на аснове якой будзе вызначаны вобраз будучыні для іншых раёнаў краіны.

Парламентарый адзначае, што пытанне ўмацавання рэгіёнаў, стварэння новых вытворчасцяў і мадэрнізацыі старых прадпрыемстваў, паляпшэння ўмоў для вядзення прыватнага бізнесу, у тым ліку прыцягнення інвестыцый у эканоміку, заўсёды займае прыкметнае месца ў прэзідэнцкай палітыцы:

— Ды і ў перадвыбарнай праграме нашага Прэзідэнта палажэнне аб раўнамерным развіцці рэгіёнаў па прынцыпе «моцныя рэгіёны — моцная краіна» з улікам іх мясцовай спецыфікі з’яўляецца адным з фундаментальных кампанентаў праграмы мадэрнізацыі краіны ва ўмовах узнікнення новых геапалітычных і геаэканамічных выклікаў і пагроз.

Менавіта таму, падкрэслівае парламентарый, Прэзідэнтам пастаўлены канкрэтныя задачы па пераўтварэнні сельскай гаспадаркі ў высокатэхналагічную, канкурэнтаздольную галіну і прэстыжную сферу працы, развіцці сацыяльнай інфраструктуры ў сельскай мясцовасці, прыцягненні кадраў у аграпрамысловы комплекс, а для гэтага неабходна забяспечыць людзей высокааплатнай работай і жыллём. Важнае значэнне мае таксама развіццё транспартнай інфраструктуры, лагістыкі, якая прадугледжвае будаўніцтва сучасных дарог па лініі «абласны цэнтр — раённы цэнтр — аграгарадок»

— Найскладанейшае пытанне сёння — захаваць баланс працоўных рэсурсаў паміж сталіцай і абласнымі цэнтрамі, з аднаго боку, і раёнамі, асабліва якія знаходзяцца на рэгіянальных ускраінах, з другога, — працягвае Алег Дзячэнка. — Усе разумеюць — працоўная міграцыя з’явілася не сёння і не ўчора. Недахоп кадраў на прадпрыемствах і ў арганізацыях сталіцы спараджае новыя міграцыйныя патокі ў краіне. Таму пытанне з замацаваннем кадраў у рэгіёнах варта вырашаць у комплексе з ліквідацыяй праблемы кадравага «голаду» ў Мінску і абласных цэнтрах.

На думку суразмоўцы, дасягненне пастаўленых мэт шмат у чым будзе абумоўлена рэалізацыяй Указа № 74 «Аб узмацненні ролі старшыняў выканаўчых камітэтаў базавага ўзроўню ў развіцці рэгіёнаў» і вось чаму:

— Пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў, узмацненне пазіцый кіраўнікоў органаў выканаўчай улады на месцах у частцы аператыўнага кіравання працэсамі ў сферы эканомікі і грамадска-палітычнага жыцця вырашае, акрамя эфектыўнага менеджменту, яшчэ адну стратэгічную для краіны задачу — выхаванне кіраўнікоў новай фармацыі, якія ў далейшым змогуць на больш высокім узроўні самастойна прымаць правільныя рашэнні.

Значэнне мер, што прымаюцца на ўзроўні кіраўніка дзяржавы па ўдасканаленні аграпрамысловага комплексу, эканомікі ў цэлым, парламентарый праілюстраваў на прыкладзе развіцця аб’ектаў Магілёўшчыны, у прыватнасці, Асіповіцкай выбарчай акругі № 89, народным выбраннікам ад якой з’яўляецца:

— Напрыклад у Клічаўскім раёне ў УКСП «Саўгас «Добраахвотнік» вядзецца будаўніцтва цэха па сушцы біямас, дзе запланавана атрыманне гранул з травяной мукі і будуць створаны новыя працоўныя месцы. Паблізу вёскі Дулебня ўзводзіцца малочнатаварны комплекс на 1512 галоў, а таксама рэканструюецца малочнатаварны комплекс на 536 галоў у «Саўгасе «Ольса», што ў сукупнасці прывядзе да павелічэння валавой вытворчасці малака. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, людзі забяспечаны жыллём. Раён развіваецца, адпаведна развіваецца і наша краіна.

У сваю чаргу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, гендырэктар «Цэнтра культуры «Віцебск», дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» Глеб Лапіцкі звяртае ўвагу на нязменны тэзіс кіраўніка дзяржавы, што Беларусь — гэта адзінства сямі «я», шасці абласных цэнтраў і сталіцы:

Лапицкий.jpg

— У словах Прэзідэнта выразна прасочваецца паслядоўная стратэгія развіцця малых населеных пунктаў, бо менавіта там сканцэнтравана душа беларускага народа, захоўваюцца яго традыцыі і велізарны, пакуль яшчэ не цалкам раскрыты, патэнцыял.

Сенатар падкрэслівае: усе ініцыятывы Прэзідэнта накіраваны на пошук і мабілізацыю рэсурсаў у гэтых рэгіёнах:

— Беспрэцэдэнтная падтрымка, якая аказваецца ў аднаўленні малых населеных пунктаў, развіцці аграгарадкоў, а таксама рэалізацыя ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект», накіраванай на прыцягненне інвестыцый, дазваляе не толькі палепшыць эканамічную сітуацыю, але і прыцягнуць увагу да добраўпарадкавання гэтых тэрыторый, зацікавіць буйны бізнес у развіцці малых населеных пунктаў. Такім чынам, далейшае развіццё бачыцца менавіта ў гэтым кірунку. І, вядома, пры зносінах з людзьмі ключавымі застаюцца пытанні жылля, дарог і працоўных месцаў. Калі ўдасца забяспечыць гэтыя тры складнікі, і, упэўнены, па даручэнні кіраўніка дзяржавы гэтаму будзе ўдзелена яшчэ больш увагі, то і наладзіцца інфраструктура, і з’явіцца неабходнае жыллё для работнікаў прадпрыемстваў, размешчаных у гэтых населеных пунктах.

Што датычыцца Віцебскай вобласці, сенатар адзначае:

— Нягледзячы на адносна невысокую стартавую базу важна адзначыць працавітасць жыхароў Віцебшчыны, якія, перакананы, паспяхова справяцца з усімі выклікамі і пастаўленымі задачамі, а таксама будуць імкнуцца да павелічэння тэмпаў росту і далейшага развіцця рэгіёна.

Малым гарадам — асаблівая ўвага

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага ГВРУП «Фармацыя» Людміла Сапега, звяртаючыся да вытокаў праблематыкі рэгіёнаў нагадвае, што масавы пераезд насельніцтва Беларусі ў гарады пачаўся прыблізна ў сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя:

Сопего.jpg

— Тады такі працэс быў эканамічна апраўданы. У краіне, дзе да гэтага каля 65 % насельніцтва пражывала ў сельскай мясцовасці, ішло бурнае прамысловае будаўніцтва. Чэрпаць працоўныя рэсурсы акрамя як з вёсак, пасёлкаў гарадскога тыпу і райцэнтраў, новым фабрыкам і заводам проста не было дзе.

У цяперашні час, працягвае член Савета Рэспублікі, такой патрэбы ў працоўных руках у буйных гарадах не назіраецца:

— Аднак адток жыхароў з сельскай мясцовасці працягваецца. Невыпадкова яшчэ чатыры гады таму, выступаючы на VІ Усебеларускім народным сходзе, Прэзідэнт ужо біў трывогу ў сувязі з той сітуацыяй, якая складвалася ў краіне. Тады ён перасцерагаў ад празмернага захаплення будаўніцтвам жылля ў Мінску, што пагражае перанасяленнем сталіцы. Літаральна ж днямі, падчас свайго знаходжання ў аграгарадку Копысь, Аляксандр Лукашэнка ўжо ў катэгарычнай форме запатрабаваў спыніць бяздумна будаваць і сцягваць людзей у буйныя гарады, прапанаваў будаваць жыллё толькі там, дзе на гэта ёсць запыт ад работадаўцаў. А каб гэты попыт быў, у кожным райцэнтры на працягу найбліжэйшых пяці гадоў павінны быць створаны ўласныя вытворчасці, якія як здабываюць, так і арыентаваныя на перапрацоўку і выпуск прадукцыі з мясцовай сыравіны.

Сенатар звяртае ўвагу і на адначасовае патрабаванне кіраўніка дзяржавы, каб пераезд гараджан на пастаяннае месца жыхарства ў сельскую мясцовасць ні ў якім разе не быў звязаны са зніжэннем звыклага ўзроўню дабрабыту і камфорту:

— У аграгарадках, гарадскіх пасёлках і гарадах-спадарожніках павінны быць створаны ўсе ўмовы, каб чалавек не адчуваў сябе адарваным ад цывілізацыі. Краіна ў нас не такая вялікая, з развітой сацыяльнай і транспартнай інфраструктурай. І з Прэзідэнтам, які ўмее бачыць перспектыву на гады наперад.

З гэтым салідарны і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Андрэй Балыш, які канстатаваў: чарговае наведванне Віцебскай і Магілёўскай абласцей зноў пацвердзіла важнасць падтрымкі мясцовых вытворчасцяў, развіцця інфраструктуры і сацыяльнай сферы для забеспячэння стабільнасці і працвітання ўсіх куткоў краіны:

Балыш.jpg

— Асаблівую ўвагу падчас паездкі ў Віцебскую і Магілёўскую вобласці Прэзідэнт удзяліў дрэваапрацоўцы, сельгасперапрацоўцы і іншым галінам, якія фарміруюць эканамічны каркас рэгіёнаў. Прэзідэнт асабліва падкрэсліў, што развіццё такіх вытворчасцяў — гэта не толькі эканоміка, але і замацаванне людзей на месцах, прадухіленне адтоку кадраў у буйныя гарады. Але без камфортных умоў немагчыма ўтрымаць спецыялістаў у малых гарадах і сельскай мясцовасці. Таму важным аспектам стабільнасці кадраў з’яўляецца даступнае жыллё: будаўніцтва для работнікаў, арэнднае і сацыяльнае жыллё

.На думку парламентарыя, такі падыход спрыяе не толькі паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі, але і фарміраванню кадравага рэзерву для мясцовай эканомікі.

— Немалаважным фактарам таксама з’яўляецца развітая інфраструктура і сацыяльная сфера, каб максімальна скараціць разрыў паміж горадам і перыферыяй, — звяртае ўвагу ён. — Такім чынам, увага Аляксандра Лукашэнкі да рэгіянальнай палітыкі — гэта не проста падтрымка асобных прадпрыемстваў, а стратэгічны курс на фарміраванне моцнай, незалежнай і адзінай Беларусі, дзе кожны рэгіён уносіць уклад у агульны росквіт і дабрабыт будучых пакаленняў.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю