Top.Mail.Ru

«Усё пацвярджаецца часам і паказвае рэальную палітыку»: эксперты — пра інтэрв’ю Кіраўніка дзяржавы амерыканскаму тэлеканалу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю амерыканскаму тэлеканалу «Ньюсмакс» зноў заклікаў вырашаць планетарныя праблемы за сталом перагавораў, а не вайной. Пра ролю яго палітычных парад у сусветным парадку дня, апраўданасць прагнозаў ад Першага і першапрычыны ўзнікнення канфліктаў на планеце расказалі эксперты. 


Пра расійска-ўкраінскі канфлікт


Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега, каментуючы інтэрв’ю Прэзідэнта Беларусі амерыканскаму тэлеканалу Newsmax, нагадала, што яшчэ падчас падпісання так званых мінскіх дамоўленасцяў аб спыненні вайны на Данбасе, Аляксандр Лукашэнка папярэджваў, што без падключэння да гэтага працэсу Злучаных Штатаў трывалы мір на Украіне будзе наўрад ці дасягальны:

— На жаль, ні ўкраінскі бок, ні заходнееўрапейскія палітыкі, якія стаялі за ім, да меркавання беларускага лідара тады не прыслухаліся. А дарма, бо ён, як заўсёды, меў рацыю. Сёння мы з’яўляемся сведкамі таго, што менавіта адміністрацыя Дональда Трампа прыкладвае значныя намаганні да таго, каб спыніць кровапраліцце ў зоне правядзення СВА. Якая, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанне карэспандэнта аб прычынах узнікнення расійска-ўкраінскага канфлікту, стала толькі наступствам той недальнабачнай унутранай і знешняй палітыкі, якую праводзяць улады Украіны пачынаючы з 2014 года. Шмат у чым па падгаворванні і пры падтрымцы сваіх заходнееўрапейскіх партнёраў. 

Сенатар звяртае ўвагу на ацэнку Прэзідэнтам намаганняў цяперашняй адміністрацыі Белага дома:

— Невыпадкова Аляксандр Лукашэнка канстатаваў: калі б усё залежала ад Трампа, вайна б даўно ўжо скончылася. Бо гэтага хоча не толькі ён, але і Пуцін, і Зяленскі. Хай па розных прычынах, але тым не менш. Спынення вайны хочуць і народы Расіі і Украіны, чые мужы і сыны гінуць на лініі баявога судакранання. Больш за тое, гэтага ж хочуць і жыхары Беларусі, якія з горыччу назіраюць за тым, як каля нашых граніц змагаюцца паміж сабой іх кроўныя браты. 

І толькі кіраўніцтву ЕС, калі меркаваць па апошніх заявах, выгадны гэты канфлікт. Як па палітычных, так і па эканамічных прычынах, кажа суразмоўніца:

— Сваёй галоўнай мэты яны не хаваюць: калі не атрымліваецца перамагчы Расію на полі бою, яе трэба максімальна аслабіць у ваенным і эканамічным плане. Каб пасля за кошт рабавання яе рэсурсаў вырашыць тыя эканамічныя і сацыяльныя праблемы, якія ў краінах Еўрасаюза нарастаюць, як снежны ком. 

Але гэта вельмі недальнабачная і небяспечная пазіцыя пагражае далейшым разрастаннем канфлікту, падкрэслівае парламентарый:

— Менавіта пра гэта папярэджвае Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кажучы пра цяжкія наступствы для Еўропы і свету ў выпадку магчымай эскалацыі канфлікту.

Аб рэалістычнасці прагнозаў ад Першага


Дырэктар прадстаўніцтва МТРК «Мір» у Беларусі, старшыня Беларускага саюза жанчын Вольга Шпілеўская у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа-радыё» патлумачыла, чаму замежныя журналісты пільна сочаць за кожным словам Аляксандра Лукашэнкі аб ключавых сусветных падзеях:

— Палітык з такім розумам, з уменнем бачыць і прадказваць сітуацыю сёння на планеце сустракаецца вельмі рэдка. Таму зразумела: усё, пра што казаў Аляксандр Рыгоравіч, усё, пра што ён кажа, пацвярджаецца часам і паказвае рэальную палітыку, якую ён праводзіць. Гэта дэманструе яго адкрытасць і разумнасць. Ён — адкрыты і сумленны чалавек.
У пацвярджэнне сваіх слоў яна прыводзіць прыклад:

— Паглядзіце: перад амерыканскімі сродкамі масавай інфармацыі ён не выкручваецца і не спрабуе казаць, што «вы, Амерыка, усё робіце правільна». Ён кажа так, як думае, як бачыць, як адчувае, і не баіцца называць рэчы сваімі імёнамі. Калі Дональд Трамп не мае рацыю, ён адкрыта кажа пра гэта. Калі ён мае рацыю, Прэзідэнт таксама адкрыта заяўляе пра гэта. Ён не баіцца выказацца пра тое, як бачыць сітуацыю і як прапануе яе вырашыць. І час, і гісторыя пацвярджаюць, што яго бачанне часта аказваецца сапраўды верным.

Таму, робіць выснову госця праграмы, усе хочуць яго пачуць — даведацца, як ён бачыць далейшае развіццё падзей у любой сферы: 

— І што датычыцца Венесуэлы, і вайны з Украінай, і таго, што адбываецца ў свеце ў цэлым. Гэта такі прагноз ад Аляксандра Лукашэнкі, які, у добрым сэнсе, усе чакаюць.

Пры гэтым Вольга Шпілеўская адзначае, што Прэзідэнт не навязвае нікому свае парады:

— Ён адказвае на пытанні, якія яму задаюць. І ў сваіх парадах ён абапіраецца на вопыт. Гэта не проста словы, а глыбокі аналіз сітуацыі: ён бачыць, як яна развівалася, як будзе развівацца. Ён абапіраецца на вопыт, напрыклад, у той жа барацьбе з наркотыкамі, які быў у нашай краіны. І тут жа ўспамінаецца яго правільная фраза пра тое, што зброяй наркотыкі перамагчы немагчыма. Ён казаў, што гэта глабальная праблема, і проста сцерці з твару зямлі Венесуэлу толькі з-за таго, што гэта краіна, праз якую ідзе наркатрафік або якая пастаўляе наркотыкі, няправільна. Бо існуе гісторыя з пастаўкамі сінтэтычных наркотыкаў з еўрапейскіх краін, напрыклад праз нашу тэрыторыю. І што ж, нам такімі баявымі дзеяннямі, зброяй сціраць з твару зямлі любую краіну, якая, як нам здаецца, уяўляе пагрозу? Так не будзе, і так нельга, таму што тады войны на нашай планеце не скончацца, і мы знішчым з твару зямлі гэту планету.

Аб сітуацыі вакол Венесуэлы


Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег Дзячэнка звяртае ўвагу на падрабязную характарыстыку міжнароднай сітуацыі ў рэгіёне Карыбскага басейна:
— Як вядома, восенню бягучага года афіцыйны Вашынгтон пад надуманымі падставамі барацьбы з кантрабандай наркотыкаў і з мэтай устанаўлення татальнай блакады партоў Венесуэлы стварыў каля берагоў Паўднёвай Амерыкі магутную ваенна-марскую групоўку. Кіраўніцтва Венесуэлы было абвешчана «замежнай тэрарыстычнай арганізацыяй», а вядучыя мас-медыя прыступілі да маштабнай падрыхтоўкі міжнароднай грамадскай думкі да магчымай агрэсіі ЗША супраць гэтай суверэннай лацінаамерыканскай дзяржавы. Адначасова амерыканскія ваенныя заняліся пазасудовымі расправамі над венесуэльскімі маракамі, патапіўшы звыш 20 суднаў разам з экіпажамі. 

Такім чынам, робіць выснову эксперт, на вачах ва ўсёй сусветнай супольнасці фактычна ажыццяўляецца падрыхтоўка чарговай ваеннай інтэрвенцыі:

— Паводле слоў Прэзідэнта Беларусі, у заходнім паўшар’і ўзнікла рэальная пагроза ператварэння гэтага канфлікту ў сапраўдную вайну і гэта нашкодзіць, перш за ўсё, амерыканскім інтарэсам. Выкарыстоўваючы магчымасці тэлекампаніі Newsmax ён настойліва пераконвае амерыканскі бок устрымацца ад узброенага гвалту ў дачыненні да Венесуэлы.

Суразмоўца нагадвае тэзіс Прэзідэнта аб тым, што дамовіцца разумныя людзі заўсёды могуць і для гэтага маюцца ўсе неабходныя ўмовы:

— Але наўрад ці сёння Вашынгтон гатовы да дээскалацыі сітуацыі ў Карыбскім рэгіёне. Наадварот, становішча ў дадзены канкрэтна-гістарычны момант ва ўзаемаадносінах ЗША і Венесуэлы напружваецца з кожным днём. 

На думку парламентарыя, асноўная прычына распачатага некалькі гадоў таму канфлікту заключаецца не ў выяўленні чарговага лацінаамерыканскага наркатрафіку, а ў багатай і разнастайнай мінеральна-сыравіннай базе Венесуэлы: 

— Краіна валодае велізарнымі разведанымі запасамі нафты і займае першае месца сярод іншых нафтаздабыўных дзяржаў у рэгіёне. Акрамя таго, у яе нетрах выяўленыя шырокія запасы газу, паклады каменнага вугалю, жалезных, нікелевых, кобальтавых, тытанавых, марганцавых, медных і цынкава-свінцовых руд, золата, алмазаў, баксітаў, фасфарытаў, урану, серы і азбесту, а таксама іншых рэдкіх металаў. Усе гэтыя прыродныя багацці літаральна намагнічваюць драпежніцкую цікавасць з боку найбуйнейшых транснацыянальных кампаній Глабальнай Поўначы, якія і вызначаюць у канчатковым выніку знешнепалітычную стратэгію Злучаных Штатаў Амерыкі і іх сатэлітаў на лацінаамерыканскім напрамку.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю