Аб стварэнні Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і станаўленні яго нарматыўнай базы дырэктар установы Сяргей Сачко расказаў у эфіры тэлеканала «РТР Беларусь», паведамляе БелТА.
Сяргей Сачко расказаў, што яго дзейнасць у дадатковай адукацыі пачалася з работы ў Рэспубліканскім доме навучэнцаў і работнікаў прафесійнай адукацыі да яго рэарганізацыі. «Гэта ўстанова прайшла некалькі рэарганізацый — да Рэспубліканскага цэнтра тэхнічнай творчасці, а затым інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Мы паступова пераходзілі да нейкіх інавацыйных напрамкаў, актыўна ўкаранялі тады, у 2014-2015 гадах, робататэхніку, калі яшчэ толькі ўся гэта справа пачыналася. Потым ужо на базе гэтай установы ствараўся Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк», — сказаў ён.
Яго стварэнне ініцыяваў кіраўнік дзяржавы. З вышэйшых устаноў каля вытокаў тэхнапарка стаялі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
«Мы пачыналі з трох напрамкаў — зялёная хімія, інфармацыйныя тэхналогіі і робататэхніка. Гэтыя тры напрамкі садзейнічалі станаўленню ўстановы, — адзначыў Сяргей Сачко. — Мы не проста заехалі, калі ўсё было. Нічога не было. Ні навучальных праграм, ніякай нарматыўнай базы. Усё пачыналася з нуля. Усё было не так проста, і нарматыўная база знаходзілася ўвесь час у нейкіх праўках».
Сёння назіраецца вялікі інтарэс да Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка. Аб гэтым сведчыць і конкурс у сярэднім чатыры-пяць чалавек на месца, бывае нават 11-12 чалавек на месца.