Top.Mail.Ru

Адкрыццё Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску

Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі ў Мінску. Тады кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў краіне ўкладвалі і будуць укладваць сродкі ў развіццё перспектыўных тэхнічных кірункаў — робататэхнікі, нанаэлектронікі, складаных саманавучальных сістэм і іншых галін навукі. Пастаянна ўдасканальваецца падрыхтоўка кадраў, узмацняецца ўзаемадзеянне адукацыі з высокатэхналагічнымі прадпрыемствамі. «Разлічваю, што такія тэхнаінкубатары будуць не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй краіне. Якімі яны павінны быць, мы прыкладна і паказваем — тым, хто хоча гэта рабіць і каго мы, мякка кажучы, папросім», — сказаў беларускі лідар.

   


 І сапраўды: штучны інтэлект, робаты, супермагутныя камп’ютары, праграмаванне, дроны — усё гэта калісьці было толькі на старонках фантастыкі. А сёння — гэта частка нашай паўсядзённай рэальнасці. І ў свеце мікрасхем асабліва актуальна паўстае пытанне інжынерных кадраў. Сфера, безумоўна, складаная, але як зацікавіць дзяцей, каб адкрыць ім такі дзіўны свет? Аб гэтым ведаюць у Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці.

Цікавасць толькі расце

Штогод у цэнтры навучаецца больш за 1000 школьнікаў, і, як адзначыла дырэктар установы адукацыі Іна Бачко, цікавасць у дзяцей і бацькоў да такога віду дадатковай адукацыі толькі расце. Навучанне вядзецца па трох профілях. Ёсць спартыўна-тэхнічны кірунак, дзе падлеткі займаюцца авія-, ракета- і судамадэляваннем; тэхнічны, дзе прапануецца пачатковае тэхнічнае мадэляванне і канструяванне, а таксама матэматычны кірунак, дзе хлопчыкі і дзяўчынкі займаюцца робататэхнікай, архітэктурай і праектаваннем, стварэннем сайтаў і web-дызайнам. Усяго ў цэнтры дзейнічае больш за 90 аб’яднанняў па інтарэсах.

— На заняткі мы прымаем з 6 гадоў, стараемся зрабіць так, каб потым вучні пераходзілі ў старэйшыя групы, дзе яны знойдуць справу па душы. Пра ўсе кірункі можна расказваць вельмі доўга. Напрыклад, ёсць акадэмія лікаў, дзе навучэнцы могуць паспрабаваць сябе ў праграмаванні і мадэляванні. Працуе аб’яднанне «Крэаталент», дзе школьнікі займаюцца камп’ютарнай апрацоўкай малюнкаў, ствараюць па чарцяжах вырабы ў тэхніцы «ганутэль». Такі шырокі дыяпазон дапамагае ім знайсці сябе і паспрабаваць свае сілы ў розных кірунках, — расказала Іна Бачко.

Як адзначае загадчык вучэбна-метадычнага кабінета і педагог дадатковай адукацыі Алена Краўчанка, усё пачынаецца з кардону і клею ПВА. Дзеці робяць мадэлі, вучацца карыстацца лінейкай, мысліць прасторава. Ужо з юнага ўзросту іх вучаць чытаць чарцяжы і схемы. Педагогі робяць усё магчымае, каб заняткі былі максімальна займальныя і карысныя: «Я больш за 20 гадоў працую педагогам дадатковай адукацыі і вельмі люблю сваю працу. Так прыемна назіраць за поспехамі вучняў, як яны растуць і развіваюцца. Прыемна бачыць, калі ў заняткі ўключаюцца і бацькі, нярэдка яны разам з дзецьмі нешта клеяць, збіраюць, майструюць».

Вельмі падабаецца дзецям робатамадэляванне. Хоць кірунак гэты няпросты, бо патрэбна не толькі сабраць робата. Аднак ён і правільна запраграмаваць, каб ён рухаўся пэўным чынам і выконваў патрэбныя каманды. Аднак ён вельмі запатрабаваны ў навучэнцаў. З турніру «РобІн-2025» каманда вобласці прывезла 5 узнагарод.

Цэнтр дае магчымасць вучыцца абсалютна ўсім. Тут фарміруюцца групы для дзяцей, якім патрэбен адмысловы падыход, што дае магчымасць сацыяльнай адаптацыі і развіцця такіх навучэнцаў.

Каардынацыя і дапамога

Групы ў цэнтры фарміруюцца ад 12 чалавек, і ёсць аб’яднанні, якія працуюць на базе ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта дазваляе навучэнцам працягваць займацца ў цэнтры, удасканальвацца, удзельнічаць у конкурсах. Але ў Гродзенскага цэнтра тэхнічнай творчасці сярод задач не толькі навучанне дзяцей, а ў цэлым каардынацыя ўсяго, што звязана з тэхнічнай творчасцю і інжынернай адукацыяй. Установа з’яўляецца апорнай пляцоўкай Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка па правядзенні адбору школьнікаў для навучання па 15 адукацыйнах праграмах. За мінулы навучальны год 1100 навучэнцаў з Гродзенскай вобласці падалі заяўкі для адбору. Кожны месяц тэхнапарк праводзіць навучанне 150 чалавек, што дае магчымасць ахапіць вялікую колькасць таленавітых дзяцей. За год цэнтр накіраваў на навучанне 297 дзяцей, і гэта адзін з лепшых паказчыкаў па краіне, а больш за 60 чалавек прайшлі навучанне двойчы. Дарэчы, Гродзеншчына лідзіруе па колькасці навучэнцаў, якія атрымалі рэкамендацыі Назіральнага савета Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка і змаглі паступіць ва ўніверсітэты краіны без уступных экзаменаў па інжынерна-тэхнічных кірунках.

Больш — лепш

У Гродзенскай вобласці ўжо створаны 19 інжынерна-тэхнічных цэнтраў, а таксама адкрыты інжынерныя класы і мноства факультатываў тэхнічнага кірунку. Гэтыя ініцыятывы накіраваны на далучэнне дзяцей да заняткаў тэхнікай і развіццё іх цікавасці да інжынерных прафесій. З новага года ў Гродзенскім цэнтры плануюць адкрыць новае аб’яднанне па інтарэсах, прысвечанае беспілотным лятальным апаратам. Пачата работа па закупцы новых камп’ютараў з аб’ёмнай памяццю і відэакартай, што дасць магчымасць займацца новым відам тэхнічнай творчасці.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота з архіва ўстановы адукацыі

Чытайце таксама: «Толькі вы можаце зрабіць сваё жыццё». Лукашэнка даў моладзі параду на будучыню

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю