Абноўленая Рэспубліканская дошка Гонару адкрылася ў Мінску, перадае БелТА.
«Гэта ўжо добрая традыцыя — напярэдадні Свята працы (1 мая) сустракацца на плошчы Дзяржаўнага сцяга, каб ушаноўваць пераможцаў, удастоеных занясення на Рэспубліканскую дошку Гонару», — сказаў міністр эканомікі Юрый Чабатар.
Паводле яго слоў, гэты год з’яўляецца ўнікальным, паколькі падводзяцца вынікі не толькі за 2025 год, але і за пяцігодку. «Барацьба была досыць вялікая, удзельнічала 200 арганізацый, а 53 удастоіліся ўзнагароды. Сярод рэгіёнаў (адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. — Заўв. БелТА) удзельнічала больш за 20, пераможцамі сталі 11, у іх ліку — Брэсцкая і Мінская вобласці», — адзначыў міністр эканомікі.
Юрый Чабатар падкрэсліў, што крытэрыі адбору вельмі простыя, але вытрымаць іх досыць складана. «Першы крытэрый — устойлівая работа і высокія паказчыкі ў параўнанні з іншымі прэтэндэнтамі. Другі — выключная працоўная і вытворчая дысцыпліна. Трэці — уплыў на вынікі ў краіне. Усё гэта разам складваецца, ацэньваецца — і найлепшыя аказваюцца на дошцы гонару», — дадаў ён. Дзяржава шануе ўклад кожнага ў дасягненне высокіх паказчыкаў краіны, падкрэсліў міністр эканомікі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 красавіка падпісаў указ № 138 «Аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару пераможцаў спаборніцтваў за 2021—2025 гады і 2025 год». Указам вызначаны пераможцы спаборніцтваў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця.
У іх ліку 11 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак: Брэсцкая і Мінская вобласці, Мінск, Жабінкаўскі і Камянецкі раёны Брэсцкай вобласці, Нясвіжскі і Салігорскі раёны Мінскай вобласці, Горацкі раён Магілёўскай вобласці, Брэст, Маскоўскі і Першамайскі раёны Мінска.
На Рэспубліканскую дошку Гонару таксама занесены дзевяць арганізацый прамысловасці, тры арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць у будаўніцтве, дзевяць арганізацый сельскай і рыбнай гаспадаркі, дзве арганізацыі лясной гаспадаркі, 30 арганізацый сферы паслуг (арганізацыі гандлю, адукацыі, аховы здароўя, навукі, культуры, сацыяльнага абслугоўвання і іншыя).
Занясенне на Рэспубліканскую дошку Гонару з’яўляецца грамадскім прызнаннем важкага ўкладу рэгіёнаў і калектываў прадпрыемстваў у сацыяльна-эканамічнае развіццё і рост дабрабыту краіны, што служыць стымулюючым фактарам для дасягнення яшчэ больш высокіх вынікаў у будучыні.