Top.Mail.Ru

Установы сярэдняй адукацыі пачалі прыём дакументаў у першыя класы

Месцаў хопіць усім!


Хтосьці развітваецца са школай, а хтосьці толькі збіраецца пераступіць яе парог. У новым навучальным годзе за парты сядуць 82 тысячы першакласнікаў. Здаецца, працэс адладжаны. Аднак многія бацькі хвалююцца, ці змогуць яны аддаць сваё дзіця ў навучальную ўстанову не па месцы рэгістрацыі? Ці ёсць нейкая чарга? Ці хопіць месцаў? Ці прымуць у школу тых, каму яшчэ не споўніцца 6 гадоў. Ажыятаж падаграваюць «усёведаючыя» карыстальнікі сацыяльных сетак. Каб расставіць усе кропкі над «і», мы звярнуліся да спецыялістаў Міністэрства адукацыі.

Агульныя падыходы захаваны і дзейнічаюць

Начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына КАРЖОВА падкрэслівае, што для захавання законнасці і празрыстасці працэдуры ў кожнай установе адукацыі створаны камісіі па прыёме дакументаў. Прычым для зручнасці бацькоў камісія працуе і ў першай, і ў другой палове дня, а таксама па суботах.

— Каб падаць дакументы ва ўстанову адукацыі па месцы жыхарства, неабходна напісаць заяву на імя яе кіраўніка, прадаставіць медыцынскую даведку аб стане здароўя дзіцяці і прад’явіць пасведчанне аб яго нараджэнні, — тлумачыць Ірына Каржова. — Калі бацькі жывуць у іншым раёне, але хочуць, каб дзіця вучылася не па месцы жыхарства, а ў канкрэтна абранай школе, ім трэба спачатку ўдакладніць час прыёму дырэктара школы або гімназіі, сустрэцца з ім і падаць заяву на залічэнне на свабодныя месцы. Заява будзе зарэгістравана ў спецыяльным журнале.

Ірына Каржова таксама заклікала бацькоў не турбавацца — месцаў у школе хопіць усім!

Не чакайце жніўня

Прыём саміх дакументаў на вольныя месцы будзе ажыццяўляцца пасля 15 жніўня. Аднак начальнік упраўлення Мінадукацыі настойліва рэкамендуе не чакаць жніўня, а паспяшацца падаць адпаведную заяву:

— Бацькі самі могуць адсочваць сітуацыю, наведваючы сайты ўстаноў адукацыі. Штодня, пачынаючы з 12 чэрвеня, будзе абнаўляцца інфармацыя аб колькасці залічаных дзяцей. Там жа ёсць інфармацыя і пра колькасць дзяцей, якія пражываюць у мікрараёне, дзе знаходзіцца школа ці гімназія. На сайце таксама кожны дзень будзе абнаўляцца інфармацыя аб колькасці заяў на вольныя месцы.

Такім чынам бацькі самі могуць аналізаваць свае магчымасці і валодаць сітуацыяй, каб своечасова яе для сябе скарэктаваць і вызначыцца з установай адукацыі па месцы жыхарства. Залічэнне на свабодныя месцы ў школе або гімназіі будзе праходзіць па тэрмінах падачы заявы — хто раней падаў, у таго і больш шанцаў.

З пяці ці з шасці?

Многія бацькі вырашаюць дылему: аддаваць дзіця ў школу ці не, калі яму не хапае некалькі месяцаў да 6 гадоў. Галоўны спецыяліст упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Мінадукацыі Вольга КАНДРАШКІНА пацвярджае, што такія пытанні ўзнікаюць даволі часта:

— Я лічу, што аддаваць дзяцей у школу з пяці з невялікім хвосцікам гадоў ранавата. Яны яшчэ не гатовыя. Школа — гэта ўсё ж такі праца, і праца сур’ёзная. І калі ёсць магчымасць падоўжыць тое дзяцінства, калі малыя могуць проста гуляць, весяліцца, то такую магчымасць трэба выкарыстоўваць. Аптымальны ўзрост для школы — 6 гадоў.

Калі дзіцяці, скажам, 5 гадоў і сем-дзевяць месяцаў, то праблему яго прыёму ў школу можна вырашыць.

— Пры гэтым абавязкова патрабуецца заява аднаго з законных прадстаўнікоў і рашэнне педагагічнага савета ўстановы адукацыі, — расказвае галоўны спецыяліст адукацыйнага ведамства. — Для афармлення спатрэбяцца заява, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці і медыцынская даведка аб стане яго здароўя. Тут варта ўлічваць яшчэ адзін важны момант — будучаму першакласніку павінна споўніцца 6 гадоў да канца бягучага навучальнага года.

Раім бацькам часцей заходзіць на сайты ўстаноў адукацыі — там вы знойдзеце ўсю неабходную інфармацыю.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю