Напярэдадні Дня пажылых людзей у Мінску і Брэсце ключы ад новых мікрааўтобусаў перадалі ўстановам сацабслугоўвання з розных рэгіёнаў краіны. Дзяржава аддае вялікую ўвагу падтрымцы гэтай катэгорыі нашых суграмадзян, якія прайшлі складаныя ваенныя і пасляваенныя гады, адбудоўвалі краіну, каб у ёй устанавіліся адзінства, узаемная падтрымка і згода. Сацыяльная палітыка Беларусі накіравана на тое, каб акружыць кожнага, хто мае патрэбу, клопатам і ўвагай і стварыць найлепшыя ўмовы для дастойнага жыцця.
За два папярэднія гады холдынг «БЕЛАЎТАМАЗ» перадаў ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання нашай краіны 67 аўтамабіляў. Сёлета новыя мікрааўтобусы папоўняць аўтапарк 26 сацустаноў. У Мінску ключы ад машын уручыла міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля ПАЎЛЮЧЭНКА.
— У рэспубліцы сёння жыве больш за 1,6 мільёна чалавек, старэйшых за 65 гадоў. Гэтая лічба расце, і перад нашай сацыяльнай дзяржавай стаіць задача прадастаўляць сацыяльныя паслугі на высокім узроўні. Сумесна з прадпрыемствам «Брэстмаш» холдынга «БЕЛАЎТАМАЗ» мы штогод працуем над тэхнічнымі параметрамі і характарыстыкамі аўтамабіляў, якія вырабляюцца для сістэмы сацыяльнай абароны. Іх за тры гады ў нашы ўстановы пастаўлена больш як 90. У мікрааўтобусах прадугледжаны пад’ёмнікі для людзей з інваліднасцю, асобныя мацаванні. Аўтамабілі прызначаны для тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных пансіянатаў, — расказала Наталля Паўлючэнка.
Аўтамабілі дапамогуць пажылым і людзям з інваліднасцю жыць паўнавартасным жыццём. Яны прызначаны для падвозу ў аддзяленні дзённага знаходжання тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання. А ў сацыяльных пансіянатах будуць выкарыстоўвацца для медыцынскага абслугоўвання і экскурсійных маршрутаў.
— Калі раніцай едзеш на работу і бачыш аўтамабіль з надпісам «Сацыяльная служба» ў патоку машын, разумееш, што дапамога ідзе туды, дзе яе чакаюць, — адзначыла міністр.
Уладальнікамі аўтатранспарту сталі прадстаўнікі сацустаноў Мінска, Віцебскай і Мінскай абласцей. У гэтыя рэгіёны адправяцца дзевяць аўтамабіляў. Так, у сталіцы аўтатранспарт атрымае Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Світанак», у Віцебскай вобласці — чатыры сацустановы (ТЦСАН Чашніцкага раёна, Полацкі сацыяльны пансіянат «Сафійскі», Рацаўскі сацыяльны пансіянат «Клапатлівы», Якаўлевіцкі сацыяльны пансіянат «Хатні ачаг»), у Мінскай вобласці — чатыры сацустановы (Мікалаеўшчынскі сацыяльны пансіянат «Нёманскі», Ракаўскі сацыяльны пансіянат «Іслачанка», Маладзечанскі РТЦСАН, а таксама ТЦСАН Уздзенскага раёна).
З Брэста восем аўтамабіляў адправяцца ў сацустановы Брэсцкай і Гомельскай абласцей: Іванаўскі, Ганцавіцкі, Маларыцкі, Столінскі, Івацэвіцкі, Жлобінскі, Петрыкаўскі тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама Цярухскі сацыяльны пансіянат «Лясны».
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА