Top.Mail.Ru

Успаміны пра Разіну ў выкананні Тамары Ніжнікавай

Гэта партыя ў оперы «Севільскі цырульнік» (насамрэч адна з найскладанейшых для вакалістак) была візітоўкай опернай дзівы Тамары Ніжнікавай. І ў памяць пра народную артыстку СССР і Беларусі (9 сакавіка адзначалася яе 100-годдзе) менавіта гэту оперу Джаакіна Расіні вырашылі выканаць у Вялікім тэатры. Вечар 11 сакавіка прысвяцілі той, хто доўгі час радаваў беларускую публіку ўласным талентам, але Тамара Мікалаеўна зрабіла вялікі ўнёсак у опернае мастацтва краіны і праз сваю шматгадовую педагагічную дзейнасць. Развітаўшыся з опернай сцэнай, яна пачала рыхтаваць вакалістак і ў пэўны перыяд нават узначальвала кафедру сольных спеваў.


Але гаворка — пра жанчыну, чый выбар жыццёвага шляху ўскладніла вайна. Ураджэнка горада Куйбышава (Самара) любіла спяваць з дзяцінства і ў 1941 годзе павінна была выступаць на Усесаюзным аглядзе народных талентаў у Маскве. Але гэта не адбылося. І калі дзяўчына скончыла школу (у 1943 годзе), то разумела: ёсць прафесіі вельмі неабходныя на той момант. Яна паступіла ў медыцынскі інстытут. Дзяўчына пайшла даглядаць параненых, але і выступала перад імі. Спявала ў ваенных казармах, на прадпрыемствах, у шпіталях. Аднак умяшаўся лёс, які ўсё ж скіраваў яе прыродны талент у бок развіцця. У Куйбышаве ў эвакуацыі знаходзіўся Вялікі тэатр оперы і балета з Масквы. І нават у ваенны час тэатр шукаў таленавітых маладых людзей: пры ім была арганізавана школа эстраднага майстэрства, у якую вырашыла паступіць Тамара Ніжнікава. На дзяўчыну звярнула ўвагу народная артыстка РСФСР Марыя Максакава, якая служыла тады ў Вялікім тэатры, параіла сур’ёзна заняцца вакалам.

Тамара Ніжнікава так і зрабіла. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю ў 1949 годзе, яна некаторы час працавала ў Музычным тэатры імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі. Але атрымала запрашэнне ад Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР і пераехала ў Мінск. Тут яе талент дасягнуў сапраўднага росквіту: у нашым тэатры дзівосны голас Ніжнікавай (яна была ўладальніцай каларатурнага сапрана) гучаў 30 гадоў.

Яна разумела, дзе спявае. І, акрамя партый у класічных операх («Рыгалета» і «Травіята» Вердзі, «Лакме» Дэліба, «Шукальнікі жэмчугу» Бізэ, «Царская нявеста» Рымскага-Корсакава, «Багема» Пучыні і іншых), Ніжнікава стварыла яскравыя вобразы ў творах беларускіх кампазітараў. Была Марынкай у аднайменнай оперы Рыгора Пукста, Ірынай у «Калючай ружы» Юрыя Семянякі, Марфачкай і Бабай-Лапатухай у операх «Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны» Яўгена Цікоцкага, які называў Тамару Мікалаеўну «беларускай салавейкай». Зачароўвалі яе крыштальна чыстае каларатурнае сапрана, незвычайная музычнасць, бездакорнае валоданне голасам і акцёрская ігра. А колькі канцэртаў яна дала, прычым не толькі ў Беларусі і СССР, але і за межамі. Але яе Разіна ў «Севільскім цырульніку» была настолькі ўдалай, што выкананне Ніжнікавай згадваюць нават праз паўстагоддзя пасля завяршэння артысткай тэатральнай кар’еры.

Вечар 11 сакавіка прысвечаны ўспамінам пра зорку: у фае тэатра наладжана выстава аб творчай спадчыне Тамары Ніжнікавай, дапамогу ў яе арганізацыі аказаў Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, дзе захоўваюцца дакументы і асабістыя рэчы шмат якіх легендарных беларускіх артыстаў. Вядома, калі ў рэпертуары тэатра ёсць опера «Севільскі цырульнік», то яе выкананне ў гэты вечар прысвяцілі памяці Ніжнікавай. Цяпер Разіна — гэта Таццяна Гаўрылава. Выканаць партыю графа Альмавівы даручылі Юрыю Гарадзецкаму, а Базіліё ўвасобіў Андрэй Валенцій. Дырыжор-пастаноўшчык спектакля — Уладзімір Авадок, ён і кіраваў аркестрам.

Але гэта быў вечар памяці не толькі опернай дзівы, але і выдатнай выкладчыцы вакалу. За паўстагоддзя працы ў якасці педагога Тамара Ніжнікава падрыхтавала шмат выдатных артыстак, якія папоўнілі трупы розных тэатраў, у тым ліку станавіліся зоркамі нашага Вялікага.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю