На гэтым тыдні па АНТ быў паказаны чарговы фільм у рамках праекта «Імёны Беларусі», які расказваў пра разведчыка Кірыла Арлоўскага. Сярод герояў, з якімі можа пазнаёміцца глядач (і па АНТ, і на сайце тэлеканала), — галерэя жаночых і мужчынскіх вобразаў: Рагнеда, Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ігнат Буйніцкі, Аляксандр Чарвякоў і іншыя. Гэта настолькі цікавы праект тэлеканала пры ўдзеле Студыі гістарычных фільмаў «Майстэрні Уладзіміра Бокуна», што захацелася даведацца больш падрабязна пра карціны з першых вуснаў. Асаблівасцю фільмаў, дарэчы, з’яўляецца тое, што яны ствараюцца ў тым ліку пры дапамозе нейрасеткі. І ўсё ж стужкі належаць да дакументальных, бо апісваюць жыццё рэальных людзей, якія зрабілі свой унёсак на шляху да беларускай дзяржаўнасці.
Студыя гістарычных фільмаў Уладзіміра Бокуна працуе ўжо амаль дваццаць гадоў, пачынаючы з 2007 г. За гэты час створана шмат работ, сярод якіх самы маштабны праект — «Зваротны адлік». Але праект «Імёны Беларусі» адыгрывае важную ролю ў фарміраванні вобраза, хто ж такія беларусы і хто стаяў каля вытокаў нашай дзяржаўнасці.
Ведаць сваіх герояў
«Праект рэалізуецца са студзеня 2026 года. Гэта цыкл фільмаў пра асоб, якія стваралі нашу гісторыю, пакінуўшы глыбокі след, — тлумачыць Уладзімір Бокун. — Гэта былі людзі, якія жылі ў розныя часы, у розных умовах, але іх аб’ядноўвала жаданне стварыць нашу беларускую дзяржаўнасць. Сёння, калі мы спрабуем усвядоміць нашу гісторыю ў кантэксце ўзвядзення новага будынка музея гісторыі, канешне, важна разумець, як жа стваралася беларуская дзяржава і хто браў актыўны ўдзел у гэтым грандыёзным працэсе. Тое, што мы маем сёння, з’явілася не ўчора, а нашмат раней».
Аўтар ідэі праекта «Імёны Беларусі» — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук Вячаслаў Даніловіч. Менавіта ён прапанаваў зрабіць цыкл партрэтаў тых, хто ствараў беларускую дзяржаўнасць на самых розных яе этапах. Гэтую ідэю адразу падхапіў генеральны прадзюсар праекта Ігар Луцкі, які зразумеў яго актуальнасць і запатрабаванасць у аўдыторыі.
Такім чынам атрымаўся пантэон герояў (з імі кожны месяц могуць знаёміцца гледачы АНТ ці наведвальнікі сайта тэлеканала), якія візуалізуюцца сучаснымі сродкамі. У спісе — больш як сорак імёнаў, якія сумесна выбіралі вядучыя беларускія гісторыкі на чале з Вячаславам Даніловічам.
«У першым паўгоддзі мы стварылі дзесяць фільмаў, кожны па-свойму раскрываў ярка тую ці іншую фігуру: і палітыкі, і военачальнікі, і дзеячы культуры, — згадвае Уладзімір Бокун. — Здавалася, імёны гэтых асоб павінны быць на слыху. Хто такі Францыск Скарына, натуральна, ведае кожны, а хто такі, напрыклад, Давыд Гарадзенскі — наўрад ці скажа хтосьці на вуліцы, калі запытаць. Магчыма, падумае — хтосьці з Давыд-Гарадка. А гэта насамрэч выдатная асоба, дзякуючы якой нам удалося выстаяць у XIV ст. супраць спроб захапіць нас Тэўтонскім ордэнам, прычым Давыд Гарадзенскі быў маладым і амбіцыйным, таму ніхто такога ад яго не чакаў. Сярод герояў праекта таксама — Браніслаў Эпімах-Шыпіла, без якога б не было Янкі Купалы, наогул нашага культурнага пласта пачатку XX ст. Гэта, канешне, лепш паглядзець, бо расказваць пра кожнага героя можна бясконца».
Дзякуючы размяшчэнню ў інтэрнэце (фільмы з цыкла «Імёны Беларусі», якія ўжо выйшлі, можна знайсці ў раздзеле праектаў «Дакументальныя» на сайце АНТ) павялічваецца колькасць гледачоў, бо доступ не абмежаваны і пазнаёміцца з героямі магчыма ў любы зручны для сябе час. «Паколькі цяпер можна імгненна счытваць аўдыторыю, можна дакладна сказаць, прэм’ерныя прагляды вельмі высокія — больш як сто тысяч гледачоў. Такую кіназалу памерам з вялікі горад уявіць немагчыма, але менавіта выкладванне на сайце робіць гэты праект настолькі папулярным. І даказвае: у нашых суайчыннікаў ёсць запыт на веданне сваёй гісторыі і яе герояў», — тлумачыць Уладзімір Бокун.
З кім яшчэ пазнаёмімся?
У першай палове кастрычніка гледачы пабачаць фільм пра Мікалая Барысевіча, які доўгі час узначальваў Акадэмію навук і з’яўляўся дзеючым фізікам, а таксама пра такую неверагодную фігуру, як Максім Танк. «Цяпер працуем над фільмам аб Міхаіле Высоцкім — генеральным канструктары па аўтамабільнай тэхніцы Беларусі, ён паўстагоддзя працаваў на МАЗе, — расказвае Уладзімір Бокун. — Гэты фільм выйдзе ўжо ў лістападзе, калі мы таксама раскажам і пра жыццё Ігара Лучанка, пра якога ў нас многа эксклюзіўнага матэрыялу са свайго архіва. Далей гледачоў чакае аповед пра такую велічную фігуру, як Мітрапаліт Філарэт. У снежні па АНТ яму будзе прысвечана адразу два фільмы». У планах стваральнікаў цыкла фільмаў — працяг яго налета, але падрабязна пра канкрэтных герояў не паведамляецца.
Фармат, які быў выбраны, сапраўды працуе: на працягу 26 хвілін расказваецца пра канкрэтную асобу — ёмка, ярка і сучаснымі сродкамі. Паколькі ў вельмі далёкім мінулым фотаапаратаў і відэакамер не было, стваральнікаў выручае нейрасетка, якая забяспечвае асноўную частку матэрыялу.
Нейрасетка пад кантролем?
«Некалькі гадоў таму адбывалася такая заўважная падзея, як вялікая забастоўка дзеячаў галівудскай індустрыі, калі яны выказваліся супраць уключэння ў творчы працэс штучнага інтэлекту. Асабліва актыўнымі былі аўтары сцэнарыяў, бо яны аказаліся ў дадзенай сітуацыі больш уразлівымі, — згадвае Уладзімір Бокун. — Гэта было доўгае супрацьстаянне, якое скончылася міравым пагадненнем з кіраўніцтвам кінагаліны Галівуда з умовай, што будуць улічвацца ўсе нюансы сучаснасці. Ад ШІ нам нікуды не дзецца, бо гэты працэс ужо не спыніць, хоць многія ўжо хвалююцца, што нейрасетка можа выйсці з-пад кантролю. І тады прадказаць далейшыя яго дзеянні складана». І ўсё ж суразмоўца перакананы: ШІ можна ўтаймаваць, бо ўсё залежыць, хто яго кантралюе. «Вядомы фантаст Айзек Азімаў сфармуляваў так званы кодэкс гонару стасункаў чалавека і машыны: у іх аснове ляжыць закон, што машына ні пры якіх умовах не павінна нашкодзіць чалавеку, — працягвае тэму Уладзімір Бокун. — Тады гаворка ішла аб робатах, цяпер гэта атрымала новае развіццё, таму сітуацыя неадназначная і няпростая. Але прынцып застаўся той жа. З аднаго боку, таму ўсе і ўсхваляваныя выкарыстаннем ШІ, бо многія прафесіі могуць з-за гэтага знікнуць, пачнецца беспрацоўе, а з другога — магчымасці, якія адкрываюцца, цяпер вельмі вялікія».
Дыскусіі, наколькі ШІ карысны для мастацтва і кінематографа ў прыватнасці, можна весці бясконца... І ўсё ж відавочна: трэба прыняць ШІ як з’яву, ад якой не ўцячэш. Застаецца выпрацаваць алгарытм «сяброўства» чалавека і нейрасеткі, пакуль тая не выйшла з-пад кантролю. «Я разглядаю ШІ як магутны і крэатыўны інструмент, які можна граматна выкарыстоўваць для рэалізацыі творчых задач».
У першую чаргу — для моладзі
Цыкл фільмаў праекта «Імёны Беларусі» сапраўды створаны так, што работы глядзіш з цікавасцю. Асабліва ён важны для моладзі, якая ведае сваіх герояў не так, як больш сталае пакаленне.
«Наш праект належыць да адукацыйна-асветніцкіх, бо ён зроблены з розумам чалавека, які піша сцэнарый. Задзейнічана вялікая творчая група, а таксама вядучыя беларускія гісторыкі і яшчэ шмат спецыялістаў, — падводзіць высновы Уладзімір Бокун. — Сама нейрасетка сёння прад’яўляе вялікія патрабаванні да таго, каму яна падпарадкоўваецца. Самае галоўнае пытанне: а што ты хочаш зрабіць пры дапамозе ШІ? Таму я перакананы: калі дзейнічаць з розумам, утаймаваць нейрасетку магчыма».
Важна адзначыць, што ў фільмах, дзе расказваецца пра герояў, больш набліжаных да нашага часу, акрамя ШІ выкарыстаны матэрыялы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, а таксама студыі гістарычных фільмаў «Майстэрня Уладзіміра Бокуна».

Абавязкова знайдзіце час, каб паглядзець хоць некалькі гэтых работ, бо яны таго вартыя!
Ірына ПРЫМАК