Восем месяцаў падрыхтоўкі да галоўнага экзаменацыйнага іспыту становяцца часткай агульнага рэпетыцыйнага тэсціравання. Яно падзеліцца на тры модулі, якія будуць ісці адзін за адным.
Рэгістрацыя на першы модуль пачнецца ўжо 9 кастрычніка, адзначыў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Дзмітрый МІРОНАЎ. У гэты дзень таксама будзе адкрыты доступ у асабістыя кабінеты рэпетыцыйнага тэсціравання.
Першы модуль пройдзе з кастрычніка да канца снежня, другі ахопіць два зімовыя месяцы — студзень і люты, трэці будучыя абітурыенты змогуць здаць у сакавіку і красавіку.
— Усе пункты правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання пачнуць сваю работу з 15 кастрычніка, — удакладніў Дзмітрый Сяргеевіч. — Большасць леташніх пунктаў захаваецца. Разам з тым у Мінску дадаткова будуць адкрыты 14 новых лакацый на базе бібліятэк.
Варта адзначыць, што задумка праводзіць рэпетыцыйнае тэсціраванне ў бібліятэцы мае дзве мэты і задумвалася як сумесны праект «Ідзём у бібліятэку разам з РІКВ». Першая, асноўная мэта — даць магчымасць абітурыентам пратэсціраваць свае веды. Другая — пасля заканчэння пісьмовай работы маладыя людзі змогуць азнаёміцца з выстаўкай вучэбнай літаратуры.
Праводзіць тэсціраванне супрацоўнікам РІКВ будуць дапамагаць валанцёры. На думку Дзмітрыя Міронава, гэта дапаможа апрацаваць бланкі ў два разы хутчэй — на працягу 5 дзён (раней было 10).
Сёлета ў рамках рэпетыцыйнага тэсціравання стартуе яшчэ адзін цікавы праект — «Ідзём здаваць РТ разам».
— Мы даўно назіраем цікавасць бацькоў да такой «трэніроўкі» і вырашылі: а чаму б не даць ім магчымасць прайсці рэпетыцыйнае тэсціраванне разам са сваім дзіцем і заадно праверыць уласныя веды? Цяпер фарміруюцца спісы пунктаў, дзе гэта можна будзе ажыццявіць, — сказаў Дзмітрый Міронаў.
Яшчэ адно новаўвядзенне — у асабістых кабінетах удзельнікаў тэсціравання з’явіцца віртуальны памочнік, які будзе суправаджаць абітурыента ў кожным модулі. Яго задача — падрыхтаваць да тэсціравання ў арганізацыйнай частцы. Ён растлумачыць, як запаўняць бланк, якіх памылак пазбягаць і што нельга браць з сабой.
Алена ВІНАГРАДАВА