На раніцу 23 ліпеня працаўнікі палёў намалацілі амаль 1 млн 400 тон збожжа
Уборка азімага ячменю практычна скончылася. Зараз надышла чарга іншых культур — пшаніцы, трыцікале, азімага рапсу. Мы папрасілі спецыялістаў Мінсельгасхарча расказаць аб ходзе работ, аб тым, якія фактары сёння стрымліваюць уборачную і якія меры прымаюцца для таго, каб забяспечыць уборку і захаванасць ураджаю, а значыць, і харчовую бяспеку краіны.
Тэмп — на тры дні хутчэй, чым летась
Начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Мікалай ЛЕШЫК адзначыў:
— Мы сапраўды вельмі аператыўна ўбралі азімы ячмень і прыступілі да ўборкі іншых культур. Зараз тэмпы ўборачнай крыху прыпыніліся, з-за ўмоў надвор’я ў тым ліку — празмернае выпадзенне ападкаў назіраецца па ўсёй краіне. Але, нягледзячы ні на што, мы ўсе разумеем, што кіраўнік дзяржавы паставіў перад намі канкрэтную задачу, якую мы абавязаны выканаць. Таму пагодную «перадышку» мы выкарыстоўваем для таго, каб дадаткова звярнуць увагу на падрыхтоўку камбайнавага парку, на мабілізацыю і арганізацыю работнікаў АПК — каб з максімальнай аддачай, з максімальнай выпрацоўкай зноў прыступіць да ўборкі збожжавых культур пры спрыяльных умовах надвор’я.
Мікалай Лешык канстатаваў, што па ўборцы збожжа хлебаробы ідуць з невялікім апярэджаннем у параўнанні з тым жа перыядам мінулага года.
— Калі браць у дзённым выяўленні, то мы ўбіраем на 3 дні хутчэй, чым у 2025-м, — растлумачыў ён. — На раніцу 23 ліпеня намалочана амаль 1 мільён 400 тон збожжа, — ураджайнасць збожжавага поля — на ўзроўні аналагічнага перыяду папярэдняга года.
Па словах прадстаўніка Мінсельгасхарча, з апярэджаннем ідзе і ўборка азімага рапсу. І калі суаднесці ўзровень убраных плошчаў у гэтым і мінулым гадах, то сельскагаспадарчыя прадпрыемствы ўжо дадалі да вала мінулага года 45 тысяч тон.
— Астатнія плошчы будуць такія ж прадуктыўныя, і ўсе абяцанні, дадзеныя кіраўніку дзяржавы і ўраду Беларусі па рапсе, будуць выкананы, — выказаў упэўненасць Мікалай Лешык. — Тэхнічныя магчымасці, сучасны парк неабходнай тэхнікі, існуючы ў сельскагаспадарчых арганізацыях, дазваляе ў цэлым па краіне ўбіраць гэтай культуры каля 70 тысяч гектараў штодня.
— Калі прааналізаваць сказанае вамі вышэй, усё складваецца цалкам добра, уся загвоздка ў надвор’і?
— Сёння гэта адзіны фактар, які стрымлівае тэмпы ўборкі, — пагадзіўся Мікалай Лешык. — Калі казаць уласна пра тэмпы ўборкі, то яны зараз ідуць у звычайным, я б сказаў, правільным рэжыме. Уборку мы пачалі з азімага ячменю і пачалі, як я ўжо казаў, ударнымі тэмпамі. Невялікае іх зніжэнне — гэта натуральны працэс, калі мы чакаем поўнага паспявання пшаніцы, трыцікале і іншых зернебабовых, а далей тэмпы спачатку аднаўляюцца, а затым і нарошчваюцца — калі пачынаецца масавая ўборка ўсіх збожжавых культур.
Аб відах на ўраджай гэтага года начальнік галоўнага ўпраўлення Мінсельгасхарча сказаў наступнае:
— Ёсць даручэнне дасягнуць паказчыкаў не ніжэйшых за ўзровень мінулага года. Аграрыямі прыняты ўсе неабходныя меры: унесена неабходная колькасць угнаенняў, праведзены ўсе хімічныя мерапрыемствы па абароне пасеваў ад хвароб, шкоднікаў і пустазелля. Сёлета на палі выйшлі 400 адзінак новай збожжаўборачнай тэхнікі.
Мабільныя групы: не правяраць, а дапамагаць
На працягу апошніх гадоў Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання сумесна з Міністэрствам прамысловасці і Нацыянальнай акадэміяй навук працуе ў такім кірунку, як звышмагутнае машынабудаванне. Як вынік — у сёлетнюю ўборачную кампанію на хлебнай ніве Беларусі працуе тэхніка магутнасцю 350 і больш конскіх сіл.
— Адзінкавая магутнасць збожжаўборачнага камбайна ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 5 конскіх сіл, — расказвае начальнік галоўнага ўпраўлення тэхнічнага прагрэсу і энергетыкі, дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам машын і абсталявання (Галоўдзяржтэхнагляд) Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Станіслаў КАРПОВІЧ. — І гэта дазваляе з упэўненасцю сказаць, што ўсе задачы, якія пастаўлены па своечасовай і якаснай уборцы ўраджаю, будуць выкананы.
Важным фактарам Станіслаў Карповіч назваў камфортныя ўмовы для аператара — усе сучасныя збожжаўборачныя камбайны аснашчаны сістэмай кандыцыянавання. Працоўнае месца механізатара арганізавана такім чынам, што ўсе тэхналагічныя працэсы бачныя яму з камп’ютара. Такім чынам ён кіруе хутчэй, павялічваецца прадукцыйнасць працы, і нават працяглы працоўны дзень — жніво ёсць жніво — не прыводзіць да стомленасці і змянення фізічных паказчыкаў.
На жніве тэхніка не павінна падводзіць чалавека. А калі здарылася паломка, то неабходна стварыць усе ўмовы для яе аператыўнай ліквідацыі.
— Сёння на складах Белаграсэрвісу, у іншых тэхнічных цэнтрах знаходзіцца запчастак на 32 мільёны, у краіне працуюць больш за 118 тэхнічных цэнтраў, якія своечасова і якасна абслугоўваюць тэхніку як у гарантыйны, так і ў паслягарантыйны перыяд, яны ж і забяспечваюць гаспадаркі запчасткамі, — кажа начальнік галоўнага ўпраўлення. — Менавіта вось гэтыя тэхнічныя цэнтры з’яўляюцца свайго роду працягам завода-вытворцы. Для чаго? Каб своечасова і якасна ўстараняць тыя непаладкі, якія часам з’яўляюцца падчас уборачнай.
— А што вы скажаце пра функцыі створаных у краіне мабільных груп?
— Іх задача — не правяраць, а дапамагаць, прымаць аператыўныя рашэнні і мабілізоўваць намаганні для высокіх тэмпаў уборкі ўраджаю, — тлумачыць Станіслаў Карповіч. — У нас створана 18 мабільных груп — у кожнай вобласці па 6. У іх склад уваходзяць як прадстаўнікі кантралюючых органаў — Камітэта дзяржаўнага кантролю, Міністэрства ўнутраных спраў, пракуратуры, так і прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі, камітэтаў па сельскай гаспадарцы аблвыканкамаў.
Алена ВІНАГРАДАВА